Затрыманні на межах Беларусі: грамадзянін Латвіі трапіў у СІЗА за «экстрэмісцкую» падпіску. Хронікі рэпрэсій 29 ліпеня

Мужчына на пазамінулым тыдні паехаў у Беларусь наведаць сына, але на мяжы яго затрымалі з-за падпіскі на «забаронены канал», завялі справу аб адміністрацыйным правапарушэнні і адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Пасля затрымання яму не далі звязацца з роднымі, і міліцыянты самі даслалі з яго тэлефона паведамленне аб тым, што ён затрыманы.

1_1097_1.png

«Умовы для палітычных жудасныя. Жалезны ложак — як стол у моргу. Ні падушкі, ні матраца, ні коўдры. Раз на тры гадзіны будзілі, і трэба было ўставаць, называць імя, прозвішча і артыкул. З-за яго ва ўсіх астатніх у камеры забралі кніжкі. Мабыць, палітычным кнігі не дазволеныя».

Мужчына атрымаў штраф і змог вярнуцца ў Латвію. Але ніякіх дакументаў аб рашэнні суда яму не выдалі, і цяпер ён плануе зноў ехаць у Беларусь. На гэты раз — каб атрымаць дакументы і аплаціць штраф, выпісаны судом, піша chayka.lv.

Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1720 дзён, Дзяніс Івашын — 1600 дзён. 

Брэнд упрыгожванняў «Belaruskicry» з'явіўся ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў»

Яго туды дадаў КДБ сваім рашэннем ад 24 ліпеня.

Паводле ведамства, дачыненне да брэнду маюць Аляксандра Куркова, Марына Сергіеня, Ягор Бужылаў і Алена Куляшова.

Папаўненне «спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»  

Экстрэмісцкімі прызналі сацсеткі брэнду ўпрыгожванняў «Belaruskicry». Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Партызанскага раёну 23 ліпеня, але з'явілася ў Спісе Мінінфарма толькі сёння. Гаворка пра сайт, а таксама старонкі ў Instagram, Telegram, Facebook, TikTok і «Х».

Акрамя таго, у «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапілі Telegram-канал «Страна Зазеркалья», друкаваныя выданні «Нацыяналiзм у сьвеце. Мiнулае. Сучаснасьць. Пэрспэктывы» і «Verbrannte Dorfer. Nationalsozialistische Verbrechen an der landlichen Bevolkerung in Polen und der Sowjetunion im Zweiten Weltkrieg"/Herausgegeben von Florian Wieler und Frederic Bonnesouer Unter Mitarbeit von Sibylle Suchan-FloB».

Гарадзенца завочна асудзілі за «здраду дзяржаве»

У Гродзенскім абласным судзе 28 ліпеня абвесцілі завочны прысуд 39-гадоваму Андрэю Занеўскаму. Яго абвінавацілі ў «выдачы замежнай дзяржаве і яе прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь» (здрада дзяржаве), але сутнасць абвінавачвання невядомая.

На падставе ч. 1 арт. 356 КК гарадзенцу завочна прызначылі 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Агулам з 2020 года за «здраду дзяржаве» былі асуджаныя мінімум 108 чалавек. 

АМАП затрымлівае мінчукоў на месцы падзення беспілотніка ў двары на Матусевіча

Праваабаронцы атрымліваюць інфармацыю пра затрыманне людзей побач з мінскім дваром на Матусевіча 72, дзе сёння ўначы ўпаў і выбухнуў беспілотнік. Вядома, што на месцы здарэння знаходзіцца вялікая колькасць сілавікоў, якія затрымліваюць мінакоў і жыхароў раёну.

Верагодна, сілавікі шукаюць тых, хто перадаваў інфармацыю аб інцыдэнце ў незалежныя медыя.

Крыніца: novy chas [ tiktok ]

У Беларусі +11 новых палітвязняў

Гэта Віктар Мека, Андрэй Андронаў, Андрэй Арол, Алена Рудая, Яўген Шляхцёнак, Сафія Бачурынская, Валеры Іванін, Яўген Бялькевіч, Яўген Пяргаеў, Ілля Валвенкін, Мікалай Ліс

Дзень народзінаў за кратамі: Дзмітрый Дубоўскі

Сёння свой 39-ы дзень нараджэння (і ўжо пяты раз у зняволенні) адзначае анарха-партызан Дзмітрый Дубоўскі. 

З беднай інфармацыі пра анархіста, які з цяжкасцю прабіваецца скрозь засценкі, вядома, што ў турме ён шмат чытае і імкнецца падтрымліваць належную фізічную форму, піша ТГ-канал Права на паўстанне. У нейкі момант анархіст цалкам перайшоў на беларускую мову, за што на яго зваліўся чарговы махавік рэпрэсій. Акрамя таго, Дзмітрый спрабуе сябе ў вершаскладанні і часам малюе.

Сябры заклікаюць пісаць Дзіму лісты з апісаннем сваіх падарожжаў з фота. Ён з задавальненнем прачытае любыя нататкі, бо падарожжы — адна з яго стыхій.

Падтрымаць анархіста:

Дубоўскі Дзмітрый Мікалаевіч

Турма № 4, вул. Крупскай 99А, 

г. Магілёў, 212011