Беларусь, якая чакае. Мінск развітваецца з зімой (фота)
Вясна ўжо хутка пагрукаецца ў дзверы, а з ёй і прыгожае надвор’е, па якім мы так ссумаваліся. А пакуль адлічваем апошнія дні лютага і рыхтуемся да цяпла і сонца, якія абавязкова будуць. Сёння мы вырашылі прагуляцца па сталічных вуліцах і паглядзець на Мінск, што развітваецца з зімой. Гатовы да невялікага шпацыру па знаёмых месцах? Хадзем!
Лютаўскім туманам зранку мінчукоў у гэтым годзе не здзівіць. Звычайна такое надвор’е дэманструе нам сакавік, але як ён збіраецца сябе паводзіць, мы даведаемся літаральна праз тыдзень. Час пакажа, вясна прыйдзе, ну а пакуль сталічныя жыхары, уважліва гледзячы па баках і пад ногі, прабіраюцца на працу праз імглісты ранак.
На вуліцах становіцца святлей, туман неяк імгненна сыходзіць, але сонца сёння мы дакладна не пабачым — шчыльныя шэрыя аблокі надзейна схавалі ад нас неба. І да гэтага нам таксама не прывыкаць, бо сонечнае надвор’е гэтай зімой у найвялікшым дэфіцыце. Ды і працаваць трэба ў працоўны дзень, а не прыгажосцю надвор’я захапляцца.
Дзе-нідзе яшчэ застаўся снег, які хоць неяк разбаўляе перадвясновую шэрань горада і настрою. Няспешна шыбуем па вуліцах ды ўяўляем, якімі прыгожымі яны будуць ужо зусім хутка. Хаця нашмат прыгажэйшымі яны будуць пры зусім іншых абставінах. Ну вы ж усё разумееце, так? Але ж пакуль толькі чакаем вясну.
Дарэчы, на месцы 2-й гарадской бальніцы амаль завершана будаўніцтва, і, магчыма, ужо ўлетку там можна будзе і пагуляць, і адпачыць. Завіталі на будучую аглядальную пляцоўку з відам на Верхні горад і вырашылі, што лепей дачакацца летніх каляровых захадаў і тады вярнуцца па лепшыя кадры.
Часам лютаўскі вецер спрабуе здзьмуць твар з чэрапа, але мы ўпэўнена крочым і аглядаем свае мясціны, як вартаўнікі. Здаецца, усё на месцы, акрамя душы. Толькі з’явілася больш платоў, за якімі павольна ідзе нейкі будаўнічы варушняк. На вузкіх ходніках побач трэба быць уважлівымі, бо можна лёгка трапіць пад «асвяжальны» душ з-пад колаў рознага транспарту.
Лютаўскае надвор’е робіць сталічныя вуліцы нешматлюднымі нават у цэнтры. За гадзіну мы сустрэлі не больш за пару дзясяткаў чалавек. Моладзь вучыцца, дарослыя працуюць, пенсіянеры ў паліклініках — усё стабільна. Аўтамабілісты не вельмі любяць пракладваць свае маршруты праз цэнтр з-за шматлікіх непрадказальнасцей, кшталту раптоўнага закрыцця руху для праезду розных картэжаў, а вечаровыя заторы ў «час пік» ужо сталі звычайнымі.
Горад спіць. Гэта першая думка, якая прыходзіць у галаву і ніяк не пакідае яе. Мінск можа быць ветлівым і прыязным, можа быць злым і балюча крыўдным, але пакуль ён ніякі. Знаёмы стан, мы яго разумеем, але ж усё зменяць першыя промні вясновага сонца. Абуджэнне немінуча прыйдзе. Мы абавязкова ўбачым вясну.