«Трэба дапамагаць жывым, трэба помсьціць за мёртвых». Дзяніс Урбановіч — пра вайну, раненьні і жыцьцё на перадавой

Былы старшыня «Маладога Фронту» і цяперашні баец батальёну «Волат» палку Каліноўскага даў інтэрвію «Радыё Св*бода», у якім расказаў, як атрымаў тры раненьні, чаму застаецца ваяваць і ці ўступіць Беларусь у вайну на баку Расеі.

Дзяніс Урбановіч

Дзяніс Урбановіч


Былы старшыня «Маладога Фронту» Дзяніс Урбановіч пасьля трэцяга раненьня, атрыманага ў баях за Бахмут, другі раз праходзіць мэдычную камісію. Першая спроба атрымаць дазвол мэдыкаў на вяртаньне на фронт для беларускага ваяра з пазыўным «Ваўкалак» была няўдалай — застаецца праблема зь пячонкай, пашкоджанай у выніку кулявога раненьня. Дзяніс спадзяецца прайсьці камісію з другой спробы і ўжо зноў зьбіраецца на фронт пад Бахмут, піша «РС».

«Што мне два рабры часткова выдалілі, як кулю даставалі, ведаў адразу. Але толькі празь месяц мэдык сказала, што мне яшчэ і пячонку зашывалі. Там, куды куля трапіла, нейкая пухліна вылезла, таму адразу на фронт не дазволілі», — расказаў Дзяніс пра вынікі першага мэдагляду.

Баец кажа, што спачатку ад вынікаў камісіі моцна разгубіўся, нейкі час не знаходзіў сабе месца, але цяпер узяў сябе ў рукі, адкінуў сумневы і праходзіць камісію зноў.

«Усё будзе добра. Яшчэ падлячуся і вярнуся. Не ўяўляю, што б рабіў дзе ў Польшчы, пакуль хлопцы працягваюць ваяваць. Ня кіну іх. Трэба дапамагаць жывым, трэба помсьціць за мёртвых. Можа, не адразу пачну выходзіць на баявыя заданьні, але што вярнуся — гэта дакладна. Ужо бачыўся з „Генэралам“ (пазыўны непасрэднага баявога камандзіра Дзяніса Ўрбановіча. — РС), той кажа, што занятак мне знойдзе», — падзяліўся плянамі былы маладафронтавец.

Што адчуў, калі куля трапіла ў цела? Баец параўноўвае момант з ударам кулаком і кажа пра моцны штуршок. Адразу скаціўся ў роўчык, зброя з рук вывалілася.

«Падумаў пра тых дваіх, якія са мной былі, што ім кранты. У самога паветра ў лёгкіх перахапіла, дыхаць не магу. Ледзь змог па рацыі сказаць, што я трохсоты — значыць, паранены. Атрымліваецца, што я ляжу, а за ўзгоркам — расеец з аўтаматам, а я без аўтамата. І вылезьці не магу, бо вельмі шчыльны агонь — расейцы пачалі свайго падтрымліваць. Хмызьняк проста сячэ. Але паляжаў і вырашыў пайсьці: падстрэляць дык падстрэляць. Прайшоў мэтраў 15, зьняў браню і гляджу — дзірка ў грудзіне, кроў сочыцца. Тады хлопцы мяне сустрэлі, аказалі першую дапамогу. Ужо адчуваў моцны боль, але яшчэ пасьпеў па рацыі запрасіць дапамогу, кулямётчыкаў. Тут вяртаюцца два хлопцы, якія са мной былі. Абрадаваўся за іх. Парамэдык прабіў мне іголкай грудзі, выпусьціў паветра. Але ў лёгкіх ужо была кроў, ігла забівалася. Тады ўваткнуў другую іглу, і я стаў нармальна дыхаць. Паставілі катэтэр, укалолі наркотык. Нават не разбаўлялі, увесь. Бок вельмі моцна балеў, і я зразумеў, што там недзе куля, у рэбрах. Але вакол ідзе бой, страляніна. Наперадзе вораг, па баках вораг, і ззаду вораг спрабуе прарвацца. Як выйсьці? І тады я зноў проста падняўся і пайшоў да сваіх. І гэтак выйшаў да мэдыкаў, і павезьлі мяне на эвакуацыю. А як давезьлі, дык сказалі, што ў мяне, аказваецца, сэрца спынялася недзе на 40 сэкундаў».


