Беларускія ўлады — у сатэлітах галоўнага сусветнага няўдачніка

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» расказвае, куды падзелася гепалітычная веліч «вялікага ўсходняга брата», а разам з ёю — і энтузіязм беларускіх уладаў.

Ілюстрацыя: twitter.com/Sergey_Elkin

Ілюстрацыя: twitter.com/Sergey_Elkin


За гэты тыдзень эрозія геапалітычнай велічы Расіі дасягнула такіх маштабаў, што стала заўважная нават моцна падслепаватым вокам. Гэта значыць, геапалітычную веліч ужо асабліва і не разгледзіш, а яе эрозія адразу кідаецца ў вочы.
Вось у збожжавую здзелку Расіі давялося вяртацца з такой паспешлівасцю, што расійскія ўлады не змаглі нават прыдумаць гэтаму вяртанню прыстойнага апраўдання. Ну а як было не вярнуцца, калі выявілася, што расійскі ўдзел гэтай здзелцы патрэбны прыкладна, як парасон крэйсеру «Масква»?
А расійскаму Ціхаакіянскаму флоту прыйшлося ўзяць зваротны курс на базу ва Уладзівастоку, таму што Турцыя адмовілася прапусціць гэты флот праз Басфор. Гэта значыць, адмовілася яна даўно, але расійскі флот ўвесь гэты час стаяў пад дзвярыма і на нешта спадзяваўся.
Вось раней можна было суцяшацца, паўтараючы адно аднаму «хай ненавідзяць, абы баяліся». А цяпер другая частка гэтага сцвярджэння страціла актуальнасць. А першая пры гэтым нікуды, што характэрна, не падзелася.
І галоўнае, не атрымліваецца прыдумаць аніякай такой разводкі, каб адразу ўсіх перамагчы. Энергетычная зброя, якой яны збіраліся утаймоўваць Еўропу, ператварылася ў гарбуз. Пагрозы ядзерным попелам ад частага ўжывання дэвальваваліся мацней, чым геапалітычная веліч. І Украіну ніяк не выходзіць завабіць у перамовы без папярэдніх умоў, нават зрабіўшы выгляд, што ніхто нікога дэнацыфікаваць і не збіраўся. Таму што словы прэзідэнта Зяленскага пра тое, што ён гатовы пагаварыць — пасля вываду расійскіх войскаў, выплаты рэпарацый і пакарання ваенных злачынцаў, — гэта ўсё тая ж адмова ад перамоваў, толькі сфармуляваная ў дыпламатычна карэктнай форме.
Гэта значыць, яшчэ нядаўна афіцыйны Мінск быў галоўным памочнікам галоўнага сусветнага злыдня. Кшталту як Харлі Квін пры Джокеры. І пагадзіся, што гэтае становішча па-свойму было нават ганаровым. Было ў ім нейкае дэкадэнцкае хараство.
А цяпер беларускія ўлады аказаліся ў сатэлітах галоўнага сусветнага няўдачніка. Такога, які нават Чыжыка не можа з'есці, каб не абляпацца. А такое палажэнне не абяцае нічога, акрамя непрыемнасцей. Таму што, гуляючы ролю памочніка, беларускія ўлады праяўлялі занадта шмат энтузіязму і асабістай ініцыятывы. Цяпер ужо колькі ні сячы дровы, а ўсё роўна ніхто не паверыць, што ты звар'яцелы, але бяскрыўдны.
І не дзіўна, што беларускім уладам усё часцей хочацца чаго-небудзь дзіўнага. Гэткага чаго-небудзь хочацца. Ці то Канстытуцыі і ўсенароднага сходу, ці то курыцы сечанай, па два рублі.