68-гадовая палітзняволеная Алена Гнаўк — болей за год у поўнай ізаляцыі. Хронікі рэпрэсій 28 ліпеня
Родныя Алены Гнаўк, актывісткі з Пружан, болей за год не атрымліваюць ад яе ні лістоў, ні званкоў. «Дагэтуль няма ніякай інфармацыі ад нашай мамы — Алены Гнаўк. Мы не атрымліваем лістоў, не ведаем, дзе яна і ў якім стане. У яе праблемы са здароўем, і з цяперашнім рэжымам мы не ведаем, ці выйдзе яна пасля цяперашняга тэрміну. Яна больш за год у ізаляцыі, без лістоў, званкоў і сувязі са знешнім светам. Нам не кажуць, што з ёй. Мы проста моўчкі чакаем», — піша сын Алены, які вядзе старонку маці.

Алену Гнаўк асудзілі яшчэ ў 2022 годзе на 3,5 года паводле артыкулаў:
арт. 367 — «паклёп на Лукашэнку»
арт. 369-1 — «дыскрэдытацыя Беларусі»
А 28 красавіка 2023 года — новы прысуд: +1 год па артыкуле 411 — «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі».
У выніку — старэйшая жанчына за кратамі ўжо другі тэрмін, у поўнай інфармацыйнай ізаляцыі. Без права на ліст. Без сувязі з сям’ёй.
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1719 дзён, Дзяніс — 1599.
62-гадовую намесніцу дырэктара мінскай гімназіі адправілі ў калонію па палітычным артыкуле
Марына Петражыцкая працавала завучам па выхаваўчай працы ў мінскай гімназіі №34, якая знаходзіцца каля вуліцы Арлоўскай, насупраць Кіеўскага сквера.
Жанчына скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт (тады Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут) у 1984 годзе, пасля чаго выкладала матэматыку, піша «Наша Ніва».
У ліпені 2021-га Петражыцкай прысудзілі 15 сутак. У яе тады правялі ператрус дома, забралі ў КДБ, а пасля аформілі пратакол за «непадпарадкаванне». Калі дакладна завуча звольнілі з школы, невядома.
Настаўніцу арыштавалі ў кастрычніку 2024 года. Як паведамляе Belarus Women Foundation, нядаўна Петражыцкай прысудзілі 2 гады калоніі. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні».
У Брэсце затрымалі дызайнера Дзмітрыя Царука
Пасля трох сутак у ізалятары часовага ўтрымання яго перавялі ў СІЗА № 7 горада Брэста.
Па непацверджанай інфармацыі, яму інкрымінуюць артыкул 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Дзмітрый — дызайнер, таксама ён меў дачыненне да PR, медыя і сацыяльных праектаў. Ён уваходзіў у склад кампаніі «Fajno».
Сталі вядомы падрабязнасці прысуду 70-гадовай гамяльчанкі
Праваабаронцы даведаліся падрабязнасці судовага працэсу ў дачыненні да Сафіі Бачурынскай. Як паведамляе «Гомельская Вясна», жанчыне прызначылі 2 гады калоніі.
Сафіі інкрымінавалася ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні), ч. 1 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Суд адбываўся ў закрытым рэжыме.
Цяпер Бачурынская знаходзіцца ў ПК-4 у Гомелі. На сёння гэта найсталая з усіх вядомых жанчын, якія ўтрымліваюцца ў няволі паводле палітычных матываў.
У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» — праект «Беларуская Акадэмія»
Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 22 ліпеня. Паводле ведамства, дачыненне да ініцыятывы мае Святлана Сільверстава.
Святлана Сільверстава — беларускі гісторык, доктарка гістарычных навук. Працавала ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, пакуль яе не звольнілі ў 2014 годзе. Тады яна пачала працаваць у Палітэхніцэ Беластоцкай.
Па «справе Гаюна» затрыманы мінімум 33 чалавекі
Паводле звестак «Вясны», апошнія месяцы ў Беларусі працягваюцца затрыманні ў межах крымінальнай справы за перадачу інфармацыі «Беларускаму Гаюну». Як паведамлялі былыя вязні Акрэсціна, затрыманні адбываюцца ў межах арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Большасць затрыманых — мужчыны.
Ужо распачаліся суды па гэтай справе — вядома пра як мінімум шэсць судовых працэсаў.
Праваабаронцам вядома таксама пра як мінімум 33 пацверджаных(!) фігурантаў «справы Гаюна», якіх змясцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна больш.
Вядомага прадпрымальніка і актывіста са Светлагорска асудзілі за «паклёп на Лукашэнку»
62-гадовага прадпрымальніка і актывіста са Светлагорска Анатоля Змітровіча асудзілі паводле ч. 1 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі). Яму прызначылі 10 месяцаў пазбаўлення волі з утрыманнем у калоніі агульнага рэжыму, піша «Гомельская Вясна». Сутнасць абвінавачвання невядомая.
Да затрымання Анатоль быў індывідуальным прадпрымальнікам і актыўным удзельнікам прадпрымальніцкага руху. Ён вядомы таксама як экалагічны актывіст у перыяд будаўніцтва і запуску Светлагорскага завода беленай цэлюлозы, калі адбываліся шматлікія выкіды шкодных рэчываў у атмасферу. У апошні час працаваў у адным з прадпрыемстваў у галіне аўтасервісу.
Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У яго трапілі Telegram-канал «Горки для Жизни», Telegram-чат «БЕЛИЦА○●○Chat 97%», а таксама старонкі «Медыя-Палессе» ва «Укантакце» і «Аднакласніках».
500 дзён у зняволенні знаходзіцца сям'я з вёскі Уза ў Гомельскай вобласці
15 сакавіка 2024 года былі затрыманы 4 чалавекі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і «здраду дзяржаве». Пад вартай апынуліся Ларыса і Васіль Прохаравы, а таксама іх дзеці — Анастасія і Павал. Вядома, што Ларыса працавала санітаркай у ГГКБ №3, а яе муж і сын — на будоўле. Вядома, што іх абвінавацілі па артыкулах за фатаграфаванне аб'ектаў на тэрыторыі Беларусі. Хутчэй за ўсё справа звязана з антываеннымі дзеяннямі на карысць Украіны, піша ініцыятыва dissidentBY.
У выніку судовых пасяджэнняў прагучалі жорсткія выракі: Ларыса і Павал атрымалі па 8 гадоў пазбаўлення волі, Васіль — 11 гадоў пазбаўлення волі, справа Анастасіі да суда не дайшла (верагодна, адносна яе крымінальную справу спынілі). З 2022 года каля 300 чалавек ужо былі асуджаны па крымінальных артыкулах за антываенныя дзеянні ў падтрымку Украіны: данаты, каментары, акцыі прамога дзеяння, адпраўка інфармацыі ў тэлеграм-чаты і рэгістрацыя ў дабравольцы.