«Вярнуцца ў РФ са зброяй у руках». Байцы легіёна «Свабода Расіі» расказалі, чаму ваююць на баку Украіны

Легіён «Свабода Расіі» — падраздзяленне ў шэрагах Узброеных сіл Украіны, якое складаецца з расійскіх добраахвотнікаў. Сваёй мэтай яны лічаць вызваленне акупаваных Расіяй рэгіёнаў Украіны, а таксама барацьбу з Уладзімірам Пуціным, які, як сказана ў маніфесце легіёна, «знішчыў не толькі расійскую эканоміку, але і магчымасць расійцаў развівацца і мець права на шчаслівую будучыню». Расійская служба «Радыё Свабода» паразмаўляла з байцамі легіёну з пазыўнымі Цэзар і Ціхі.

02490000_0aff_0242_c79b_08daef2f4f17_w1023_r1_s.jpg

Ціхі нарадзіўся ў горадзе Тальяці Самарскай вобласці, працаваў будаўніком. Перад вайной часта бываў па працы ва Украіне, а лютым 2022 года перабраўся з сям’ёй пад Кіеў на новы абʼект — там яго і заспела вайна. У пачатку лета расіец падаў заяўку ў легіён, які ваюе ва Украіне, прайшоў усе праверкі і двухмесячную падрыхтоўку і адправіўся на фронт. «Чаму ў мяне такі пазыўны? Я не аматар пагаварыць, — смяецца ён, — ды і раблю ўсё па-ціхаму». Ціхі расказаў, што ў Расію вяртацца не плануе і змагаецца выключна за вызваленне Украіны.

Ціхі

Ціхі

Цэзару 50 гадоў, ён родам з Санкт-Пецярбурга. Па адукацыі ён педагог, усё жыццё працаваў трэнерам. Ён таксама далучыўся да легіёна ў пачатку лета. Выданне «Агенцтва» сцвярджае, што Цэзар быў членам ультраправай нацыяналістычнай арганізацыі «Рускі імперскі рух» (РІД), але сам ён заявіў, што пакінуў РІД яшчэ да 2014 года.

«24 лютага — гэта быў шок. Але на другі дзень уварвання мне стала зразумела, што ўсё было зроблена вельмі бяздарна і таму хутка скончыцца. З аператыўнага пункту гледжання гэта дурдом. Механізаваны бліцкрыг, які прывёў да разгрому сіл ўварвання», — кажа ён. Спачатку Цэзар спрабаваў запісацца ў Замежны легіён (Інтэрнацыянальны легіён Украіны — добраахвотніцкае воінскае падраздзяленне, створанае ўрадам Украіны ў складзе тэрытарыяльнай абароны УСУ ў лютым 2022 года для грамадзян замежных дзяржаў, якія жадаюць ваяваць на ўкраінскім баку), але тады расійцаў у яго не бралі.

«Потым з'явіўся легіён «Свабода Расіі», я падаў туды заяўку, прайшоў адпаведныя працэдуры і апынуўся тут, — распавядае Цэзар. — Я ўжо даўно зразумеў, што легальная змена ўлады ў Расіі немагчымая, таму што ўся ўлада знаходзіцца ў руках крамлёўскай дыктатуры. Я лічыў і лічу, што змена ўлады ў Расіі магчымая толькі ў выніку ўзброенага паўстання. Мы ваюем на баку дабра — на баку Украіны. Пасля перамогі Украіны пытанне змены ўлады ў Расіі паўстане асабліва востра».

Цэзар

Цэзар

— Колькі байцоў цяпер у шэрагах легіёна «Свабода Расіі»?

Цэзар: Мы ўвайшлі ў склад другога батальёна, а зараз фармуюцца ўжо трэці і чацвёрты. Дакладную колькасць мы не можам ведаць, таму што мы размеркаваныя па ўсёй лініі фронту. Людзі тут абсалютна розныя. Ва ўсіх розныя лёсы, але нас абʼядноўвае мэта — абараніць Украіну і потым вярнуцца ў Расію са зброяй у руках. Расія сябе ўжо дыскрэдытавала, і ніякай нармальнай змены ўлады там не будзе: яны ўчапіліся ў яе і гатовы пакласці мільёны людзей, абы ўтрымацца. З імі можна разабрацца толькі з дапамогай сілы.

— У чэрвені 2022 года з'явілася інфармацыя аб тым, што былы віцэ-прэзідэнт «Газпрамбанка» Ігар Валабуеў уступіў у легіён. Дзе ён зараз?

Цэзар: Мы з ім не перасякаліся. Мы ў розных падраздзяленнях ніяк не можам пракаментаваць.

— Вы як мінамётчыкі зараз ваюеце на Бахмуцкім кірунку. Што зараз адбываецца ў раёне Бахмута?

Цэзар: Украінскае войска навязала суперніку бой на выгодных для сябе ўмовах. У той жа час палітычнае кіраўніцтва Расіі навязала расійскаму войску бой на невыгодных для яе ўмовах. Бахмут з пункту гледжання стратэгіі нічога не дае расійцам. Ім проста трэба прадэманстраваць нейкую перамогу. Яны паўгода перамолваюць свае часткі, марнуюць сотні і тысячы вагонаў з боепрыпасамі. Бабы, вядома, яшчэ нараджаюць, але вось са снарадамі ў іх ужо напружанка. Зношваюцца артылерыйскія ствалы, згарае тэхніка ў баі. Дзеля чаго? У Данецкай вобласці такіх гарадоў яшчэ штук 15. Паглядзіце на агламерацыю Славянск — Краматорск. Калі яны з Бахмутам не могуць зладзіцца, то што будзе там?