Дзяніс вяртаецца да дэталяў апошняга для сябе бою. Кажа, што перад выхадам на заданьне ведаў, што бой будзе цяжкі. Байцоў-беларусаў зь ім было 14, яшчэ ў дапамогу далі 10 украінцаў. Разьлічвалі, што дзень правядуць на новых пазыцыях, але ноччу ім перадалі, што рускія ззаду, атакуюць дамы. Тады беларусы зразумелі, што адысьці не выпадае, будуць стаяць там да канца, пакуль не адаб’юцца ад ворага. І выстаялі. Праўда, панесьлі страты — 6 параненых.

Урбановіч кажа, што ня хоча кідаць сваю частку ў тым ліку праз стаўленьне да яго камандзіраў. Згадвае проста: «Кіраўніцтва абароны Бахмута задаволенае тым, як ваюе мая група. Ня раз чуў, як казалі: «Туды пойдзе група „Ваўкалака“, яны больш падрыхтаваныя».

Паводле Дзяніса Ўрбановіча, у батальёне «Волат», у складзе якога ён ваюе камандзірам групы, шмат маладафронтаўцаў. Прозьвішчаў баец не называе, бо ня ўсе хочуць, каб пра іх стала вядома. Дый не вядомасьць галоўнае, мяркуе Дзяніс.

«Мы ўсе кляліся, што будзем змагацца, у тым ліку помсьціць за нашых сяброў, якія загінулі. Ды нам і здавацца ў палон нельга. Пакуль што будзем ваяваць і адначасова фармаваць беларускае незалежнае войска. Людзей да нас пад’яжджае ўсё больш. Калі мы полк Каліноўскага, дык хацелася б, каб нас было столькі, колькі патрэбна для поўнага складу. Але пакуль ваююць толькі два батальёны: наш — «Волат», і другі — «Літвін».


Урбановіч не выключае, што рэгулярныя вайсковыя часткі Беларусі могуць далучыцца да агрэсіі супраць Украіны. Жаўнер спасылаецца на крыніцы ў Беларусі, ад якіх чуў пра падазроную вайсковую актыўнасьць.

«Усіх сяброў, хто служыў са мной у Мар’інай Горцы, усіх прызвалі наноў. З адным я паразмаўляў. Той сказаў, што нашых сяброў прызвалі, некаторых толькі адпусьцілі, але большасьць пагналі ў бок Пінску. Як прыехалі, адразу паступілі пад камандаваньне рускіх камандзіраў з „Вагнэра“, якія тлумачылі, як забіваць, як рэзаць. І другіх фактаў хапае. Таму мяркую, цалкам верагодна, што Лукашэнка вырашыць дапамагчы Пуціну людзьмі, ня толькі тэхнікай ці навучаньнем. Нават не выключаю, што асобныя нашыя аддзелы ўжо ваявалі. Летась, як расейцы заходзілі ў Бучу, сярод іх былі і беларускія СОБРаўцы. Як той казаў, „для падвышэньня кваліфікацыі“. Украінцы ў шпіталі расказвалі, як білі беларусаў на Чарнігаўшчыне і як тыя, калі адступалі, кідалі запіскі, прасілі выбачэньня. І ў некаторых з тых, каго перабілі на трасе да Кіева, былі беларускія знакі, беларускія сьцяжкі», — расказаў Урбановіч. Пацьверджаньняў гэтай інфармацыі ў іншых крыніцах няма.

Дзяніс прызнаўся, што ва Ўкраіне ў яго была дзяўчына, з Запарожжа, але пасьля другога раненьня яны рассталіся. Гэтая страта яму дагэтуль баліць ня менш за раненьне.

«Пасьля майго другога раненьня дзяўчына захацела, каб сышоў з войска, паклаў рапарт аб звальненьні. Сказаў, што не, буду далей ваяваць. А раз гэтак — усё. Разышліся. Ну, нічога. Цяпер батальён — мая сям’я, безь якой мне ніяк. Баявое сяброўства, пасьля таго як цябе выцягнулі параненага з поля бою, становіцца яшчэ мацнейшым, я б сказаў, непераадольным. А мяне пасьля другога раненьня якраз выцягвалі непрытомнага з поля бою. І што, я пасьля гэтага хлопцаў кіну?».


Ёсьць і другая прычына, чаму ня хоча «сыходзіць у адстаўку», прызнаецца Ўрбановіч.

«Яшчэ не пакідае ідэя беларускага незалежнага войска, якое чакаюць у Беларусі. Трэба нам мець гэткае ж фармаваньне, як батальён „Азоў“ ва Ўкраіне. Яны робяць вельмі вялікую справу. Там людзі зь вялікім баявым досьведам і вялікія патрыёты, усе размаўляюць на роднай украінскай мове. Нам падобныя часткі вельмі патрэбныя».


Цалкам інтэрвію з Дзянісам Урбановічам чытайце на «Радыё Св*бода».