25 гадоў «Маладому Фронту»! На вайне і за кратамі. Як склалася жыццё лідараў арганізацыі?

У 1997 годзе адбыўся I з’езд самай значнай моладзевай дэмакратычнай арганізацыі Беларусі — «Малады Фронт». У гэты дзень у залі ДК «Сукно» на сённяшняй вуліцы Матусевіча сабраліся 237 дэлегатаў арганізацыі з ўсёй краіны. Прайшло 25 гадоў, заснавальнікі «Маладога Фронту» за гэты час, разам ці паасобку, прайшлі вялізны шлях, але засталіся вернымі прынцыпам, сфармуляваным шмат гадоў таму. Мы паспрабавалі прасачыць шлях годных беларусаў, чые імёны звязаныя з легендарным «Маладым Фронтам».

00191_logo_1.jpg

Заснаваны ў 1997-м, «МФ», як можна здагадацца, не атрымаў рэгістрацыі ў лукашэнкаўскім Мінюсце, хаця чальцы арганізацыі спрабавалі зарэгістравацца пяць разоў. «Дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі» заўжды была зручнай падставай для арышту маладафронтаўцаў. У 2008-м арганізацыя ўсё ж атрымала афіцыйную рэгістрацыю ў Чэхіі. А менш за месяц таму, 12 жніўня 2022 года рэжым Лукашэнкі ўвогуле прызнаў уплывовае апазіцыйнае аб’яднанне «Экстрэмісцкім фармаваннем».

Павал Севярынец

У 1995 годзе 19-гадовы Павал Севярынец стаў чальцом БНФ, а праз два гады быў абраны сустаршынёй «Маладога Фронта» ад Мінску.

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

Уявіце сабе: толькі што развалілася вялізная імперыя, Беларусь сталася незалежнай. І ў гэты самы момант у моладзі, якая толькі-толькі адчула сябе гаспадарамі сваёй краіны, спрабуюць забраць будучыню, то бок усталяваць прасавецкую дыктатуру. Ударная хваля, тысячы маладых людзей выходзяць на масавыя маніфестацыі, а затым крышталізуюцца ў «Малады Фронт»: бел-чырвона-белы сцяг, «Жыве Беларусь!», усё на эмоцыях, цябе літаральна паліць знутры, ты павінны нешта змяніць, нешта зрабіць! Вось гэта і быў «Малады Фронт» сярэдзіны 90-х, — узгадваў 5 гадоў таму Павал Севярынец атмасферу і асабісты настрой падчас стварэння арганізацыі ў эфіры Е*рарадыё.

Таксама заснавальнік МФ адзначаў факт вялізнай цікавасці беларускай моладзі да арганізацыі:

«Кожны чацвер у Мінску, на колішняй Варвашэні, 8 мы штотыдня прымалі ў «Малады Фронт» ад 8 да 25 чалавек. Гэта толькі цэнтральнае паседжанне. А яшчэ ў кожнай радзе былі дзясяткі людзей. У Віцебску, напрыклад, у Маладым Фронце быў цэлы клас».

Цікава, што ў гэты ж дзень, 6 верасня святкуе 20-гадовы юбілей яшчэ адно беларускае моладзевае аб’яднанне — БРСМ. Ідэалагічна бездакорная арганізацыя, якая асацыюецца ў запісаных туды пад прымусам беларускіх студэнтаў і школьнікаў толькі са штомесячнымі абавязковымі ахвяраваннямі, — адзінае, што рэжым быў здольны прыдумаць у якасці альтэрнатывы «Маладому Фронту».

І вядома, рэжым змагаўся, аказваючы неверагодны ціск на чальцоў арганізацыі напрацягу ўсяго часу яе існавання.

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

Першы арышт Паўла Севярынца не прымусіў сябе чакаць. На Валадарцы актывіст апынуўся ў 1998 годзе, з годнай фармулёўкай «за зрыў канцэрта, прысвечанага аб'яднанню Расіі і Беларусі». У тым жа годзе крымінальная справа была закрытая без тлумачэння з боку ўлады. Але ж тыя два месяцы аказалі моцны ўплыў на жыццё Паўла. Менавіта тады, на Валадарцы, Севярынец стаў хрысціянінам. Таццяна Севярынец, маці Паўла, узгадвала ў інтэрв'ю «Новаму Часу»:

«Ён вярнуўся вернікам. Для мяне гэта было настолькі нечакана! Сям’я ў нас была звычайная, свецкая. Мой хлопчык, рафінаваны такі інтэлігент, які заўсёды быў любоўю сясцёр, з якога бабулі пыл здзьмувалі, аказаўся ў невыносных умовах. Было страшэнна, што маё дзіця праз такое праходзіць. Цяпер я ўжо сама ведаю, што гэта такое. Тым не менш, не магу дачытаць яго кнігу «Каменнае сэрца». Там ён апісвае жахі зняволення. Калі дачытаю, пэўна адразу памру».


