«Хацелася сустрэцца з сілавікамі твар у твар». Былы каліновец — пра вайну, пратэсты і ПТСР

«Сваю мэту абараніць Украіну, калі ёй было асабліва цяжка, я выканаў», — кажа былы добраахвотнік з палка Каліноўскага, які спрабуе наладзіць мірнае жыццё па вяртанні з вайны. Гэтыя месяцы на фронце для яго не прайшлі без знаку. Пра перажытае былы разведчык расказаў «Нашай Ніве».

Былы ваяр «Вецер». Фота: асабісты архіў Сяргея

Былы ваяр «Вецер». Фота: асабісты архіў Сяргея

Як даведаўся, што такое рэальная вайна

Сяргей (імя зменена на яго просьбу) з'ехаў ва Украіну ў сакавіку 2022 года, пераканаўшыся, што мірныя пратэсты на радзіме не даюць плёну. У гэтым ён упэўніўся 27 лютага, калі амапаўцы жорстка разагналі марш супраць вайны.

«Мы выгуквалі «Не вайне», а нас у адказ білі дручкамі, — згадвае Сяргей. — Мы даводзілі амапаўцам, што выступаем за тое, каб яны не гінулі на вайне, і што мы з імі мусім быць на адным баку, але нас ніхто не чуў. Гэтак жа было ў 2020 годзе».

У канцы сакавіка 2022 года суразмоўца падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Украіны і далучыўся да батальёна беларускіх добраахвотнікаў імя Кастуся Каліноўскага. Праз два месяцы ён стаў палком.

Сяргей не выключаў, што ва Украіну ўслед за расійскімі прыйдуць і беларускія вайскоўцы, сярод якіх будуць сілавікі, якія збівалі пратэстоўцаў. Галоўнае для яго было займець зброю.

«Мы гатовыя былі іх сустрэць, — кажа ён. — Яны ў Мінску з намі рабілі, што хацелі, а тут мы з імі аказаліся б на роўных. Хацелася сустрэцца з імі твар у твар. Але аказалася, што яны сцыканулі ды не прыйшлі, і тым самым, відаць, захавалі сваё жыццё».

З пазыўным «Вецер» Сяргей ваяваў чатыры месяцы. Гэта быў найцяжэйшы час поўнамаштабнай расійскай агрэсіі. Украіна тады адбівала наступ агрэсара на ўсіх франтах.

Беларускі добраахвотнік быў разведчыкам. Удзельнічаў у абароне Мікалаева, Севераданецка, выконваў задачы ў Запарожжы і вызваляў Херсонскую вобласць.

Сяргей не меў вайсковага досведу. Пра вайну ведаў з кніг і фільмаў. На яго погляд, да рэальнай вайны ніхто не можа быць падрыхтаваны.

Ён кажа, што трапіў у зону баявых дзеянняў падчас абароны Мікалаева. Там яму не давялося ўбачыць праціўніка, бо ён быў на адлегласці трох кіламетраў.


Глядзіце таксама

Што такое рэальная вайна, Сяргей даведаўся падчас мінамётнага абстрэлу поля, якім ішло яго падраздзяленне.

«Там былі ўсцяж варонкі ад выбухаў, — апавядае «Вецер». — На гэтым полі раней былі параненыя нашы пабрацімы. Там жа пачалі абстрэльваць і нас. На тым полі я сутыкнуўся з рэальнасцю. Там стралялі па мне. Я чуў, як вылятае міна, кідаўся на зямлю і думаў, ці прыляціць яна па мне. Разрыў адбываўся непадалёк. Некалькі секундаў яшчэ ляжаў, затым падымаўся і ішоў далей да наступнага стрэлу. Так праходзілі поле, чатырыста метраў».

У Севераданецку Сяргея ледзь не застрэлілі, калі ён з напарнікам ішоў эвакуяваць параненага пабраціма. Тады расійскія кулі праляцелі вышэй за яго галаву.

«У мяне дагэтуль карцінкі абязлюджаных вёсак з пасаджанымі агародамі»

У Лісічанску каліновец у адным з кінутых дамоў натрапіў на кнігу Васіля Быкава. Яна стала яго спадарожніцай. Зборнік твораў беларускага пісьменніка ён прывёз з сабою ў Польшчу і збіраецца вярнуць яго гаспадарам, калі зʼявіцца такая магчымасць.


