Якім стане Маладзечна

Пра тое, як зменіцца горад і раён сёлета і ў наступныя гады, распавяла начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Маладзечанскага райвыканкама Святлана Хрусталёва.



untitled11.jpg

Перад “Дажынкамі” прапаноўвалі такі праект вуліцы

На 2013 год запланаваны ўвод у эксплуатацыю 65 тысяч квадратных метраў жылля. Прыкладна 20 тысяч з іх — кватэры з рознай колькасцю пакояў у шматпавярховых дамах. Яшчэ 45 тысяч квадратных метраў — гэта прыватныя дамы, якія будуюць у Маладзечанскім раёне.

Плануецца, што сёлета пачнецца будаўніцтва гандлёвага цэнтра ў мікрараёне №7 горада Маладзечна, які паўстане насупраць Усходняга мікрараёна. Будынак размесціцца непадалёк ад стэлы.

Сёлета “Камунальнік плануе добраўпарадкаваць тэрыторыю каля абеліска і брацкай магілы савецкіх воінаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ў скверы па вуліцы Язэпа Драздовіча. У прыватнасці, там пакладуць дробнаштучную каляровую плітку.

Інстытут “Маладзечнапраект рыхтуе праектна-каштарысную дакументацыю на будаўніцтва дзіцячага садка-школы ў мікрараёне Усходнім.

Аднак тое, што цяпер ёсць у горадзе, — гэта толькі частка планаў па добраўпарадкаванні горада. Сёлета першачарговае пытанне — гэта запланаваны капітальны рамонт вуліц, прычым не толькі цэнтральных — асфальтавае пакрыццё, асвятленне, пешаходныя дарожкі.

Парк працягне прыгажэць

 

Сёлета “Камунальнік правядзе праектна-пошукавыя работы на добраўпарадкаванне паўднёвай часткі гарадскога парку культуры і адпачынку імя Перамогі. Праект будзе прадугледжваць дзіцячую пляцоўку, месцы для адпачынку.

Дадатковыя работы будуць праводзіцца з востравам у паўднёвым вадаёме. Меркавалася, што там паселяцца птушкі, але так не здарылася. Таму прапануюць паставіць там ці ратонду, ці альтанку, а таксама мосцік, каб туды можна было прайсці.

Плануецца праектаванне размяшчэння ў парку ЗАГСа на былой танцавальнай пляцоўцы. Над эскізам будынка і тэрыторыі каля яго ўжо працуюць супрацоўнікі “Маладзечнапраекта.

Праекты, якія прадугледжвае генплан, маюць перспектыву рэалізацыі да 2020 года.

Новыя фантаны

— Усе гавораць, як цудоўна за апошнія гады змяніўся горад, папрыгажэў, — распавядае Святлана Хрусталёва. — І нават мінчане гавораць, што з задавальненнем тут жылі б. Гэта вельмі прыемна чуць. У 2011 годзе Маладзечна перамагло ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе на самы добраўпарадкаваны горад. Падалі матэрыялы і сёлета, спадзяёмся таксама атрымаць прызавое месца.

Праектам дэталёвай планіроўкі цэнтральнай часткі горада было прадугледжана, што пры стварэнні пешаходнай зоны зробяць і два падземныя пераходы — на вуліцы Валынца і Лібава-Роменскай. Аднак на рэалізацыю гэтых праектаў пакуль няма сродкаў.

— Мы часта абмяркоўваем частку пешаходнай вуліцы, якая бліжэй да чыгункі, — тлумачыць Святлана Хрусталёва. — Нам вельмі хацелася б насыціць яе малымі архітэктурнымі формамі, вертыкальнымі шмат’­яруснымі кветачніцамі. Хочацца зрабіць тут фантан. Напрыклад, такі, як на вуліцы Леніна ў Мінску — са струменямі рознай вышыні, з падсветкай. Але гэта патрабуе сур’ёзных выдаткаў, таму калі гэта будзе рэалізавана, пакуль не можам сказаць.

untitled2.jpg

Такім бачылі начны варыянт пешаходнай вуліцы.

Ці застануцца ў цэнтры прыватныя дамы

У будучыні прадугледжаны знос дамоў па вуліцах Бухаўшчына, Лібава-Роменскай, Буйніцкага, Віленскай, 17 Верасня. Паводле генплана, тэрыторыя каля вуліцы Прытыцкага — цэнтральнае ядро горада, гэта самы цэнтр. Таму тут некалі пабудуюць шматправярховыя дамы на сем, дзевяць і нават дзесяць паверхаў.

Знос прыватных дамоў быў прадугледжаны яшчэ генплананам, які распрацавалі ў 1982 годзе. І першае, што ўжо рэалізавана, — гэта шматпавярхоўка за Палацам культуры. Яшчэ ў 2003 годзе было прынятае рашэнне гарвыканкама, паводле якога забаранілі будаваць новыя прыватныя дамы ў гэтай частцы горада.

І нават існаваў інвестар, які хацеў знесці хаты па вуліцах Буйніцкага, Партызанскай і Грамадоўскай. Падлічылі, што неабходна каля 90 кватэр, каб адсяліць людзей. Пачалі распрацоўваць праект, уклалі каля 30 мільёнаў рублёў. Але калі прыйшоў крызіс, інвестары адмовіліся ад праекта.

Што можна будаваць на Старым Месце

У межах рэалізацыі генплана забудовы Маладзечна распрацаваны дэталёвы план цэнтральнай часткі горада з праектам рэгенерацыі гістарычнай зоны.

Гістарычная частка знаходзіцца ў раёне Старога Места. У гэтай частцы горада забароненае будаўніцтва вытворчых аб’ектаў і шматпавярховак.

Рынак па Хмяльніцкага трэба перанесці

Сучасны рынак па вуліцы Хмяльніцкага не адпавядае санітарным нормам. Не вытрымана санітарна-ахоўная зона да жылых дамоў, няма неабходнай колькасці парковачных месцаў. У базарныя дні машынамі занятыя ўсе бліжэйшыя вуліцы і дваровыя тэрыторыі. Перанесці яго плануюць да рэчавага рынку.

Аднак складанасць рэалізацыі ў тым, што на рынку шмат аб’ектаў, якія знаходзяцца ва ўласнасці не толькі райспажыўтаварыства. Таму на такі праект неабходна знайсці інвестара.

У 2013 годзе ўводзяць у эксплуатацыю наступныя аб’екты:


— Забойны цэх новых вытворчасцей мясакамбіната за мікрараёнам Парашкі.


— Гандлёвыя цэнтры “Маладзечнамаркет па вуліцах Будаўнікоў, у мікрараёне №6 на перакрыжаванні Вялікага Гасцінца і вуліцы Гарадоцкай.


— Радашкавіцкі Дом культуры рэканструююць пад вытворчасць дэкаратыўнай касметыкі “Белордызайн.


— Аб’ект прыдарожнага сэрвісу “Зорка аўтастрады каля Радашкавічаў. Уключае гасцініцу, краму, кафэ і аўтастаянку.

Зоя Хруцкая, “Рэгіянальная газета