«Білі зверху па спіне і галаве, пакуль не страціў прытомнасць»

38-гадовага Дзяніса Луцко з Баранавічаў чацвёрты раз выклікалі на допыт у Следчы камітэт. Хаця скаргу на беспадстаўнае збіццё АМАПам ён падаў яшчэ ў другой палове жніўня.

img_3441_logo_1.jpg

У ноч з 9-га на 10-га жніўня Дзяніс трапіў, як кажуць, “пад раздачу” выпадкова. Яго збілі амапаўцы недалёка ад дома, калі вяртаўся з вандроўкі роварыстаў. Пра той вечар Дзяніс Луцко распавядае Радыё Рацыя:

— Падляцелі ззаду людзі ў чорных скафандрах і пачалі біць. Першы ўдар быў па нагах, адпаведна, я адразу стаў на калені. Нахілілі галавой да зямлі, закруцілі рукі і білі зверху па спіне, па галаве. Пасля гэтага я “ад’ехаў”.

Паводле Дзяніса, збіццё яго і іншых затрыманых працягнулася і ў аўтазаку. Карціна была як у фільме жахаў: хто мог хоць неяк трымацца, той стаяў на каленях збакоў, хто быў без прытомнасці, ляжалі як мяхі, адзін на адным у цэнтры.

Але і гэта быў яшчэ не канец здзекаў:

— У следчым ізалятары, калі нас прывезлі, на вуліцы білі нагамі. Быў калідор, супрацоўнікі стаялі ў два шэрагі і крычалі з мацернымі словамі: тварамі ўніз, да зямлі, бягом! Хто мог бегчы, той бег і атрымліваў менш, а хто не мог — як я, бо ў мяне балелі ног, то ішоў павольна, і я “адгроб” як мае быць. У следчым ізалятары яны стаялі па абодвы бакі калідора, білі нагамі і дубінкамі.

Пасля выхаду з СІЗА-6 у Дзяніса некаторы час трэсліся рукі. Разбіты амапаўцамі тэлефон аднаўляў за свае сродкі ў Мінску. Дарагі ровар, які ўвесь час быў у міліцыі, прыйшлося шукаць самому. Марна спрабаваў апратэставаць рашэнне Баранавіцкага суда ў Брэсцкім абласным судзе. Следчы камітэт, лічыць Луцко, справу зацягвае наўмысна.

Беларускае Радыё Рацыя