Асобнік кнігі Васіля Быкава, які пазычыў беларускі добраахвотнік у гаспадароў дома, дзе чакаў баявога задання. Фота: асабісты архіў Сяргея

Асобнік кнігі Васіля Быкава, які пазычыў беларускі добраахвотнік у гаспадароў дома, дзе чакаў баявога задання. Фота: асабісты архіў Сяргея

«Васіль Быкаў добра апісвае псіхалагічныя перажыванні салдата на вайне, і яны зусім не гераічныя. Калі чытаеш яго творы, то становіцца страшна ад таго, наколькі дакладна апісана ім ваенная абстаноўка і паводзіны на ёй людзей», — пераказвае ўражанні ад прачытанага Сяргей.

На яго погляд, у фільме «Выратаваць шарагоўца Раяна» вайна паказаная таксама рэалістычна. У стужцы адлюстраваныя перажыванні салдат і камандзіра, калі яны сутыкаюцца са стратамі, якія непазбежныя на вайне, адзначае ён.

Сяргей кажа, што за чатыры месяцы, пакуль ён быў на вайне, загінула шасцёра беларускіх добраахвотнікаў. На фронце прывыкаеш да страт, але яму цяжка было прыняць смерць Паўла «Волата».

«Я з ім не быў на аперацыі, знаходзіўся на базе ў Мікалаеве. Быў у варце. Прыйшла спачатку інфармацыя, што Паша «300-ты» (паранены), а калі яго давезлі да бальніцы, паведамілі, што «200-ты» (памёр). Я плакаў. Дазволіў сябе такую слабасць», — згадвае каліновец.

Ён кажа, што быў блізка знаёмы з Іванам «Брэстам» Марчуком і дагэтуль не можа супакоіцца, што пабрацім не пахаваны.

«Целы «Брэста», «Атама», «Сябро», «Папіка» дагэтуль на захопленай расіянамі ўкраінскай тэрыторыі, — зазначае Сяргей. — Тое, што яны не пахаваныя, не дае спакою. Іх целы неабходна адшукаць і пахаваць з усімі воінскімі ўшанаваннямі».

Сяргей падкрэслівае: там, дзе праходзіць фронт, амаль нічога жывога не застаецца.

«У мяне дагэтуль карцінкі абязлюдзелых вёсак з пасаджанымі агародамі. Куры нясуць яйкі, сабакі, каты бегаюць, а гаспадары зʼехалі і іх не змаглі забраць. Страшна, што там робіцца. Ці хопіць сіл у жыхароў на аднаўленне паселішчаў?» — непакоіцца суразмоўца.

«Хадзіў па лязе нажа»

Сяргей прызнаецца, што стомленасць вайною паволі надыходзіла. Вайсковае жыццё было ў пастаяннай трывозе. Дужа цяжка разняволіцца, калі ўвесь час ты мішэнь для непрыяцеля.

«Не хапала паўнавартаснага адпачынку. Каб ён быў, трэба выязджаць на бяспечную тэрыторыю, а такой магчымасці ў нас не было. Уся Украіна абстрэльваецца», — адзначае суразмоўца.

«Украінцы могуць паехаць да сем’яў, бо яны ў сябе дома. Нам жа няма куды ехаць. У нас няма магчымасці пабачыць сваіх блізкіх у Беларусі. Гэта ўзмацняе зморанасць».

Сяргей кажа, што з кожным выратаваннем прыходзіла разуменне: «хаджу па лязе нажа, і смерць усё бліжэй».


Севераданецк у ліпені 2022 года. Фота: Oleksandr Ratushniak / AP Photos

Севераданецк у ліпені 2022 года. Фота: Oleksandr Ratushniak / AP Photos

«Калі заязджалі ў Севераданецк, то джып, якім ехалі, перакуліўся. Некалькі чалавек атрымалі раненні. У мяне быў шнар на твары, але я працягнуў ваяваць. Падчас аднаго з наступаў разрывы былі дужа блізка ад мяне. Нават аглушыла і прывяло да кантузіі», — згадвае Сяргей ваенныя эпізоды, якія змусілі яго задумацца, што будзе з ім далей.

