Барэль: у Расіі ва Украіне сусветны рэкорд па стратах для арміі агрэсара
«Калі гэта праўда, што Расія з пачатку вайны страціла 15% сваіх ваенных, то гэта сусветны рэкорд па стратах для арміі, якая ўрываецца ў краіну», — сказаў Жазэп Барэль.
Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль заявіў, што расійскае войска, па яго даных, нясе ва Украіне вялізныя страты, піша Еўр*арадыё.
"Я б не адважыўся выказаць здагадку, як доўга Расія яшчэ зможа ўпарціцца, — цытуе яго словы ВВС. — Калі гэта праўда, што Расія з пачатку вайны страціла 15% сваіх ваенных, то гэта сусветны рэкорд па стратах для арміі, якая ўрываецца ў краіну".
Верагодна, згаданыя 15% — гэта ад колькасці расійскіх вайскоўцаў, якія былі задзейнічаныя ў нападзе на Украіну.
Мінабароны Расіі апошні раз заяўляла пра страты расійскай арміі ва Украіне 25 сакавіка. Тады была названая лічба 1351 загінулых. Папярэдні раз пра страты было заяўлена 2 сакавіка — пра амаль паўтысячы загінулых з 24 лютага (за тыдзень). На сённяшні дзень украінскі бок паведамляе пра 27900 толькі забітых расійскіх вайскоўцаў.
Тым часам ВВС склала спіс дакументальна пацверджаных страт расіян. У ім два генералы, 16 палкоўнікаў (уключна з капітанам першага рангу), 37 падпалкоўнікаў, 67 маёраў і 321 афіцэраў у званні ад малодшага лейтэнанта да капітана.