Дапамога зялёнаму турызму

На Віцебшчыне, у Наваполацку і вёсцы Забор’е Расонскага раёна адкрытыя два інфармацыйныя цэнтры, створаныя ў межах сумеснага праекту Еўрапейскага саюза і ПРААН «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні».

З дапамогай гэтых цэнтраў мясцовыя ўлады плануюць павялічыць колькасць турыстаў у рэгіёне, а таксама заахвоціць мясцовае насельніцтва да ўдзелу ў экалагічных праграмах.



577fd60255d4bb0f466464849ffe6d8e.jpg

На Віцебшчыне, у Наваполацку і вёсцы Забор’е Расонскага раёна адкрытыя два інфармацыйныя цэнтры, створаныя ў межах сумеснага праекту Еўрапейскага саюза і ПРААН «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні».
З дапамогай гэтых цэнтраў мясцовыя ўлады плануюць павялічыць колькасць турыстаў у рэгіёне, а таксама заахвоціць мясцовае насельніцтва да ўдзелу ў экалагічных праграмах.
Па задуме стваральнікаў, інфармацыйныя цэнтры будуць своеасаблівымі акумулятарамі інфармацыі пра турыстычны патэнцыял Віцебшчыны, на іх базе плануецца праводзіць адукацыйныя мерапрыемствы, апроч таго, праз цэнтры будзе ажыццяўляцца падтрымка рэгіёнам, на тэрыторыі якіх пачнуць стварацца зялёныя маршруты.
Адкрываючы інфацэнтр у Наваполацку, прадстаўнік ААН/ПРААН у Беларусі Антоніус Брук зазначыў, што «праект з’яўляецца вынікам сумесных намаганняў: ЕС, ПРААН, Мінпрыроды, мясцовых органаў улады і жыхароў горада». Агульны бюджэт праекту складае 1,3 мільёна долараў. Гэтыя сродкі будуць накіраваныя на дзейнасць у сферы ўстойлівага развіцця у 35 беларускіх раёнах. Спадар Брук падкрэсліў, што ў дадзеным выпадку важныя не толькі грошы, але і жаданне ствараць новыя падыходы да кіравання прыроднымі рэсурсамі.
«Гэта — інвестыцыі ў заўтрашні дзень, бо менавіта прынцыпы ўстойлівага развіцця, заснаваныя на рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, дазваляюць нам упэўнена глядзець у будучыню», — сказаў прадстаўнік ААН. Спонсары праграмы спадзяюцца, што на гэтым яна не затухне, а будзе развівацца, і найперш з жадання людзей, якія рэалізуюць праекты. «Нам часта задаюць пытанне, што Еўропа гатовая рабіць для Беларусі, але мне хацелася б запытацца ва ўсіх вас, што вы самі гатовыя зрабіць для Беларусі, бо яна ўжо ёсць часткай Еўропы», — дадаў спадар Антоніус Брук.
Чакаецца, што да канца года ў Беларусі пры дапамозе праекту ЕС/ПРААН «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні» будуць адкрытыя яшчэ тры аналагічных цэнтра — у Чавусах, Белаазёрску і Жалудку.
Рэалізацыя сумеснага праекту Праграмы развіцця ААН і Еўрапейскага саюза «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні» пачалася ў Беларусі два гады таму. Летась у яго межах быў абвешчаны конкурс мясцовых ініцыятыў. Наваполацк прапанаваў да разгляду адразу некалькі праектаў, звязаных з развіццём экалагічнага турызму, экалагічнага патэнцыялу рэгіёна, а таксама з выхаваннем дзяцей: праекты так ці інакш завязаныя на вучняў мясцовых школ і гімназій. Да прыкладу, турыстычны экалагічны маршрут «Блакітныя каралі Расонаў» і «Полацкі Стоунхедж» — ініцыятывы, якія могуць быць цікавымі не толькі мясцовым жыхарам ці школьнікам, але і ўсім аматарам вандровак па Беларусі.
Другі інфармацыйны цэнтр па ўстойлівым развіцці і агратурызму адкрыўся ў вёсцы Забор’е Расонскага раёна. Яго ўзначаліла дырэктарка дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Экоросы» Ала Хорань, якая да ўсяго з’яўляецца і адной з пачынальніц агратурызму на Расоншчыне. Цяпер тут паспяхова працуюць каля трыццаці аграсядзібаў. Раён не мае высокага прамысловага патэнцыялу, актыўнага земляробства. Амаль уся яго тэрыторыя пакрытая лясамі і азёрамі, таму стваральнікі інфармацыйнага цэнтра лічаць, што блізкасць да дзікай прыроды — гэта цымус раёна, і ім трэба карыстацца.
Да слова, у вёсцы Забор’е адкрыццё Інфацэнтра супала з правядзеннем рэспубліканскага фэсту сельскага турызму «Заборскі фэст», які сёлета атрымаў дадатковае фінансаванне з боку праекту ЕС/ПРААН.