«Бог даў мне рукі. Калі б людзі далі мне працу...»

У Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў гаворыцца, што дзяржавы-ўдзельніцы прызнаюць права інвалідаў на працу нараўне з іншымі. Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі праца, калектыў, сацыяльныя сувязі — гэта магчымасць арганізаваць неізаляваны лад жыцця. Аднак яшчэ які дзясятак гадоў таму ў Беларусі дзецям з цяжкімі псіхафізічнымі адхіленнямі ставілі дыягназ «не здольны да навучання». І гэта быў тлусты крыж на жыцці. Што ж змянілася ў краіне і ў лёсе людзей з абмежаванымі магчымасцямі за гэты час?



fb09f481d40c4d3c0861a46bd2dc52c0.jpg

У Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў гаворыцца, што дзяржавы-ўдзельніцы прызнаюць права інвалідаў на працу нараўне з іншымі. Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі праца, калектыў, сацыяльныя сувязі — гэта магчымасць арганізаваць неізаляваны лад жыцця. Аднак яшчэ які дзясятак гадоў таму ў Беларусі дзецям з цяжкімі псіхафізічнымі адхіленнямі ставілі дыягназ «не здольны да навучання». І гэта быў тлусты крыж на жыцці. Што ж змянілася ў краіне і ў лёсе людзей з абмежаванымі магчымасцямі за гэты час?

(На здымку: Вытворчы цэх прадпрыемства «Дарога ў жыццё»)


Цяпер Беларусь знаходзіцца на шляху далучэння да Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў. У выпадку, калі гэта адбудзецца, дзяржава возьме на сябе абавязкі ствараць умовы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ўдзельнічаць у эканамічным, культурным і грамадскім жыцці краіны. Пакуль працаўладкаванне — адзін з найбольш балючых момантаў такіх людзей — мае кропкавыя рашэнні і мноства нявырашаных пытанняў.
У дзяржаве каля 507 тысяч інвалідаў, і штогод блізу 50 тысяч прызнаюцца інвалідамі. Кожны другі чалавек, які атрымлівае пенсію па інваліднасці, знаходзіцца ў працаздольным узросце, але толькі прыкладна 18 працэнтаў з іх маюць работу. «Праблема аказання дапамогі людзям з абмежаванымі магчымасцямі робіцца ўсё больш актуальнай, бо рост колькасці інвалідаў становіцца ўстойлівай тэндэнцыяй сацыяльнага развіцця рэспублікі», — гаворыць Яніна Ладышава, прадстаўнік Міністэрства працы і сацыяльнага развіцця Беларусі.
Бяда штурхае да ідэй
«Бог даў мне рукі. Калі б людзі далі мне працу, я б столькі мог зрабіць!» — гэта надпіс на брашуры, у якой гаворыцца аб праблемах працаўладкавання, сацыяльнай адаптацыі ў грамадстве інвалідаў.
Трэба прызнаць, што прадпрыемствы, дзе ёсць магчымасць даць хоць нейкую працу інвалідам, ствараюць найчасцей ці энтузіясты, ці бацькі такіх дзяцей. У Століне, напрыклад, дзейнічае прадпрыемства «Дарога ў жыццё», на якім працуе некалькі асобаў з абмежаванымі магчымасцямі. Дырэктар прадпрыемства Мальвіна Выдрыцкая — яна і кіруе столінскім філіялам Грамадскай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» — канстатуе, што прадпрыемства не камерцыйнае, а сацыяльнае, пра яго прыбытковасць гаварыць не даводзіцца. Да слова, амаль усе падобныя маленькія прадпрыемствы дзейнічаюць з дапамогай замежных грантаў — за спонсарскія грошы набываецца абсталяванне, выплачваюцца арэнда і камунальныя паслугі. Найбольш актыўны дапамагаюць немцы.
«Я маці інваліда, якому ўжо 24 гады. Гэта было сумеснае рашэнне, калі сабраўся актыў нашай арганізацыі і вырашыў, што будзем рабіць: дзеці цяпер малыя, а потым вырастуць, і ім трэба занятак. Спачатку гэта была гуртковая праца. А праз 14 гадоў з’явілася «Дарога ў жыццё», ёсць некалькі кірункаў, і нашы дзеці могуць выбіраць — кераміку, шыццё...» — распавядае Мальвіна Выдрыцкая.
Стварыць сацыяльнае прадпрыемства — гэта толькі пачатак. Самае складанае — выйсці на ўстойлівасць працы, забяспечыць аднаўленне абаротных сродкаў, знайсці кліентаў. Да прыкладу, арганізацыі працы прадпрыемства «Дорага ў жыццё» затраты на сыравіну складаюць каля 60% расходаў, аплата заробкаў — 20–30%. Заработная плата работнікаў мінімальная. Пражыць на яе без пенсіі па інваліднасці немагчыма. Але для работнікаў такая праца — і спосаб сацыяльнай інтэграцыі, і магчымасць атрымаць працоўны стаж, які ў выніку ўплывае на памер пенсіі. Не забываемся на камунальныя плацяжы (істотна падвышаюцца зімой) і падаткі.

Алена Салабута з дачкой Крысцінай Канцавой
 


Калі дыягназ — не вырак
У 2010 годзе ў межах рэалізацыі праектаў «Азбука стварэння працоўных месцаў для людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця» і «Мы можам працаваць» Грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» было зарэгістравана шэсць прыватных унітарных прадпрыемстваў. Яны найперш выконваюць сацыяльную функцыю, бо на іх працуюць інваліды з разумовымі і множнымі парушэннямі развіцця. Цяпер на гэтых прадпрыемствах працаўладкаваныя 33 чалавекі з I і II групай інваліднасці.
Так, прыватнае прадпрыемства «Бараньскія Арабескі» шые сувенірныя і гаспадарчыя торбы, якія ёсць добрай альтэрнатывай поліэтыленавым пакетам. Трэба прызнаць, што прадукцыя выглядае сімпатычна і прэзентабельна. І карыстаецца попытам, асабліва ў летні час. «Летам цяпер, усё, што мы цэлы год шылі, у нашым горадзе раскупілі за тры дні», — гаворыць інспектар па працы прадпрыемства «Бараньскія арабескі» Алена Салабута. Кіраўніца прадпрыемства Людміла Франтова тлумачыць, што складаных аперацый, канешне, работнікі не выконваюць, але тым не менш свае ўменні прымяняюць на практыцы: «Дзяўчаты могуць рабіць змётку, шыць. Мы развіваем тое, што яны могуць рабіць. Дэвіз — я не сяджу дома, а імкнуся прыносіць карысць грамадству, сваёй сям’і. Каб матывацыя ўзмацнялася, бацькі таксама мусяць тлумачыць, што гэтая праца дае іх дому, іх сям’і».
Алена Салабута, дарэчы, не толькі працуе інспектарам на прадпрыемстве, але і выхоўвае дачку Крысціну, якая і ёсць работніцай «Бараньскіх арабесак». Маці і майстар вытворчасці ў адной асобе пазітыўна ацэньвае ўплыў калектыўнай працы на людзей з асаблівасцямі развіцця. «З’явіліся зносіны, раней жа гэтага не было, сядзелі ўсе па дамах. Арганізаванасць з’явілася. Раней яна магла да гадзіны валяцца ў ложку, а цяпер у восем гадзін пад’ём — і на працу, без праблем», — дзеліцца вынікамі сацыяльнай адаптацыі Алена. Крысціна заўжды побач з маці: «Куды ж яе без нагляду адпушчу?» Дзяўчына гаворыць, што і праца, і адносіны з іншымі работнікамі ёй падабаюцца: «Мы сябруем».


