Булінг у школе — што за ім хаваецца?
Вучань можа стаць аб’ектам кпінаў і адкрытых здзекаў з боку аднакласнікаў. І гэта можа доўжыцца гадамі. Для вызначэння гэтага зараз ужываюць слова «булінг».
Звычайна адзін або некалькі чалавек у класе становяцца ініцыятарамі актыўнага непрымання свайго аднакласніка. Яны абіраюць сабе ахвяру і пачынаюць яе дражніць, задзіраць, браць рэчы без запыту, ігнараваць, абзываць, дэманстратыўна не прымаць у гульню і гэтак далей. Гэты вучань становіцца ізгоем, а тыя, хто ініцыюе цкаванне, — завадатарамі. Завадатары бываюць настолькі ўпэўненыя ў сваёй перавазе, што лічаць сябе маючымі права кпіць з іншых дзяцей і пераследаваць іх.
У завадатараў з’яўляюцца паслядоўнікі. Ёсць і маўклівыя назіральнікі, якія сваім маўчаннем заахвочваюць цкаванне і ніяк яму не перашкаджаць. Вельмі рэдка ў ахвяры можа з’явіцца абаронца, які спыняе спробы здзекаў. Калі гэта дастаткова аўтарытэтны вучань, то цкаванне спыняецца.
Ахвяра, што знаходзіцца ўвесь час у неспрыяльным асяроддзі, пастаянна адчувае адмоўныя эмоцыі, перажывае, губляе ўпэўненасць у сабе і сваіх сілах, што можа змяншаць паспяховасць, а тое і зусім спрыяе таму, што дзіця перастае вучыцца і адмаўляецца хадзіць у школу. Самае страшнае — рэгулярныя здзекі могуць справакаваць суіцыд або жаданне расправіцца са сваімі крыўдзіцелямі.
Да такіх крайніх мераў можа падштурхнуць не разавае дзеянне завадатараў, а пастаяннае, сістэматычнае. І тады мы можам казаць ужо пра булінг. Гэта англійскае слова азначае запалохванне, фізічны або псіхалагічны тэрор, скіраваны на тое, каб выклікаць у іншых страх, і тым самым падпарадкаваць іх сабе.
Самымі распаўсюджанымі формамі булінгу з’яўляюцца пагрозы, абразы, саркастычныя заўвагі, прыніжэнне, насмешкі, наданне абразлівых мянушак, з якімі пастаянна звяртаюцца да чалавека, тым самым раняць яго, высмейванне ў прысутнасці іншых дзяцей. Вучня могуць пастаянна штурхаць, перыядычна біць, часта не прымаюць у гульню ці выбіраюць самымі апошнімі. Аднакласнікі могуць адмаўляцца сядзець з ахвярай за адной партай, могуць проста ігнараваць: нічога, нібыта, дрэннага не робяць, але і не цікавяцца ім. Магчымыя вымагальніцтва грошай, псаванне маёмасці — пэцкаюць або ламаюць рэчы, могуць хаваць іх ці закідваць куды-небудзь.
На жаль, булінг не абмяжоўваецца толькі такімі дзеяннямі. З распаўсюдам інтэрнэту з’явіўся новы від булінгу — кібербулінг з выкарыстаннем сацыяльных сетак. Дзеці пішуць адзін аднаму брыдоту, выкарыстоўваюць нецэнзурную лексіку, распаўсюджваюць плёткі, што ганяць гонар і годнасць іншых. А цяпер яшчэ і па тэлефоне можна нахаміць і застацца непазнаным.
