Барыс Грабеншчыкоў: Самае важнае, што мы можам зрабіць — паказаць, што магчымы выбар
Вядомы артыст, які пакінуў Расію адразу пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну, расказаў, чаму Трэцяя сусветная вайна — гэта не катастрофа, што рабіць у гэтым становішчы, і пра выбар, які робіць кожны з людзей на планеце цяпер.
— Мне пра гэта абсалютна прама сказалі людзі, якія маюць да ўсяго гэтага дачыненне, — падзяліўся на Forbes Барыс Грабеншчыкоў, які ўжо стаў фігурантам адміністрацыйнай справы аб дыскрэдытацыі расійскага войска. — Я, па-мойму, на другі дзень (пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну) сказаў адкрыта ўсё, што думаю з гэтай нагоды.
І цяпер чытаю і чую, што пра мяне кажуць. Не трэба быць сямі пядзяў у ілбе, каб зразумець, што мяне чакае.
У мяне застаецца кватэра ў Пецярбургу, у мяне застаецца маса сяброў і ўсяго астатняга, але па мудрагелістым капрызе лёсу мне можа кожны сустрэчны на вуліцы паліцэйскі нешта прад'явіць. І гэта можа аказацца не вельмі станоўчым для мяне.
І канцэрты мне граць ніхто не дасць. Пытанне ў тым, навошта? Мне больш зручна працаваць не ў турме, а на волі.
Музыкант лічыць, што ён, як і кожны цяпер, павінен дапамагаць тым, каму патрэбна дапамога.
— Я думаю, што трэба займацца тым, што ўплывае на падзеі цяпер. Музыка не ўплывае на падзеі, але яна настройвае людзей на тое, каб думаць і адчуваць самім. Прынамсі, пэўная музыка.
Ёсць музыка, якая кажа: будзь як усе, галоўнае, не выходзь з шыхтоў: правай-левай, правай-левай. А ёсць музыка іншая.
Цяперашняя сітуацыя нечакана паказала тое, што заўсёды было ў маіх песнях, але ніхто не звяртаў на гэта ўвагі. А цяпер раптам некаторыя радкі пачынаюць граць так, што я сам уздрыгваю.
Гэта нейкія словы, якія я не мог ведаць, калі пісаў гэтую песню, і раптам сёння яны трапляюць у кропку.
Трэцяя сусветная вайна — гэта не катастрофа. Гэта тое, да чаго ўсё ішло, і, здаецца, прыйшло. Усё, што адбываецца на зямлі, адбываецца для таго, каб кожны з нас, людзей, мог зрабіць выбар, мог вырашыць, што яму трэба, што не трэба, на якім ён баку, хоча ён забіваць ці не хоча, будзе ён дапамагаць ці не.
Як бы страшна і трагічна не было ўсё, што адбываецца, яно адбываецца для таго, каб кожны з мільёнаў людзей, якія прымаюць у гэтым удзел, нешта вынес з гэтага.
Хтосьці выносіць, а хтосьці не выносіць. Хтосьці працягвае забіваць, а хтосьці становіцца прафесарам Толкіенам і піша «Уладара пярсцёнкаў». Гэта было пасля Першай сусветнай вайны. На кожнага тое, што адбываецца, дзейнічае па-рознаму.
Каб дапамагчы людзям, якім ты можаш дапамагчы. Не плявузгаць языком, а праявіць сябе ў канкрэтнай справе. Таму што плявузгаць языком — рэч досыць безадказная.
Мы ведаем вельмі шмат прыкладаў, калі людзі плявузгаюць языком «за самае лепшае», а па раніцы ідуць на службу і пішуць справаздачу аб тым, хто што казаў. Таму трэба не плявузгаць, а рабіць.
І кожнае новае пакаленне заўсёды будзе сутыкацца з выбарам таго, што рабіць.
А задача ўсіх нас паказаць, што магчымы выбар, што неабавязкова ісці туды, куды цябе гоняць як статак, што магчыма ўзяць і падумаць самому.
Мне здаецца, што гэта самае важнае, што мы можам зрабіць акрамя проста фізічнай дапамогі — дапамагчы людзям зразумець, што можна па-іншаму, што ніхто цябе не абавязвае, ты не быдла і не дазваляй сябе гнаць, — падкрэсліў лідар гурта «Акварыум».
Паводле «Салідарнасці»