За чатыры месяцы псіхіка не вытрымлівала, а арганізм пачаў сігналізаваць, што ў яго праблемы. У выніку спрацаваў засцерагальнік, кажа ён.

«Першапачатковы мой гнеў з часам пачаў гаснуць. Сваю мэту абараніць Украіну, калі ёй было асабліва цяжка, я выканаў. Прыйшло разуменне, што вайна надоўга. Не так проста будзе перамагчы. Зброі, якая ёсць, недастаткова для наступу. Яе хапае, каб бараніцца», — апавядае Сяргей.

Ён кажа, што дактары дыягнаставалі ў яго посттраўматычны стрэсавы разлад. Гэта стан, калі чалавек зноў і зноў перажывае падзею, якая нанесла траўму. Такі разлад прыводзіць да дэпрэсіі, панічных атак, агрэсіўнасці і нават да самагубства.

У Польшчы Сяргей ужо год, але дагэтуль не выйшаў на сваё. Першыя паўгода былы каліновец быў у глыбокай дэпрэсіі. Не выходзіў з кватэры.

Акрамя таго, яшчэ на фронце ў яго зʼявіліся праблемы з суставамі. Правая рука адмаўлялася працаваць і дужа балела. Сяргей лічыць, што гэта наступствы таго, што яму даводзілася шмат часу праводзіць у акопах і ў падвалах спаць на халоднай падлозе.

Збор на рэабілітацыю для былога каліноўца цяпер адкрыў фонд «Байсол».

Канчаткова не вырашана пытанне з легалізацыяй. Былы вайсковец чакае рашэнне аб дазволе на часовае пражыванне ў Польшчы.


Глядзіце таксама

«Пратэсты 2020 года перашкодзілі Лукашэнку адправіць ва Украіну беларускае войска»

Сяргей кажа, што яму было не проста звярнуцца па дапамогу. Ён спрабаваў даць рады праблеме сам, але не выйшла.

«У мяне быў невялікі запас грошай. На вайне быў на кантракце, і мне плацілі. Грошы я не траціў, бо ежа была, жытло таксама. Таму грошы былі на першы час жыцця ў эміграцыі», — тлумачыць былы каліновец.

Часам на Сяргея накатвае адчуванне віны, што дэмабілізаваўся, кінуўшы пабрацімаў. З некаторымі перапісваецца дагэтуль. Яму баліць, калі даведваецца, што з кімсьці здарылася бяда.

«Я добраахвотнік, па ўсіх умовах прыйшоў на вайну добраахвотна і добраахвотна мог адысці. Тэарэтычна вайна можа прыйсці ў Польшчу, і мой баявы досвед будзе важным для гэтай краіны», — адзначае Сяргей.

Былы вайсковец лічыць, што праблемы са здароўем не толькі звязаныя з вайной. Гэта яшчэ і наступствы ўдзелу ў пратэстах на радзіме, страты бізнесу, які лічыў сваёй тэрыторыяй свабоды, эміграцыі ды няпэўнасці будучыні.


Жанчыны і дзеці на пахаванні ўкраінскага вайскоўца. Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photos

Жанчыны і дзеці на пахаванні ўкраінскага вайскоўца. Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photos

Аб пратэстах 2020 года Сяргей кажа, што тады беларусы зрабілі ўсё, на што былі здольныя. Ён перакананы, што беларускае войска рэжым Лукашэнкі не адправіў ва Украіну дзякуючы падзеям трохгадовай даўніны.

«Тады мы паказалі, што падтрымкі ўнутры краіны ў яго няма і як толькі ён войска паспрабуе ўвесці, то ўздымецца бунт», — лічыць суразмоўца.

Сяргей вернецца ў Беларусь, калі ў ёй будзе бяспечна. Адным з імаверных варыянтаў змены сітуацыі на радзіме ён бачыць абвал рэжыму Пуціна ў Расіі. Услед за гэтым хіснецца і рэжым Лукашэнкі.