У мінулым годзе мне давялося працаваць з адным пятым класам у нашай школе. У гэтым класе часцяком узнікалі канфлікты і бойкі, у якіх удзельнічала адна і тая ж група дзяцей. Канфлікты ўзнікалі і ў пачатковай школе, але там была ўсяго адна настаўніца, якая добра ведала дзяцей і магла гасіць канфлікты. У пятым класе сітуацыя змянілася: класны кіраўнік не здольны знаходзіцца з класам на кожнай змене і кантраляваць паводзіны дзяцей. І, як часта бывае, вінаватым заўсёды аказваўся адзін хлопчык. Дзеці скардзіліся, што ён увесь час б’ецца, грубіць і плача, калі бацькоў выклікаюць у школу. Падчас чарговага скандалу класны кіраўнік прывяла дзіця да мяне са словамі: «Сілы маёй больш няма. Зрабіце што-небудзь. Зноў гэты…»
Перада мной быў сціплы хлопчык, вельмі напалоханы, са слязамі на вачах, які не хацеў ні з кім размаўляць. Гледзячы на яго, я стала сумнявацца, што ён мог крыўдзіць аднакласнікаў, якія і вышэйшыя, і здаравейшыя. Калі я спытала: «Моцна цябе дастаюць?», хлопчык расплакаўся. Потым, трохі супакоіўшыся, распавёў, што аднакласнікі яго пастаянна абзываюць, штурхаюць, здзекліва каментуюць яго працу, смяюцца, калі ён адказвае каля дошкі, называюць «Плакс» і абражаюць яго сям’ю. «Я спачатку трываю, трываю, а потым даю адпор. Мама мне кажа: “Не звяртай увагі!”. А як, калі яны мяне называюць бамжом?»
Вельмі часта ахвяра булінгу можа быць пакараная за тое, што абараняецца. Так было і з ім. Пастаянныя заўвагі ў дзённіку, званкі бацькам. Хлопчык жыў з айчымам, які караў яго за дрэнныя паводзіны ў школе. Трывожная мама, якая сама зазнала булінг, калі вучылася ў школе, вельмі перажывала за сына, але не магла навучыць яго слушна выбудоўваць адносіны з аднагодкамі.
Адзін супраць усіх! Ён перастаў давяраць людзям, стаў вельмі недаверлівым і крыўдлівым. Яго можна было лёгка вывесці з сябе, а потым яшчэ і паскардзіцца настаўніцы, які ён дрэнны. І так магло доўжыцца гадамі. Давялося працаваць з усім класам.
Апытваючы аднакласнікаў, я прыйшла да высновы, што хлопчык праяўляе агрэсію толькі пасля таго, як яго раззлуюць. Сам ён нікога не чапаў. Часцей за ўсё сядзеў адзін, аднакласнікі не жадалі сядзець з ім побач. Пасля праведзенай работы канфлікты ў класе сціхлі. У яго нават з’явіўся сябар, з якім яны разам гулялі на вуліцы. І мы супакоіліся. Хлопчык адразу акрыяў, стаў паводзіць сябе больш спакойна. Аднакласнікі не даставалі.
Але праз два месяцы класны кіраўнік зноў прывяла яго да мяне. Сказала, што на ўроку хлопчыку нехта патэлефанаваў, пасля чаго той збялеў і расплакаўся. Аказалася, што гэта быў невядомы нумар. Незнаёмы голас яму сказаў: «Ну ўсё табе хана! Калі каму-небудзь раскажаш, уся твая сям’я будзе адказваць!». Пачуўшы такое, дзіця вельмі спалохалася.
Мы папрасілі вучняў паказаць свае мабільныя (выходныя званкі) і вызначылі, што ў той час, калі паступіў званок, адзін з аднакласнікаў тэлефанаваў яму, але яго нумар быў схаваны. Па голасе не вызначылі, хто тэлефанаваў, бо голас быў зменены з дапамогай праграмы.
Калі я спытала, чаму гэты хлопчык так паступіў, ён адказаў, што паўгода таму яго пакаралі бацькі: нібыта ахвяра сказала, што ён быў у групе хлопчыкаў, якія яго білі. А ён, нібыта, не быў. Чалавек паўгода насіў у сабе крыўду, і толькі цяпер вырашыў адпомсціць. У змове з ім былі яшчэ некалькі хлопчыкаў, якія і раней цкавалі падлетка. Умяшанне дарослых прымусіла завадатараў часова прыціхнуць, а потым дзейнічаць больш асцярожна.
