Беларускія ВНУ цалкам выкінутыя з Балонскага працэсу

Балонскі працэс — гэта структурная рэформа вышэйшай адукацыі на еўрапейскім кантыненце. Беларусь стала яго часткай у 2015 годзе. Гэта дало пэўныя магчымасці (акадэмічныя абмены, прызнанне дыпломаў за мяжой).

bdu_4.jpg


Беларусь і Расію выключылі з Балонскага працэсу. Адпаведнае рашэнне прыняла Балонская група, а паведамляе вядомае еўрапейскае радыё.
Разам з правамі і магчымасцямі Балонскі працэс меў і абавязкі па забеспячэнні ўсіх стандартаў. Сярод іх — забеспячэнне акадэмічных свабод. Не толькі гэты стандарт, але і многія іншыя ў Беларусі не выконваліся і не выконваюцца дагэтуль.

Балонскі працэс аб’ядноўвае сістэмы вышэйшай адукацыі асобных краін у адзіную прастору. Балонскі працэс прадугледжвае выдачу супастаўных ступеняў, дадаткаў да дыпломаў, якія дакладна паведамляюць аб спецыялізацыі выпускніка. Гэта і ёсць тое самае «прызнанне дыпломаў»: адвучыўся ў Германіі — працуй па ўсёй Еўропе без дадатковай неабходнасці пацвярджаць сваю кваліфікацыю.

Беларусь была прынятая ў Балонскі працэс у 2015 годзе «авансам» — і гэта ўнікальны выпадак у гісторыі Балонскага працэсу. Звычайна краіна прыводзіць сваю вышэйшую школу ў адпаведнасць еўрапейскім патрабаванням да ўступлення ў Балонскі працэс, а не наадварот. 
Мы паведамлялі раней, што Беларусь адхілілі ад прадстаўніцтва ў Балонскім працэсе. Прычынай стала падтрымка, якую афіцыйны Мінск аказаў агрэсіі Расіі супраць Украіны.