Беларусь, якая чакае. Хто па барах, а мы па парках! (ФОТА)

Зіма няўпэўнена замацоўваецца на абшарах Беларусі, хістаючыся ад маразоў да адлігі кожныя пару дзён. У чарговы раз вызваляючы транспарт з снежнага палону прыгадалася, што мы даўнавата не завітвалі ў сталіцу. Такім чынам, сёння ладзім зімовую экспедыцыю па прыгожых мінскіх парках — вядомых і не вельмі. Тым больш, што некаторыя нашыя чытачы гэтага даўно чакалі!

Паркаў рознага кшталту ў Мінску шмат і праблема выбару была даволі складанай, але ж з першым пунктам ніякіх спрэчак не магло нават існаваць. Самы стары і вядомы кожнаму сталічнаму жыхару парк Горкага ўпэўнена трымае першае месца па папулярнасці сярод мінчукоў. Здаецца, няма ў Мінску чалавека, які хаця б аднойчы тут не пабываў. У цёплыя месяцы ў парку Горкага шмат людзей, дзіцячы гоман не сціхае да цемры, працуюць атракцыёны на любы густ. А ўзімку ўсё сціхае, і парк становіцца вельмі прывабным месцам для ціхага і спакойнага шпацыру. Хадзем і мы па знаёмых з дзяцінства месцах і сцяжынках.

Парк Горкага зусім невялікі, але ён вельмі добра і гарманічна ўпісваўся ў архітэктуру гэтай часткі праспекта Незалежнасці, пакуль не пачалося будаўніцтва комплексу, які зараз мінчукі называюць «недаКемпінскі» — гісторыю гэтага вар’яцтва мы пераказваць не будзем, бо яе лёгка знайсці. Ды і сам парк цяпер, на наш погляд, досыць перагружаны шматлікімі атракцыёнамі ў верхняй яго частцы. А вось ніжняя частка ўздоўж Свіслачы пакуль застаецца такой, якой памятаюць яе сталыя мінчукі. Бухта марака, тлустыя качкі, шматгадовыя дрэвы, маланкападобныя вавёркі — гэта і ёсць той самы стары парк Горкага.

Шпацыр шпацырам, але трэба дбаць не толькі пра сябе! У парку шмат самых розных дробных птушак, вавёрак (у гэты раз нам на вочы не трапіліся чамусьці), ля Свіслачы і мясцовых пратокаў заўсёды чакаюць качкі. Вазьміце з сабой троху пачастунку для іх, каб дапамагчы перажыць зіму. Дабрыні шмат не бывае! 

А мы зараз наведаем парк, які ў разы большы за парк Горкага, але, як не дзіўна, шмат мінчукоў аб ім толькі чулі і ані разу тут не былі. Між іншым, гэтае месца з вельмі багатай гісторыяй. Так, мы ў Лошыцкім сядзібным комплексе, які мінчукі завуць проста «Лошыцкім паркам». Надвор’е псуецца, пачынаецца завея, але насуперак усяму мы ўпэўнена крочым да старой часткі парка. Аднекуль здалёк за намі праз снег і туман пільна назіраюць шматпавярховікі Серабранкі.

Рэшткі старога млыну пакуль трымаюцца добра. Гэтыя сцены бачылі вельмі шмат, а вялізарная паляна і амфітэатр побач яшчэ зусім нядаўна штогод былі галоўнымі пляцоўкамі шыкоўнага жнівеньскага «А-Фэсту», які збіраў сотні тысяч наведвальнікаў, і хэдлайнерамі якога ў розныя гады былі такія сусветныя зоркі, як Sophie Ellis-Bextor, Modjo, Brainstorm, De Phazz, John Newman, Бумбокс і шмат хто яшчэ. Ціха спадзяемся, што яшчэ наведаем гэтую паляну ў будучыя светлыя і цёплыя часы!

Павольна крочым да сядзібы ўздоўж крутога берага. Зімовыя алеі шматгадовых дрэваў у Лошыцкім парку найпрыгажэйшыя, хто б што ні казаў і як бы не запэўніваў у адваротным! Адрэстаўраваная і рэканструяваная сядзіба ў мінчукоў выклікае розныя рэакцыі, але не будзем спрачацца на гэты конт, бо мы шпацыруем і атрымліваем асалоду ад зімы і прыгажэйшых краявідаў навокал. Аматары канапавага адпачынку ніколі такога не ўбачаць!

У Лошыцкім парку апроч разнастайных месцаў для адпачынку ля вады ёсць  прыгожы стары яблыневы сад. Ён досыць жывапісны ў любы час году, а яшчэ ў ім таксама шмат рознай жыўнасці, якая вельмі любіць чымсьці частавацца. Мы троху паспрабавалі сябе ў «бёрдвотчынгу» і адначасова «фотабёрдынгу». Ведаеце, нам спадабалася! Глядзіце, якіх красуноў знайшлі напрыканцы візіту!

Самы буйны парк у межах Мінску — «Дразды». У прыгажосці краявідаў ён можа сур’ёзна пасупернічаць з Лошыцкім, а вось па працягласці разнастайных маршрутаў ён, канешне, найпершы. Калі планаваць шпацыр па парку «Дразды», то варта разлічваць не менш чым на паўтары-дзве гадзіны, бо на меншы час гэта не мае сэнсу. І на першае наведванне раім узяць з сабой дасведчанага «правадніка», бо вялікая частка патаемных прыгажосцяў можа застацца не наведанай.

Адзін з нашых улюбёных заняткаў — глядзець на зімовыя дрэвы. Толькі ўзімку снег на мудрагеліста пераплеценых галінках робіць з магутных дрэваў фантастычныя выявы — тут кожны ўжо ўяўляе сабе нешта сваё. Далучайцеся, бо вельмі цікавы занятак, насамрэч!

Для абазнаных людзей «Дразды» — гэта не толькі парк з прыгожымі краявідамі. Гэта яшчэ і своеасаблівая гарадская Мека для назіральнікаў за птушкамі, што пасля Лошыцкіх практыкаванняў для нас стала вельмі цікавым заняткам. Тут часта можна сустрэць людзей з вялізарнымі аб’ектывамі на фотаапаратах ці з моцнымі біноклямі — гэта і будуць тыя самыя «бёрдвотчары», хаця шмат хто з іх не вельмі любіць гэтае слова. Вельмі прыязныя і ахвотна ідучыя на кантакт як маладзёны, так і людзі сталага веку, спачатку могуць троху агаломшыць навічка сваімі дасканалымі ведамі, але ж слухаць і назіраць за імі вельмі цікава. Ну і патроху досвед пераймаць! Зноўку ж, напомнім аб пачастунку для птушак — кармушак тут шмат і адным пакуначкам вы не абыдзецеся. Рэкамендуем раней падрыхтавацца і пачытаць аб тым, што лепей узяць з сабой на птушыны пачастунак.

А вось і нашыя фотатрафеі падчас шпацыру па «Драздах». Нам здаецца, што даволі нядрэнна для пачатка, але гэта ўсё патрабуе немалога фізічнага напружвання, цярпення і цёплай зручнай вопраткі.

Канешне, паркаў у Мінску значна болей, і мы будзем вельмі радыя вашым замовам і расповедам аб іх, каб паказаць усім чытачам фотасправаздачу з вашых улюбёных месцаў. І гэта зусім не абавязкова сталіца! А напрыканцы сённяшняй вандроўкі традыцыйна яшчэ некалькі фота. 

Бывайце здаровы! Чакаем на вашыя водгукі!