Барыс Грабеншчыкоў — «замежны агент». Дасье ў карыкатурах

30 чэрвеня Мінюст Расіі прызнаў Барыса Грабеншчыкова замежным агентам. Падзея знакавая, бо БГ — фактычна стваральнік савецкага і рускага року.

1_745.jpeg

Барыс Грэбеншчыкоў зрабіў сабе імя як лідар гурта «Акварыум», што быў створаны ў Ленінградзе на пачатку 1970-х. На тбіліскім рок-фестывалі 1980 года «Акварыум» паводзіў сябе на сцэне эпатажна. У тэкстах песень журы ўбачыла прапаганду гомасексуалізму.

У выніку журы ў поўным складзе пакінула залу на знак пратэсту супраць падобнай творчасці. Зрэшты, вельмі верагодна, у такой рэакцыі былі іншыя падставы. Справа ў тым, што музыкі гурта былі падобныя на выявы рокераў у савецкай сатыры —  кудлатыя і дзёрзкія. Вышэй вы бачыце адну з карыкатур часопіса «Крокодил», якая высмейвае тагачасных аматараў року.

Пра скандальны выступ у Тбілісі стала вядома ў Ленінградзе, і ў выніку БГ (такую мянушку атрымаў Барыс) пазбавіўся працы і быў выключаны з камсамола. Грабеншчыкоў і яго гурт пачалі займацца музычным самвыдатам — запісваць альбомы падпольна і тыражаваць іх на касетах. Такім чынам выходзіць і «Сіні альбом» — фактычна першы паўнавартасны падпольны рок-альбом у СССР (песні былі запісаныя ў студыі, прысутнічалі канцэпцыя і арыгінальнае афармленне).

Улады музыкаў не чапалі і нават у 1983 годзе прынялі "Акварыум" у Ленінградскі рок-клуб. Збольшага гэта можна растлумачыць тым, што Грабеншчыкоў знайшоў арыгінальны спосаб крытыкі савецкай рэчаіснасці. Тэксты песень "Акварыума" насычаны падтэкстамі, цытатамі, алюзіямі. І, нарэшце, аўтар часта апелюе да запаведзяў розных сусветных рэлігій. Нядзіўна, што фанаты любяць называць Барыса Грабеншчыкова ледзь не «Богам». Аналагічна музыку выяўлялі і ў графіцы.

2_686.jpg

Парадаксальна, аднак нягледзячы на адсутнасць вялікіх канцэртаў і вялікіх тыражоў дыскаў, дзякуючы выключна магнітафонным перазапісам, "Акварыум" становіцца вядомым аўдыторыі. У канцы 1983 года група патрапіла ў тройку лепшых у СССР па выніках першага ў савецкай практыцы апытання экспертаў, праведзенага газетай "Московский комсомолец".

Нядзіўна, што гурт заўважыла амерыканка Джаана Стынгрэй, якая прыехала ў СССР, каб пазнаёміцца з феноменам савецкага року. На свае грошы яна выдала ў ЗША тыражом 10 000 асобнікаў падвойны вінілавы зборнік савецкай рок-музыкі "Red Wave", у тым ліку з запісамі "Акварыума".

Адзін з дыскаў прадзюсары даслалі Гарбачову, а другі Рэйгану. Пасля гэтага "Акварыум" выйшаў з падполля. Іх альбомы запісваліся на дзяржаўнай студыі, іх запрашалі на ТБ, а музыка выкарыстоўвалася ў самых папулярных фільмах таго часу накшталт "Асса". Як вынік шаржы на Грабеншчыкова пачалі з'яўляцца ў самых прэстыжных выданнях.


3_615.jpg

Пасля перабудовы Грабеншчыкоў спачатку з'ехаў за мяжу, а потым вярнуўся ў расейскі шоў-бізнес. Часам ён выступаў адзін, адрадзіў "Акварыум", каб потым распусціць і прыдумаць новы праект. Пры гэтым асабліва палітычны працэс ён не каментаваў, а яго песні як правіла былі апалітычныя.

Можна нават сказаць, што нейкі час БГ нават цалкам ладзіў з Пуціным. У 2003 годзе прайшоў вялікі канцэрт у Крамлі ў гонар яго 50-гадовага юбілею. У сакавіку 2005 ён выступіў арганізатарам сустрэчы шэрагу рок-музыкаў і прадзюсараў з намеснікам кіраўніка адміністрацыі Пуціна, якая выклікала рэзананс у СМІ. Гэтую сустрэчу палічылі знакам прагрэсіўнасці Пуціна, што натхніла аднаго з мастакоў на наступны малюнак.


4_576.jpg

Аднак пасля Майдана 2014-га адносіны Грабеншчыкова з уладай пачалі псавацца. Спачатку ён заступіўся за Макарэвіча, калі таго сталі асуджаць за пракіеўскія выказванні і патрабаваць адмены ягоных канцэртаў. Затым, ужо ў 2015-м, наведаў Адэсу, дзе быў заўважаны ў кампаніі з Міхаілам Саакашвілі — смяротным ворагам Крамля. Пуцінская прэса накінулася на музыку. Свой уклад у цкаванне ўнеслі і пракрамлёўскія карыкатурысты.

5_531.jpg

Гісторыя ў Адэсе была пралогам да больш маштабнага канфлікту. Грабеншчыкоў стаў адным з першых прадстаўнікоў шоў-бізнесу, хто гучна грукнуў дзвярыма пасля 24 лютага 2022 года. Пры гэтым, з'язджаючы за мяжу, Грабеншчыкоў заявіў, што "Расія — гэта не мая краіна", а яе жыхары з'яўляюцца "псіхічна хворымі фашыстамі". За апошнія паўтара года сваёй думкі музыка не змяніў. Неяк ён нават расказаў журналістам, што перадаў частку сумы ад сваіх канцэртаў ва Украіне. Уласна кажучы, гэтыя дзеянні і сталі фармальным чыннікам для абвяшчэння Грабеншчыкова замежным агентам.

Зрэшты, нават крамлёўскія прапагандысты разумеюць, што Грабеншчыкоў і «Акварыум» – гэта важная частка гісторыі расійскага року. Таму ў расійскім афіцыёзе прапануецца асобу самога Грабеншчыкова і яго творчасць размяжоўваць.

Мяркуючы па карыкатурах у пракрамлёўскіх СМІ, знайсці такі баланс будзе цяжка.

6_400.jpg