«Ён вярнуўся не іншым чалавекам. Павал проста ўпэўніўся ў тым, што яго прынцыпы слушныя, што ён змагаецца за дабро са злом, што ён на правільным шляху», — казаў бацька Паўла Кастусь.

Пазней Павал быў арганізатарам і ўдзельнікам шматлікіх прыгожых пратэсных акцый, а ў 2005 годзе асуджаны на тры гады абмежавання волі па абвінавачанні ў арганізацыі акцый супраць балатавання Лукашэнкі на трэці прэзідэнцкі тэрмін.


Пасля вяртання на волю Павал стаў сустаршынём партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. Як прадстаўнік партыі сустракаўся з прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам-малодшым, дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райз.

За ўдзел у Плошчы-2010 Севярынец быў прысуджаны да трох гадоў за кратамі па артыкуле КК 342, які сёлета стаў «народным».

У 2014 годзе Павал Севярынец пабраўся шлюбам з Вольгай Шылак.

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

Так Павал узгадваў знаёмства з будучай жонкай:

«На той момант я цвёрда трымаўся пазіцыі "Спачатку перамога ― а потым сям'я". Але я не мог дапусціць, каб такая дзяўчына проста прайшла міма і пакінула пасля сябе толькі свой цудоўны погляд».


У пары расце сын. Сёння Вольга і маленькі Францішак чакаюць тату на Волі. 7 чэрвеня 2020 года Павал быў арыштаваны падчас пікета ля Камароўкі. 25 траўня 2021 года Паўлу Севярынцу прысудзілі 7 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

З-за кратаў тата дасылае Францішку кранальныя малюнкі, а каханай жонцы аднойчы даслаў букет ружаў, падкрэсліўшы, што «Няма межаў, каб сказаць кахаю».


Зміцер Дашкевіч і Наста Дашкевіч (Палажанка)

Зміцер Дашкевіч далучыўся да «Маладога Фронту» ў 2001 годзе, ва ўзросце 20 гадоў. Праз тры гады да арганізацыі далучылася будучая жонка Змітра, а тады яшчэ 14-гадовая дзяўчынка Наста Палажанка.

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

У 2006 годзе Дашкевіч быў абвінавачаны ў «дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі» і прысуджаны да 6 месяцаў пазбаўлення волі. З 2008 па 2017 год Зміцер Дашкевіч быў старшынёй «Маладога Фронту», а Наста Дашкевіч (Палажанка) — намесніцай старшыні.

Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года Зміцер Дашкевіч арганізаваў кампанію «Сыходзь». Неўзабаве быў арыштаваны па абсурдным абвінавачанні нібыта за бойку з мінакамі (па словах Дашкевіча, «мінакамі» былі супрацоўнікі спецслужбаў у цывільным, якія напалі на актывіста і ягонага сябра Эдуарда Лобава). Суд прысудзіў старшыні «Маладога Фронту» два гады калоніі за «асабліва злоснае хуліганства».

У сакавіку 2011 года джяржсакратар ЗША Хілары Клінтан уручыла Насці Міжнародную жаночую прэмію за мужнасць, а праз два месяцы беларускі суд прызнаў Палажанку вінаватай у «арганізацыі групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак або ўдзеле ў такіх дзеяннях» і прысудзіў ёй адзін год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай.


У 2012 годзе, падчас адсідкі, Зміцер Дашкевіч быў асуджаны ў чарговы раз — за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі». Змітру Дашкевічу прысудзілі яшчэ адзін год за кратамі.

У гэтым жа годзе ў зняволенні Зміцер Дашкевіч і Настай Палажанка пабраліся шлюбам. Калі Зміцер выйшаў на волю, пара згуляла паўнавартаснае вяселле.

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

23 сакавіка 2022 года ў кватэры Дашкевічаў адбыўся ператрус. Актывіста затрымалі па адміністрацыйным артыкуле. Пазней Змітру і Насці выставілі абвінавачанне ўжо па крымінальным артыкуле — «народным» 342 («групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Пракурор запрасіў для актывістаў 1,5 гады пазбаўлення волі. За месяц да судовага паседжання Наста Дашкевіч нарадзіла чацвёртае дзіця.

Калі мяне арыштоўвалі на Акрэсьціна па крымінальнай справе, таксама губопаўцы сьмяяліся: «Жонка будзе нараджаць у турме». Я думаў, што гэта самы страшны дзень у маім жыцьці, але сёньня, напэўна, яшчэ страшнейшы, — эмацыйна прамовіў тады ў судзе Зміцер Дашкевіч. — Настачка, прабач мне, што я цябе ў гэта ўцягнуў. Ня мог уявіць ніколі, што такое можа з намі адбыцца. Я ўвесь час разважаў, што я нясу гэты крыж, але я ня мог падумаць у страшным сьне, што я ўскладу гэты крыж на цябе. Даруй мне, што я так мала думаў пра цябе. Я кахаю цябе і малюся за цябе і за нашых дзетак, за неданошанага Даніільчыка нашага (плача). Ты сьвятая жанчына. Я ня ведаю такіх. Даруй, што я падвёў цябе.