Пасля гэтага званка вучань вельмі спалохаўся — не за сябе, а за сваю сям’ю. Быццам, бяскрыўдны жарт, але ці так на самай справе?
Чаму гэта адбываецца?
Часцей за ўсё ў аснове булінгу ляжыць імкненне самасцвердзіцца, вылучыцца. Вельмі рэдка цкаванне — вынік асабістай помсты.
Крыўдзіцелямі могуць стаць: актыўныя дзеці, якія прэтэндуюць на ролю лідара ў класе; агрэсіўныя дзеці, якія знайшлі для самасцвярджэння безадказную ахвяру; дзеці, якія імкнуцца любой цаной быць у цэнтры ўвагі; дзеці, якія прызвычаіліся ставіцца да іншых з пачуццём перавагі (вынік адпаведнага сямейнага выхавання).
Булінг пачынаецца, часцей за ўсё, з прысвойвання камусьці мянушкі: для таго, каб свядома абразіць, раззлаваць аднакласніка. Часам, каб прыцягнуць увагу таго, каго дражнілі, часам гэта правакацыя — прымусіць аднагодка паганяцца за сабой, пазмагацца. Бывае і так, што дзіця не столькі хоча пакрыўдзіць свайго таварыша, колькі імкнецца павесяліць навакольных. Яшчэ адна прычына — самасцвярджэнне: свядома абражаюць аднагодка, каб вылучыцца ў вачах аднакласнікаў, зацвердзіць сябе як лідара ў калектыве. Часам пакрыўджанае дзіця пачынае дражніць крыўдзіцеля, бо не можа расправіцца з ім фізічна.
Пазбегнуць з’яўлення дражнілак у класе немагчыма — гэта дзеці. Але бацькі і педагогі не павінны пакідаць такія сітуацыі па-за ўвагай. Важна спыніць з’яўленне крыўдных мянушак напачатку.
Калі дзіця скардзіцца на тое, што яго абзываюць, бацькам важна пагаварыць, як можна і трэба рэагаваць, калі яго дражняць. Часам можна параіць проста ігнараваць, не звяртаць увагу на мянушку. Гэта бывае складана, але можа быць вельмі эфектыўна.
«Руды! Руды!» — кліча аднакласнік. Можна проста не адклікацца, пакуль не звернецца па імені, як быццам не разумееш, да каго звяртаюцца. Ці сказаць: «Прыемна пазнаёміцца!»
Часам, калі дзіця дражніцца, то яно не заўсёды разумее, што робіць камусьці балюча. Тады неабходна растлумачыць: «Мне крыўдна гэта чуць. Ты хочаш мяне адмыслова пакрыўдзіць? Мне не хочацца сябраваць з такім чалавекам».
Дражнілкі — гэта як заклік да дзеяння. Не трэба паддавацца на правакацыю і дазваляць сабой маніпуляваць. Людзі часта выкарыстоўваюць лаянку ў выпадках, калі ад адчаю ў іх не хапае сілаў і слоў. Часам карысна адказаць крыўдзіцелю тым жа: «Дурніца!» — «Сам дурань!» Можа, не зусім педагагічна, але часам дзейсна. Лепш выкарыстоўваць адгаворку: «Хто абзываецца — сам і называецца».
У межах аднаго артыкула немагчыма разгледзець усе прычыны булінгу і яго наступствы. Разумець прычыны — гэта толькі першы крок. Важна пераламаць стэрэатып, які склаўся ў «адрынутага». Але гэта не так проста. Тут павінны быць задзейнічаныя і настаўнікі, і бацькі, і клас у цэлым.
Дарослым важна разумець, што адбываецца ў калектыве. Толькі сумеснымі намаганнямі можна навучыць дзяцей метадам бесканфліктных зносін. А для гэтага нам самім трэба стаць добрым прыкладам для пераймання.