Баланс закону і маралі
Людміла Франтова наракае, што цяпер у разы падаражэлі матэрыялы. І як будзе складвацца лёс прадпрыемства — невядома. «З цэнамі не ведаем што рабіць. Званілі на аптовыя базы і даведаліся, што быў кошт тры тысячы рублёў за метр тканіны, а цяпер — пятнаццаць. Яны кажуць, што самі ў шоку, бо не ведаюць каму гэта будуць прадаваць. Старыя запасы пакрыху выбіраюцца. Разлічыце новы кошт прадукцыі, хто гэта будзе набываць? Ды і нашы пастаўшчыкі не ведаюць, хто ў іх будзе цяпер браць тканіну. Усе стаяць, нечага чакаюць. Чаго чакаюць?» — задаецца рытарычнымі пытаннямі Людміла.
Кіраўніца прадпрыемства падзялілася планамі — пашырыць крыху вытворчасць, даць інвалідам працу швачак. Гэта выклікала абурэнне ў прадстаўнікоў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, яны падкрэслівалі, што спачатку інвалід мусіць атрымаць адпаведны дыплом, а потым займацца кваліфікаванай працай. Быццам і правільна — усё мусіць быць па закону. Але маці Крысціны з такой пазіцыяй не згодная. «У нас такога ПТВ няма. Ды і хто возьме дзіця з такім цяжкім захворваннем? Які выкладчык возьме на сябе адказнасць? Калі нават школа не бярэ да сябе, што ўжо казаць пра ПТВ?» — гаворыць Алена Салабута. Яе дачка вучылася дома, ды і швейныя навыкі засвоіла дзякуючы стараннасці, увазе маці. Нават калі дзяўчына атрымае дыплом швачкі, ці знойдзецца прамысловае прадпрыемства, куды яе захочуць працаўладкаваць?
Кіраўнікі сацыяльных прадпрыемстваў чакаюць дзяржаўнай падтрымкі. Каб была магчымасць наймаць некалькі майстроў — адзін займаецца адукацыяй, наглядам за асаблівымі работнікамі, а іншы выконвае вытворчы план. Каб быў падоўжаны час прафесійнай адаптацыі. Грошай, як гавораць кіраўнікі такіх прадпрыемстваў, яны не просяць, а просяць найперш разумення.
Прадстаўніца галоўнага ўпраўлення палітыкі занятасці і народанасельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна Коршыкава агучыла афіцыйную пазіцыю: «Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва прызначаны абсалютна для іншых мэтаў. Ёсць мясцовы бюджэт, звяртайцеся, думайце». Але ўнёсак ГА «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» у вырашэнне праблемы занятасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі прызнаюць: «Вы ідзяце наперадзе», — кажуць прадстаўнікі Мінпрацы энтузіястам з грамадскага аб’яднання.
Шклянка напалову поўная
Апошнія 10 гадоў ГА «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» шукае магчымасць для сваёй мэтавай групы працаваць і зарабляць грошы. Бацькі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі мяркуюць, што іх інтэграцыя ў сацыяльнае і эканамічнае жыццё краіны — адзін з важнейшых аспектаў.
«На аднаго і таго ж чалавека можна паглядзець па-рознаму. Напрыклад, мой сын Міця не гаворыць, не ўмее пісаць, чытаць і лічыць, у яго здараюцца прыпадкі эпілепсіі, ён ніколі не будзе зарабляць грошы, ён не створыць сям’і. Пагадзіцеся, — гэта апісанне абсалютна бездапаможнага чалавека. Але можна паглядзець на майго сына і інакш: Міця самастойна апранаецца, карыстаецца бытавымі прыборамі, «працуе» на кампутары, ходзіць у краму, гатуе, выконвае працоўныя аперацыі. Дзякуючы нашай сям’і, нашай асацыяцыі, спецыялістам, мой сын стаў чалавекам са сваім унікальным жыццёвым ладам», — тлумачыць тонкасці жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі Алена Цітова, старшыня грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам».