Фігуры тыдня: Андрэй Гайдукоў, Валер Булгакаў, Зміцер Вайцюшкевіч
Андрэй Гайдукоў КДБ затрымаў наваполацкага актывіста аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя: яго вінавацяць у здрадзе дзяржаве. Каардынатарка БХД па Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец паведаміла, што 8 лістапада ў Віцебску быў затрыманы грамадскі актывіст Андрэй Гайдукоў з Наваполацка, затым у Полацку — сябар БХД Ілля Багданаў.
Апошні неўзабаве быў вызвалены пад падпіску аб неразгалошванні, Андрэя Гайдукова ж 11 лістапада даставілі ў СІЗА КДБ у Мінск. Яго вінавацяць паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса — здрада дзяржаве. У СІЗА КДБ вазілі таксама і Іллю Багданава, а ў яго дома праводзілі ператрус.
22-гадовы Андрэй Гайдукоў працуе аператарам на наваполацкім «Нафтане». Акрамя таго, ён з’яўляецца намеснікам кіраўніка моладзевага аб’яднання «Саюз
маладых інтэлектуалаў», вучыцца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, паведамляе «Еўрарадыё».
Па словах Таццяны Севярынец, абодва арыштаваных актыўнага ўдзелу ў дзейнасці аргкамітэта па стварэнні партыі БХД не прымалі.
Валер Булгакаў
Былы галоўны рэдактар часопіса «ARCHE» Валер Булгакаў з’ехаў з Беларусі. Булгакаў паведаміў Радыё «Свабода», што да такога ўчынку яго вымусіла следства,
якое ўлада ўсчала супраць інтэлектуальнага выдання.
«Маё рашэнне не з’яўляецца апошнім і канчатковым. Выклікана яно той акалічнасцю, што на пазамінулым тыдні беларускія тэлеканалы ажыццявілі прапагандысцкі залп па маёй сціплай асобе.
Нагадаю, што 23 і 27 кастрычніка мінулага месяца па беларускім тэлебачанні ў праграме «Зона Ікс» двойчы паказваліся рэпартажы, якія тычыліся маёй асобы непасрэдна. У адным з іх
сцвярджалася, што я — галоўны фігурант так званай «кніжнай справы». А ў наступным ужо рабіўся акцэнт, што гэтая «кніжная справа стала крымінальнай». Вакол
маёй сціплай асобы стварылася сітуацыя не вельмі здаровая псіхалагічна. Пры такіх абставінах мне было цяжка знаходзіцца ў краіне. Гэта быў занадта вялікі псіхалагічны ціск для мяне. Я часова вырашыў
ад’ехаць. Як далей будзе развівацца сітуацыя, залежыць ад таго, ці пойдуць нашы праваахоўныя органы на абвастрэнне сітуацыі, ці не», — патлумачыў Валер Булгакаў.
Валера Булгакава 18 кастрычніка гаспадарчы суд Гродзенскай вобласці аштрафаваў паводле абвінавачання ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці — за продаж кніг і часопіса. Штраф склаў пяць
базавых велічынь, або пяцьсот тысяч рублёў. Падаткоўцы таксама арыштавалі больш за пяць тысяч асобнікаў кніг і часопісаў.
Зміцер Вайцюшкевіч
Выйшаў у свет новы альбом Змітра Вайцюшкевіча і WZ-Orkiestra «Ваячак». Дыск запісаны на вершы польскага паэта Рафала Ваячака, а фотасесія да яго была зроблена ў беластоцкай вар’ятні.
Рафал Ваячак (1945–1971) — адзін з найбольш інтрыгуючых і таямнічых польскіх паэтаў ХХ стагоддзя, яскравы прадстаўнік так званых «праклятых паэтаў». Алкаголік,
правакатар, скандаліст, які неаднаразова лячыўся ў вар’ятні і са школьных гадоў здзяйсняў спробы самагубства. Уласную смерць ён зрабіў адной з галоўных тэмаў сваёй эпатуючай, але вытанчанай
у літаратурным сэнсе паэзіі.
«Мне заўжды цікава паказаць менавіта чалавечыя моманты ў творчасці кожнага паэта, — распавёў Вайцюшкевіч. — Таму Маякоўскага я пазбавіў сацыялізму, а Ваячака —
пэўнай часткі дэпрэсіі. Хацелася падкрэсліць, што ён быў у тым ліку выдатным лірыкам — у яго шмат вершаў пра жанчын, пра жаночае цела. Але пэўныя моманты «псіхадэліі» ўсё ж
прысутнічаюць — увасобіць іх у музыцы дапамог вядомы гітарыст Сяргей Канановіч».
Ад ідэі альбома да яго выдання прайшло шэсць гадоў. Для запісу гэтай працы Зміцер вывучыў польскую мову, але ў працэсе вырашыў заспяваць на беларускай — вершы пераклалі Андрэй
Хадановіч і Вальжына Морт. Аздабленне для альбома зрабіў вядомы польскі беларус Юрка Асеннік, лідар гурта «Zero–85».
«Фотасесію для аздаблення мы рабілі ў вар’ятні ў Беластоку. На вокладцы — сапраўдны тамтэйшы ключ ад дзвярэй, без якога нельга патрапіць з калідора ў пакой ці наадварот.
Гэта і артэфакт, і метафара альбома. У музычным сэнсе мы спрабавалі вынайсці менавіта такі ключ да паэзіі Ваячака, адчыніць яе для беларускага слухача», — тлумачыць Зміцер.