«Да чагосьці рыхтуемся». Салдат тэрміновай службы — аб сітуацыі на мяжы з Украінай
Вайсковец кажа, што калі ўкраінцы нападуць на Беларусь, то «прыйдзецца адбівацца».
Запісам размовы з беларускім вайскоўцам тэрміновай службы, які цяпер служыць блізу мяжы з Украінай, падзяліўся «Белсат». Гэты вайсковец чуў, як збівалі расійскі дрон, і бачыў, як вайскоўцы на памежжы «да чагосьці рыхтуюцца».
Выданню
вядомае месца службы гэтага салдата, але яго не раскрываюць з прычынаў бяспекі.
У ноч на 5 верасня на тэрыторыю Беларусі ў чарговы раз заляцелі дроны тыпу іранскіх «Shahed». Прынамсі ў другі раз гэтыя дроны збілі — але ўпершыню вайсковае кіраўніцтва Беларусі прызнала, што нейкія (расійскія ці не, не сказалі) беспілотнікі парушылі паветраную прастору Беларусі і былі знішчаныя.
Вайсковец, якога падымалі па паветранай трывозе, расказвае, што салдатам не паведамлялі, што дроны былі расійскімі. «Проста заляцеў дрон, мы яго збілі». Ён чуў, што адзін дрон збілі над іхнай базай, і ведае, што яшчэ два збілі ў іншых месцах.
Ці не баіцца ён, што гэта наўмысная правакацыя, каб апраўдаць высылку беларускіх войскаў ва Украіну? Вайсковец адказвае: «Дык гэта ж „Шахеды“, яны асабліва не кіраваныя!»
Гэта сапраўды так: у адрозненне ад FPV-дронаў, «Шахеды» не кіраваныя ў палёце. Іх можна толькі прыблізна навесці на статычную цэль праз GPS або інерцыйную сістэму навядзення, і чым далей цэль, тым большая хібнасць. А каб дроны было цяжэй збіць, яны лётаюць «крывымі» маршрутамі.
Суразмоўца чуў, што хоць супраць дронаў падымалі беларускія знішчальнікі, тыя дроны збіла расійская супрацьпаветраная абарона. А ў войсках ходзяць чуткі, што дроны наогул былі ўкраінскія: з Украіны ж залятаюць! Сказалі вайскоўцам, што заляцеў з Украіны, і не схлусілі ж. Тое, што гэта Расія запускае «Шахеды» па Украіне, а тыя пятляюць хітрымі шляхамі і часам выходзяць за межы Украіны, разумеюць толькі тыя, хто чытае «забароненыя рэсурсы».
Гэты вайсковец з моманту адпраўкі ў вайсковую частку капае акопы. Як прыехаў, тэхніка ўжо была з прываранымі «мангаламі» – кустарнай абаронай ад беспілотнікаў. Тыя «мангалы» вайскоўцы не вараць на месцы — выглядае так, што абарону тэхнікі зрабілі дзесьці ў іншым месцы «на скорую руку». Калі такое пачалося, вайсковец не ведае. Але «да чагосьці рыхтуемся».
Расійскіх вайскоўцаў вакол сябе ён не бачыў, але думае, што бачыў баевікоў расійскай «групы Вагнера»: прыязджаў нейкі белы пікап «UAZ Patriot» з танаваным шклом і без нумароў, наўрад ці хтосьці акрамя «Вагнера» на такім катаецца.
Ён не думае, што гэта беларускае войска рыхтуюць да наступу на Украіну.
«Агулам я нямала чуў размоваў, што ўкраінцы нам сябры і яшчэ нейкая *** [лухта]. Усе цудоўна разумеюць, што калі пацаны [украінцы] на нас пойдуць вайной, трэба адбівацца», — расказвае вайсковец.
Прапаганды пра тое, што зараз Украіна нападзе, вайсковец не чуў, нават палітрукоў нячаста бачыў. Але дадае: «Усе кажуць аб тым, што калі гэтыя *** [кепскія людзі] папруць нас забіваць… Раз забіваць нас, то яны, натуральна, ***! Таму трэба зрабіць нармальна, каб паболей пажыць. Выбару шмат не застанецца».
Надзейных сацыялагічных звестак пра настроі ў беларускім войску не існуе. Але апытанне «Chatham House» у лістападзе 2023 года паказала, што амаль роўныя долі насельніцтва Беларусі кажуць аб падтрыманні або непадтрыманні працягу дзеянняў расійскіх войскаў ва Украіне, а амаль палова лічыць, што ў вайне пераможа Расія.