Беларускія ўніверсітэты страцілі пазіцыі ў міжнародным рэйтынгу
Беларускія ВНУ ўпалі ў аўтарытэтным рэйтынгу QS World University Rankings. У канцы чэрвеня былі апублікаваныя свежыя даныя, усяго ў рэйтынгу прысутнічаюць 1497 ВНУ са 104 дзяржаў, піша тэлеграм-канал «Настаўніцкая».

Дзе знаходзяцца найлепшыя ВНУ?
Без сюрпрызаў, у лідарах ЗША і Вялікабрытанія. Найлепшым зноў стаў Масачусецкі тэхналагічны ўніверсітэт, які ўзначальвае рэйтынг ужо больш за 10 гадоў запар. Калі ў дзясятцы лепшых у ЗША і Брытаніі парытэт (4-4), то далей ЗША выходзяць на чыстае першае месца як па прысутнасці ў топ-100 (27-17), так і па прысутнасці ў рэйтынгу ў цэлым (198-90).
Што з беларускімі ВНУ?
Рэйтынг дрэнна адбіўся на беларускіх ВНУ, усе яны значна страцілі ў пазіцыях.
БДУ страціў амаль 100 месцаў (з 288 на 387 месца) і вярнуўся на ўзровень 2016-2017 гадоў. БНТУ вываліўся з групы 751-800 і апусціўся рангам ніжэй у групу 801-850, дзе ён знаходзіўся ў перыяд 2019-2021 гадоў. БДУІР з'явіўся ў рэйтынгу ў 2021 годзе і на працягу трох гадоў уваходзіў у групу 1001-1200, але сёлета таксама апусціўся ў групу 1201-1400.
Чаму так адбылося?
Сёлета складальнікі рэйтынгу выкарыстоўвалі новую метадалогію, у якой паменшаная вага ранейшых крытэраў, у тым ліку і «суадносіны студэнтаў і выкладчыкаў», дзе былі традыцыйна моцныя нашы ВНУ. Таксама былі дададзены новыя крытэрыі: «вынікі працаўладкавання выпускнікоў», «міжнароднае навуковае супрацоўніцтва і «ўстойлівасць». І вось гэтыя крытэрыі якраз і абрынулі рэйтынгі беларускіх універсітэтаў.
«Настаўніцкая» адзначае, што рэктар БДУ патлумачыў, нібыта ва ўмовах знешняга сусветнага ціску крытэрый «міжнароднае навуковае супрацоўніцтва» не мог не пацягнуць нашы ВНУ ўніз. На думку тэлеграм-канала, гэта гучыць «як мінімум спрэчна», асабліва ўлічваючы той факт, што «міжнароднае навуковае супрацоўніцтва» не абмяжоўваецца краінамі, ад якіх такі ціск можа тэарэтычна зыходзіць.
Глядзіце таксама

Варта дадаць, што
пасля падзей 2020 года вышэйшая адукацыя ў Беларусі трапіла пад палітычныя
рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі. Шмат добрых і дасведчаных выкладчыкаў былі
звольненыя за грамадзянскую пазіцыю, арышты і крымінальны пераслед закранулі і
студэнтаў. У выніку праз тры гады пасля прэзідэнцкіх выбараў у ВНУ насаджаная
неймаверная лукашэнкаўская ідэалогія, а якасць адукацыі саступае сярод
прыярытэтаў выхаванню лаяльнасці да дзейнай улады.
Статыстыка
паказвае, што павялічылася колькасць выпускнікоў беларускіх школ, якія абіраюць
для атрымання вышэйшай адукацыі замежныя навучальныя ўстановы. Прычым не толькі
ў Расіі (гэта было трэндам і раней), але і на Захадзе.
Таксама істотна тое, што беларуская сістэма адукацыі
абавязвае выпускнікоў ВНУ, якія вучыліся на бюджэце, адпрацоўваць так званае размеркаванне,
што ў большасці выпадкаў не даспадобы моладзі. Пры гэтым у апошні час
лукашэнкаўцы часта заяўляюць пра неабходнасць яшчэ больш прывязаць учорашніх
студэнтаў да сваіх працоўных месцаў, што яшчэ больш зменшыць іх магчымасці для
самарэалізацыі.