Фігуры тыдня: Яўген Літвінковіч, Віктар Шэйман, Уладзімір Сямашка

Яўген Літвінковіч Ураджэнец Жодзіна Яўген Літвінковіч дайшоў да суперфіналу ўкраінскага тэлешоў «Х-фактар–3». І хаця пераможцам стала Аіда Нікалайчук, выканаўца з Беларусі за час здымак шоў знайшоў вялікую падтрымку сярод тэлегледачоў ва Украіне і ў Беларусі. Сябры журы конкурсу таксама надзвычай прыхільна ставіліся да Яўгена, адзначалі яго артыстызм і адданасць справе.  



l_f7042c44.jpg

Пераможца шоў атрымала галоўны прыз — 2 мільёна грыўняў (250 тысяч долараў). Аіда дагэтуль працавала касірам, у яе маленькі сын.

Цікава, што прадзюсарам і Аіды, і Яўгена з’яўляецца адзін чалавек — гэта Ігар Кандрацюк. Літвінковіч нават называў Кандрацюка «вялікім шахматыстам», які здольны ўсё прадумваць на два крокі наперад. Прадзюсар паабяцаў запісаць Літвінковічу песню і зняць кліп.

Яўген летась перамагаў на шоў «Украіна мае талент», ён таксама браў удзел у аналагічным конкурсе ў Мінску, але ў Беларусі яго талент аказаўся не запатрабаваны.


Віктар Шэйман

shejman.jpg

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка вызваліў Валянціна Рыбакова ад пасады памочніка прэзідэнта Беларусі ў сувязі з пераходам на іншую працу. Віктара Шэймана прызначыў памочнікам прэзідэнта Беларусі па асаблівых даручэннях, вызваліўшы яго ад пасады памочніка прэзідэнта па асобых даручэннях, прадугледжанай у структуры Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі. Адпаведныя распараджэнні кіраўнік дзяржавы падпісаў 8 студзеня.

Віктар Шэйман уваходзіць у самае бліжэйшае атачэнне Аляксандра Лукашэнкі яшчэ ад першых выбараў у 1994 годзе. За час сваёй кар’еры на дзяржаўнай службе Шэйман займаў пасаду дзяржсакратара Савета бяспекі, быў памочнікам прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы, генеральным пракурорам, кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта. Апошнія гады Шэйман курыраваў кантакты з Венесуэлай.

Пасля выбуху на Дзень незалежнасці ў 2008 годзе Шэймана адправілі ў адстаўку з пасады дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі. Тады на адмысловай нарадзе Лукашэнка заявіў: «Не думаю, што вы павінны заставацца на гэтай пасадзе пасля інцыдэнту. Вы вінаватыя перш за ўсё! Вы па даручэнні прэзідэнта не адзін год, а дзесяць гадоў арганізуеце падобныя мерапрыемствы. І нічога не зрабілі!».


Уладзімір Сямашка

semashka.jpg

Скандалам абярнуўся візіт першага віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі на прадпрыемства «Дываны Брэста». Прадзільніцы дамагліся сустрэчы з высокімі чыноўнікамі, у тым ліку і са старшынёй канцэрна «Беллегпрам» Міхаілам Сучковым, ды паказалі ім свае разліковыя лісткі з мізэрнымі заробкамі.

З-за прастою на прадпрыемстве работніцы «Дываноў Брэста» змушаныя існаваць на 300 тысяч рублёў у месяц. «Мы ямо шэры хлеб — з супам і на дэсерт. Здаём кроў, каб выжыць. Нашы дзеці засталіся без падарункаў на Новы год», — цытуе словы адной з жанчын інтэрнэт-газета «Салідарнасць». У прыватнасці разьбяр аздобнага цэха ААТ «Дываны Брэста» Галіна Марчук паведаміла, што з красавіка 2012 яна і яе калегі працуюць некалькі дзён у месяц, і плацяць ім каля 300 тысяч рублёў. Галіна працуе на фабрыцы ад 1986 года, але падобнага крызісу ўспомніць не можа.

«Улетку мы ездзілі ў калгасы падпрацаваць, а цяпер зіма — як нам жыць? — дзеліцца Галіна Марчук. — Мы пачулі, што павінен прыехаць Сямашка, і вырашылі з ім сустрэцца».

Па словах Галіны, начальства «Дываноў Брэста» хавала візіт віцэ-прэм’ера ад работніц. Галіна прызнаецца, што для яе было шокам тое, што Сямашка, мабыць, не хацеў з імі сустракацца. «Мне гэта дырэктар пазней пацвердзіў, сказаўшы, што заказвае музыку той, хто плаціць. Гэта так сорамна для вялікага начальства баяцца сустрэцца з простымі людзьмі! Мы чакалі, што другі чалавек ва ўрадзе спытае нас: «Людзі, як вы жывяце?»

Сустрэча з Уладзімірам Сямашкам скончылася абяцаннямі.