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

Суддзя Таццяна Пірожнікава прызнала абодвух актывістаў вінаватымі і прысудзіла  Змітру Дашкевічу 1,5 год за кратамі, а Насці Дашкевіч — тры гады «хатняй химіі».

Дзяніс Урбановіч

Пра абаронцу Курапатаў Дзяніса Урбановіча, які ўзначальвае «Малады Фронт» з 2018 года, вядома няшмат. Мужчына нарадзіўся ў вёсцы Міхалкавічы Лагойскага раёну. Ён ганарыцца сваімі каранямі.

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

«Я сваяк Адама Варлыгі (Язэпа Гладкага), заснавальніка першай беларускай школы ў Барысаўскім павеце, аўтара «Беларускага лемантара». Я нават жыў у ягонай хаце. Там вісела шыльда, але пры вобшуках у 2015 годзе знялі. Адам Варлыга — мой стрыечны дзядзька. Ягоны брат Казімір Гладкі быў расстраляны ў Курапатах», — казаў Дзяніс Урбановіч у інтэрв’ю «Нашай Н*ве».

Падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2015 годзе будучы кіраўнік «Маладога Фронту» Дзяніс Урбановіч зняў чырвона-зялёны сцяг з выбарчага участку ў вёсцы Кораншчына Лагойскага раёну, а на шыльдзе з надпісам «выбары» напісаў «за празрыстыя выбары», за што на два гады быў пазбаўлены волі.

Пасля выхаду на волю ў 2017 годзе Дзяніс Урбановіч уступіў у партыю Мікалая Статкевіча «Народная Грамада». Урбановіч адзначаў, што праз крымінальныя і адміністрацыйныя артыкулы ў біяграфіі мае цяжкасці з працаўладкаваннем.

«У Мінску працаваць не магу, бо знаходжуся пад наглядам, а ў Лагойску ніхто не бярэ. Нават начальнік Лагойскай міліцыі Дзмітрый Мілашэўскі пры мне званіў у калгас, каб мяне ўзялі туды працаваць. Сказалі, што Урбановіча з такімі крымінальнымі артыкуламі не возьмем», — казаў грамадскі актывіст.

Дзяніс Урбановіч працаваў на будоўлі і збіраўся аформіць ІП, каб займацца рамонтам кватэр. Але ў 2021 годзе Дзяніс Урбановіч разам з паплечнікам па «Маладым Фронце» Віталём Трыгубавым з’ехалі з Беларусі ў Кіеў праз крымінальны пераслед.


Ва Украіне мужчына збіраўся вярнуцца да працы будаўніком, але ж жыццё склалася інакш. Пасля ўварвання Расіі ва Украіну Дзяніс Урбановіч і яшчэ шэсць маладафронтаўцаў запісаліся ў беларускую роту тэрабароны «Азова». Урбановіч атрымаў пазыўны «Ваўкалак».

Спаў, чую — раз бахнула, потым другі. Мяне пабудзілі, кажуць: гэта расейскія ракеты. Залез у інтэрнэт, бачу, што Расея напала на Украіну. Сталі перазвоньвацца са сваімі хлопцамі, куды далучацца. Ідзем на вайну? Ідзем, адказваюць, — узгадвае кіраўнік «Маладога Фронту» пачатак вайны ў інтэрв’ю Р*дыё Св*бодзе.

Зараз Урбановіч ваюе ў складзе Палка Каліноўскага. У траўні, падчас баёў на поўдні Украіны, кіраўнік «Маладога Фронту» атрымаў кантузію, суткі быў непрытомны.

urabanovicz_z_ukrainskim_vajskoucam_u_szpitali.jpg

«Калі мы выканалі задачу, то пры адступленні па нас пачаў весціся агонь. Я па сёння не разумею, з чаго па нас стралялі. У выніку за мэтар ад мяне разарваўся ці снарад, ці міна. Кажуць, што мне пашанцавала моцна, бо магло пасекчы аскепкамі, а ў мяне ўсяго толькі кантузія. Выцягваў мяне адтуль пад абстрэламі іншы маладафронтавец, Сяргей Пальчэўскі», — узгадваў Дзяніс Урбановіч.

Праз мацнейшы 25-гадовы ціск з боку рэжыму, сёння ў складзе «Маладога Фронту» засталіся толькі самыя моцная і свядомыя беларускія юнакі. Таму апошнім часам лік чальцоў арганізацыі ідзе ўжо не на тысячы, а на сотні. А пасля прызначэння рэжымам «Маладому Фронту» пачэснага статусу экстрэмісцкага фармавання — увогуле на дзясяткі. Застаецца толькі здагадвацца, якой была б беларуская моладзь, каб пасля нават сціплых выказванняў ўласнага меркавання яе прадстаўнікам не пагражалі арышты. Але ж, мяркуючы па тым, які інтэлігентны і годны адпор маладзёны сёлета далі падчас «адкрытага ўроку», адрадзіць «Малады Фронт» будзе не складана.

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага