Фігуры тыдня: Вікторыя Азаранка, Павел Данэйка, Алег Гайдукевіч
Вікторыя Азаранка Перамога Вікторыі Азаранкі на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі выклікала неадназначную рэакцыю ў заўзятараў.
Так, журналіст «Радыё Свабода» Віталь Цыганкоў апублікаваў тэкст пад назваю «Ці абавязаны я ганарыцца Азаранкай?» У ім гаворыцца, што дыскусія наконт палітычнай
пазіцыі, чалавечых і маральных поглядаў спартоўца — нармальная з’ява.
«Калі вам не падабаецца палітык ці дзеяч культуры, які ўваходзіць у групу падтрымкі Лукашэнкі, то чым адрозніваецца кіраўнік футбольнага клуба ў той самай ролі? Калі спартоўцы такія ж
самыя людзі як іншыя, то давайце ставіцца да палітычных дзеянняў і заяваў прэзідэнта БАТЭ Капскага гэтак сама, як да Рубінава ці любога іншага праўладнага палітыка. ... Ці не здаецца, што тым самым
вы прыніжаеце спартоўцаў, загадзя ставіце іх у пазіцыю чалавека другога гатунку, маўляў, «ён жа дурань, яму ўсё можна»?», — піша Віталь Цыганкоў.
Журналіст НЧ Генадзь Кеснер трымаецца іншага погляду. «Дзве перамогі ў Аўстраліі. На адкрытым чэмпіянаце гэтай краіны. Захаванне звання першай ракеткі Свету, хоць на пяткі наступала
сама Сірэна Уільямс. Што можа быць лепш для Вікі і для яе прыхільнікаў? Бадай што нічога. Як нічога не застаецца зайздроснікам і нядобразычліўцам беларускай тэніснай зоркі, якой мы па праве
ганарымся».
Павел Данэйка
Адміністрацыйны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Павел Данэйка ў інтэрв’ю парталу tut.by ацаніў прагнозы ўрада наконт росту беларускай эканомікі, а
таксама напрарочыў магчымую другую хвалю дэвальвацыі.
Паводле ацэнак Данэйкі, беларускай стабільнасці пагражаюць скачкі коштаў на вугляродную сыравіну на міжнародных рынках. «Сёння аналітыкі прадказваюць падзенне цэн у энергетычнай галіне.
Нафтаздабыўная галіна развіваецца цыклічна. Па прагнозах аналітыкаў, Канада і ЗША хутка стануць буйнымі экспарцёрамі нафты. Гэта прывядзе да сур’ёзнага падзення коштаў на энерганосьбіты.
Гэты працэс ужо пачаўся дзякуючы сланцавай рэвалюцыі ў ЗША. Гэта азначае, што ў сярэднетэрміновай перспектыве ў Расіі будзе даволі складаная эканамічная сітуацыя. Для Беларусі гэта сур’ёзны
выклік, таму што Расія з’яўляецца нашым асноўным рынкам збыту. Акрамя гэтага, паўстане пытанне аб магчымасцях далейшага льгатавання беларускай эканомікі з боку Расіі. Цяпер Беларусь датуецца
расійскім бокам на суму каля 4 млрд. долараў у год. Да таго ж не варта забываць, што ў гандлёвым балансе Беларусі значная частка валютнай выручкі паступае ад гандлю нафтапрадуктамі. Зніжэнне кошту на
іх прывядзе да скарачэння гэтага патоку».
Не выключае эксперт і новай хвалі дэвальвацыі ў краіне.
Алег Гайдукевіч
Ліберальна-дэмакратычная партыя прадставіла новую эканамічную праграму. Па словах намесніка старшыні ЛДП Алега Гайдукевіча (яго бацька Сяргей Гайдукевіч узначальвае партыю), у працы над ёй
удзельнічалі вядомыя эканамісты, выкладчыкі, якія маюць навуковыя ступені.
Адну з асноўных праблем беларускай эканомікі Гайдукевіч бачыць у нізкім узроўні даверу паміж уладамі і бізнесам, без чаго немагчымае развіццё краіны. У сваёй эканамічнай праграме ЛДП прапануе
— радыкальна знізіць падатковую нагрузку і спрасціць падатковую справаздачнасць; умацаваць бюджэтную дысцыпліну, правесці рэвізію бюджэтных і пазабюджэтных фондаў; пры правядзенні
прыватызацыі «не пагубляць прадпрыемствы, якія забяспечваюць суверэнітэт», такія як «Беларуськалій», але ў той жа час і «не баяцца прыватызацыі
прадпрыемстваў, праца якіх будзе больш паспяховая з прыходам прыватнага капіталу».
Гайдукевіч паведаміў, што ЛДП не адмаўляецца ад ідэі пераходу на адзіную валюту ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы. «Мы падтрымліваем удзел Беларусі ў эканамічных інтэграцыйных
утварэннях з Расіяй. Гэта не пярэчыць ідэі ўмацавання суверэнітэту, бо садзейнічае ўмацаванню эканомікі. З увядзеннем еўра ў Еўрасаюзе ніхто не страціў суверэнітэт», — цытуе
намесніка старшыні ЛДП БелаПАН.