Беларускім шляхам. Легіён «Свабода Расіі», які ваюе за Украіну, прызнаны ў РФ тэрарыстычнай арганізацыяй

Вярхоўны суд РФ 16 сакавіка абвясціў «тэрарыстычным» легіён «Свабода Расіі» — падраздзяленне УСУ, якое складаецца, як сцвярджаецца, з расійскіх добраахвотнікаў. У Беларусі беларускія добраахвотнікі, што ваююць ва Украіне, названы «экстрэмісцкім фарміраваннем».

02490000_0aff_0242_c79b_08daef2f4f17_w1023_r1_s_1.jpg

Вярхоўны Суд РФ абвясціў «тэрарыстычнай арганізацыяй» падраздзяленне Узброеных сіл Украіны, вядомае як легіён «Свабода Расіі».

Расійскі суд задаволіў пазоў Генеральнай пракуратуры РФ і забараніў дзейнасць легіёна на тэрыторыі РФ, паведамляе «Інтэрфакс».

Нагадаем, легіён «Свабода Расіі» — падраздзяленне Узброеных сіл Украіны, у якім, як сцвярджаецца, ваююць добраахвотнікі з Расіі. Колькі чалавек у яго ўваходзяць, невядома. Пра яго стварэнне абвясцілі ў сакавіку 2022 года, неўзабаве пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

У матэрыялах справы, якія прыводзяць «Інтэрфакс» і ТАСС, сказана, што легіён «Свабода Расіі» «сфарміравалі па загадзе прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з ліку грамадзян РФ з мэтай яго далейшага выкарыстання для звяржэння дзейнай улады і падрыву асноў канстытуцыйнага ладу, учыненне тэрактаў на тэрыторыі Расіі».

Па даных РАПСІ, у дачыненні да ўдзельнікаў і прыхільнікаў легіёна распачата не менш за 20 крымінальных спраў, у тым ліку па артыкулах аб дзяржаўнай здрадзе, тэрарызме і дыверсіі.

Пасля рашэння Вярхоўнага Суда ўсім удзельнікам легіёна пагражае крымінальная адказнасць па артыкуле аб арганізацыі тэрарыстычнай супольнасці.

У студзені «Св*бода» выпусціла інтэрв'ю двух байцоў легіёна «Свабода Расіі». Са слоў аднаго з іх, мэта людзей у легіёне палягае ў тым, каб «адстаяць Украіну і потым вярнуцца ў Расію са зброяй у руках».

Сярод байцоў легіёна «Свабода Расіі» — былы віцэ-прэзідэнт «Газпрамбанка» Ігар Валабуеў, які з’ехаў з Расіі ва Украіну неўзабаве пасля расійскага ўварвання. Паводле версіі праваахоўных органаў РФ, легіён кансультаваў расійскі палітык Ілля Панамароў, які з'ехаў з Расіі ва Украіну праз крымінальны пераслед за «фэйкі».


У Беларусі беларускі Полк Каліноўскага — беларускае вайсковае фарміраванне ў складзе Нацыянальнай гвардыі Украіны — прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем». Іван Кубракоў, міністр унутраных спраў Беларусі, у лістападзе мінулага года заявіў, што ўстаноўлены асобы  амаль 160 беларусаў, якія ваююць ва Украіне.

Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 года. 26 сакавіка ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны. 21 траўня было абвешчана пра яго трансфармацыю ў полк у складзе двух батальёнаў — «Волат» і «Тэрор». Пазней быў сфарміраваны трэці — «Літвін». Пасля «Тэрор» стаў асобным падраздзяленнем УСУ па-за складам палка Каліноўскага.

Паводле meduza.io, www.interfax.ru