Маладафронтаўцы Дзяніс Урбановіч і Віталь Трыгубаў з'ехалі з Беларусі

«Мы ўжо ў Кіеве», — паведаміў Дзяніс Урбановіч пра сябе і Віталя Трыгубава, разам з якім перабраўся ва Украіну. Расказаць больш падрабязна пра тое, як гэта ўдалося зрабіць, Дзяніс адмовіўся, спаслаўшыся на меркаванні бяспекі, піша «Радыё Свабода».

Дзяніс Урбановіч

Дзяніс Урбановіч


«Адно скажу, што гэта быў нелегальны шлях. Часам было нават страшна, даводзілася канспіравацца. Але баяўся не столькі за сябе, колькі за тых людзей, якія нам дапамагалі і засталіся на радзіме. Каб ім не пагоршыць становішча, пра дэталі прамаўчу».
Дзяніс і Віталь падалі заявы на часовы побыт, чакаюць адказу.
У Беларусі на Дзяніса Урбановіча як на лідара «Маладога фронту» былі складзеныя дзясяткі пратаколаў, агулам ён адбыў за кратамі больш за 200 дзён. Найбольш — за абарону Курапатаў, але некалькі апошніх арыштаў — за падзеі пасля выбараў. Дзяніс кажа, што мог яшчэ трываць і арышты, і здзекі ў камерах на Акрэсціна, але апошняе затрыманне ў Мазыры паказала, што далей гаворка будзе не пра содні, а пра гады за кратамі.


«Калі раней былі толькі „адміністратыўкі“, дык у жніўні абвясцілі пра завядзенне крымінальнай справы па 342 артыкуле (Арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. — РС). Нас з Віталікам затрымалі спачатку ў Нароўлі. Потым выпусцілі, але праз дзень затрымалі ўжо ў Мазыры. Нібыта мы там 10 жніўня мінулага года, на наступны дзень пасля выбараў, нешта зладзілі. Але гэта лухта. Віталь у тыя дні сядзеў пад арыштам, а я быў у Мінску. У выніку праз 3 дні мазырскія міліцыянты нас адпусцілі пад падпіску пра нявыезд з краіны, але дамоў мы ўжо не вярнуліся. Ведаю, што да майго бацькі на Лагойшчыне прыходзілі, мяне шукалі, да сястры прыходзілі. Віталіка таксама шукалі. Ну і вось — цяпер мы тут».

«Бацька яшчэ не ведае, што я за мяжой»

Бацьку Дзяніса Урбановіча 74 гады, ён ужо даўно на пенсіі. У вёсцы без гаспадаркі не пражывеш: куры, сад, агарод. Таму Дзяніс перажывае, што цяпер не мае магчымасці дапамагаць.
«Шмат ведаю тых, хто з'ехаў з думкай, што вось-вось вернецца, літаральна ўвесну, але атрымалася інакш. І пакуль канца эміграцыі не бачна. Разлічваю на год расстання, але можа быць і больш. Бацька яшчэ не ведае, што я ўжо за мяжой. Днямі паспрабую неяк звязацца, але гэта складана, бо ён жыве ў вёсцы. А прыехаць, каб развітацца, я не адважыўся. Хутчэй за ўсё, за хатай сачылі», — мяркуе актывіст.
Дзяніс са шматдзетнай сям’і, пра якую расказвае з любоўю і з прыхаваным болем адначасова:
«Мой бацька, Іосіф Іосіфавіч, раней быў прадпрымальнікам, займаўся продажам мяса, паважаны на вёсцы чалавек. Але ўжо даўно на пенсіі. Нас у яго чацвёра, і ён усіх дзяцей выгадаваў сам, бо як мне было 7 год, маці нас кінула. Я ў яго старэйшы сын, яшчэ ёсць два сыны і дачка. Мы вельмі дружныя і блізкія па поглядах».
Калі Дзяніс адбываў арышты, некалькі разоў яго моцна збівалі. Гэта адбілася на здароўі.
«Мне бацька калісьці казаў, што як пойдзеш у апазіцыю, дык рыхтуйся да турмы і таго, што ўсё жыццё потым будзеш лячыцца. Відаць, да таго ідзе сапраўды», — усміхаецца Дзяніс Урбановіч. Але дадае, што наракаць яму на лёс не даводзіцца, бо ў іншых, як, напрыклад, у Міколы Статкевіча, частка жыцця за кратамі вымяраецца гадамі. Але яны трымаюцца, не здаюцца.

«Ходзім па вуліцах няшмат, толькі па справах»

У Кіеве Дзяніс пакуль прыглядаецца да новых рэаліяў, нават па вуліцах, як кажа, гуляе няшмат і з аглядкай. «Бо тут ёсць іншая небяспека, пра якую сябры папярэджваюць. Што сярод уцекачоў-беларусаў могуць быць „агенты“ ад лукашэнкаўскіх спецслужбаў, таму асцярожнасці ўсё ж не губляем».
Часта размаўляе з украінцамі. Чым найчасцей цікавяцца ўкраінскія суразмоўцы?
«Што ў нас адбываецца, за што затрымліваюць людзей, за што саджаюць на тэрміны. Жахаюцца парадкамі, якія ўвёў Лукашэнка. У ім расчараваліся, ужо не сустракаў такіх, хто называе яго „бацькам“. Нават абмяркоўваюць, што ён не супраць прыхапіць кавалак Украіны. Але найбольш здзіўляюцца цярплівасці беларусаў. Пра сябе кажуць, што яны б такога не вытрымалі».
Паводле Дзяніса, у яго не раз ужо пыталіся, як беларусы збіраюцца далей дамагацца перамогі. «І падводзілі выснову, што самі вінаватыя, бо згубілі мову», — згадвае Дзяніс і прызнаецца, што ад пачутага не раз адчуваў сорам, але не пярэчыў, бо гэта праўда.
«Украінец у бары са мной загаварыў па-беларуску. Сказаў, што адмыслова вывучыў некалькі словаў, бо беларусы да яго прыходзяць як кліенты. А мы самі? Сярод уцекачоў-беларусаў, з кім кантактаваў, можа два-тры размаўляюць па-беларуску. Гэта ж сорам! Нашы людзі хутчэй украінскую тут вывучаць, чым на сваёй загавораць».

«Магчыма, пайду на будоўлю»

У Беларусі Дзяніс Урбановіч працаваў будаўніком, збіраўся аформіць індывідуальнае прадпрымальніцтва, каб заняцца рамонтам кватэр, але з прычыны бурных леташніх падзей гэтую мару давялося адкласці. Цяпер не выключае, што ва Украіне вернецца да працы будаўніка, а яшчэ збіраецца далучыцца да дзейнасці праваабаронцаў, якія апякуюцца ўцекачамі-беларусамі.
Сябра Дзяніса Віталь Трыгубаў паводле прафесіі палітолаг, скончыў у Мінску Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва, але працаваць паводле атрыманага дыплому не давялося. «Ужо праходзіў у гарадской адміністрацыі гутарку, як прыйшлі «людзі ў форме» і сказалі чыноўнікам: «Каго вы бераце на працу? Ён жа ў апазіцыі», — згадвае Віталь падзеі 2016 года.
«Магу паспрабаваць сябе ў гандлі, на будоўлі, ды дзе заўгодна. Пачынаем новую старонку жыцця», — кажа пра будучыню Віталь Трыгубаў.