Белстат падлічыў колькасць жанчын і мужчын

У Беларусі жанчын на 3,5% больш, чым мужчын. Паводле звестак статыстыкі, на 1 студзеня 2014 года ў краіне пражывала 5,1 млн. жанчын, або 53,5% ад агульнай колькасці насельніцтва.



para.jpg

У сярэднім па краіне на 1.000 мужчын прыпадае 1.151 жанчына, у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу — 1.166 жанчын, у сельскіх населеных пунктах — 1.102 жанчыны.


У гарадах і пасёлках гарадскога тыпу пражывае 77,3% жанчын, у сельскіх населеных пунктах — 22,7% жанчын. 


Сярод гарадскога насельніцтва колькасць мужчын перавышае колькасць жанчын ва ўзросце да 30 гадоў, сярод сельскага насельніцтва — да 58 гадоў. 


Найбольшая гендарная дыспрапорцыя назіраецца сярод людзей пажылога ўзросту. Колькасць жанчын 60—69 гадоў на 1.000 мужчын у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу складае 1.484, у сельскіх населеных пунктах — 1.320, а ва ўзросце 70 гадоў і больш колькасць жанчын перавышае колькасць мужчын у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу ў 2,3 разу, у сельскіх населеных пунктах — у 2,5 разу.


Паводле ацэнкі ПРААН, "натуральнай" розніцай у чаканай працягласці жыцця мужчын і жанчын прынята лічыць пяць гадоў. Як адзначае Белстат, у рэспубліцы захоўваецца значная розніца ў працягласці жыцця мужчын і жанчын, якая цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў перавышае больш як у два разы "натуральную" і складае 10–12 гадоў.


Для Беларусі, як і для многіх еўрапейскіх дзяржаў, характэрная тэндэнцыя павелічэння сярэдняга ўзросту пры ўзяцці першага шлюбу. Калі ў 2000 годзе ўпершыню бралі шлюб жанчыны ў сярэднім ва ўзросце 22,8 года, мужчыны — 25 гадоў, то ў 2013 годзе сярэдні ўзрост ўзяцця першага шлюбу для жанчын складаў 25 гадоў, мужчын — 27,1 гады.


У Беларусі назіраецца тэндэнцыя павелічэння сярэдняга ўзросту жанчын пры нараджэнні першага дзіцяці. Сярэдні ўзрост маці пры нараджэнні першага дзіцяці павялічыўся з 23,3 года ў 2000 годзе да 25,4 года ў 2013-м.


У 2013 годзе ў краіне нарадзілася 118 тыс. дзяцей (у 2005 годзе — 90,5 тыс.), узровень нараджальнасці склаў 12,5 на 1.000 насельніцтва.


Доля народжаных дзяцей у жанчын, якія не знаходзіліся ў зарэгістраваным шлюбе, знізілася з 24,2% у 2005 годзе да 16,1% у 2013 годзе.
Марына Носава,БелаПАН