Зразумейце, што Пуцін не ведае, як выбрацца з гэтай вайны. У яго ёсць палітычная мэта — захапіць Данецкую вобласць і абʼявіць гэта мэтай вайны. Мы вельмі сумняваемся ў яго здольнасці «вызваліць» усю Данецкую вобласць — мы яшчэ за Бахмут падзярэмся, папʼем варожай крыві. Мы будзем змагацца да перамогі, хаця яна не будзе хуткай і лёгкай.

4_511.jpg

— А мясцовае насельніцтва што расказвае? Як яны да вас ставяцца?

Цэзар: Многія прыхільнікі свабоднай Украіны пакінулі Бахмут — маладзейшыя, бадзёрыя. Засталося шмат старых — у іх у галаве яшчэ Савецкі Саюз. «Ждуны» «рускага свету» тут таксама ёсць. Ёсць і маргіналы — наркаманы, алкаголікі. Ёсць людзі, якія супрацоўнічаюць са спецслужбамі РФ. У той самы час тут шмат людзей, якія нас падтрымліваюць. Гэта вельмі прыемна, калі людзі крычаць табе «Слава Украіне». Ты разумееш, што ты не дарма стаіш на гэтай зямлі.

Ціхі: Людзі ўвесь час у пошуках вады, ежы, цяпла, таму здаецца, што яны ўсе на нас узлаваныя. Але яны могуць быць узлаваныя не на нас, а на сітуацыю, у якой апынуліся.

— Як мабілізацыя паўплывала на ход баявых дзеянняў? Мы бачылі прарыў УСУ на Харкаўскім напрамку, вызваленне ўсёй вобласці. Цяпер жа наступленне УСУ прасоўваецца даволі павольна, а расійскія войскі, як сцьвярджаюць ваенныя эксперты, наадварот, маюць поспехі на некаторых напрамках.

Цэзар: Вядома, мабілізацыя паўплывала на гэтыя працэсы, але ролю гуляе яшчэ і недахоп узбраення ва УСУ. Калі б мы зараз атрымалі тыя самыя сілы і сродкі, якія запытваў генерал Валерый Залужны, то пытання разгрому суперніка не стаяла б сёння ў прынцыпе. Жалеза мацнейшае за мяса. Вы бачыце, што HIMARS робіць: 20-30 машын пераламалі хаду вайны, і гэтых машын у Захаду яшчэ сотні. Танкаў у іх тысячы, а пра авіяцыю я ўвогуле маўчу. Калі б ва Украіны была хаця б малая частка гэтай зброі, мы б ужо з Ціхім адзначалі нашу перамогу дзесьці на пляжы ў Крыме.

5_474.jpg

На жаль, Захад прагматычны і вельмі доўга разгойдваецца. Калі б Пуцін ведаў, што яму адразу пераламаюць хрыбет, то ні нападзення на Грузію, ні нападзення на Украіну не было б.

— Вы сказалі аб сілавым пераходзе ўлады ў Расіі. Пры якіх абставінах гэта магчыма?

Цэзар: Пуцін будаваў дэгенерацыйную дзяржаву, а сваім нападам на Украіну ён спрабаваў вырашыць унутраныя праблемы. Маленькая пераможная вайна, «СССР 2.0», папулярнасць будзе расці, народ будзе задаволены, таму што імперскія амбіцыі расійцаў яшчэ не згаслі, — так павінна было быць, а па факце Пуцін атрымае найцяжкую ваенную паразу. Эліты і народ будуць лічыць, што вінаваты менавіта ён.

Дзяржава ўжо страціла манаполію на гвалт — паглядзіце на Прыгожына і Кадырава. З'явіліся губернатары з дабраахвотніцкімі батальёнамі. Аднойчы прэзідэнт Татарстана можа проста сказаць: «Хлопцы, навошта мне вашыя праблемы? У мяне ёсць нафта, газ і чатыры батальёны, давайце неяк без мяне».

Пасля «магілізацыі» Пуцін рэзка падняў стаўку: раней ваявалі «зялёныя чалавечкі», а ўмоўны Вася з Саратава сядзеў з півам ля тэлевізара. Зараз Васю трэба падняцца, залезці ў халодны акоп пад Бахмутам, а там яму на галаву прыляціць наша з Ціхім міна. Тут у Васі настроі могуць памяняцца. Калі Вася добра падумае, то, можа, і да нас далучыцца і мы разам пойдзем на Маскву. Вася, давай добра падумай!

6_352.jpg

— А ці гатовыя расійцы да сілавога сцэнарыя?

Цэзар: Насельніцтва ніколі не будзе гатова. У грамадзянскай вайне ў Расіі прымаў удзел адзін працэнт усяго насельніцтва. Што такое адзін працэнт сёння? Гэта паўтара мільёна чалавек. Гэтага хопіць, каб разабрацца з усімі злачынцамі. Тут пытанне не ў колькасці, а ў матывацыі, падрыхтоўцы і рэсурсах.

Да ўсяго трэба прыйсці. Людзі павінны даспець, ім трэба даць карціну іншай будучыні. Калі людзі ўбачаць, што ёсць карціна будучыні, ёсць людзі, гатовыя за яе змагацца, вось тады дастаткова вялікая колькасць адэкватных людзей пойдзе за імі. Мы зараз фармуем такую субʼектнасць. Мы гатовы ўзяць на сябе адказнасць за сваю краіну. Крамлёўскія нуварышы не маюць права кіраваць народам — яны даўно сябе дыскрэдытавалі.

Я ваюю на баку дабра і буду абараняць Украіну да апошняга. Калі я да канца гэтай вайны застануся жывы, то я тым ці іншым спосабам патраплю ў Расію і буду далей ваяваць за волю.