«Яны перагаварыліся паміж сабой і сказалі закінуць да самых неадэкватных»
Мінчука Пятра Кірыка затрымалі 12 жніўня, каля 23.15, калі ён выходзіў з сябрам з аўтобуса (паміж станцыямі метро Малінаўка і Пятроўшчына). Хлопцу было 16 гадоў (цяпер яму споўнілася 17), аднак гэта не спыніла АМАП ва ўжыванні да яго сілы. Сваю гісторыю Пётр распавёў праваабаронцам Вясны.
"Да нас падышлі два чалавекі ў масках — у цывільным, — распавёў Пётр Кірык. — Сказалі падысці да іх. Я зрабіў крок у іх бок — і мяне схапілі за руку. Спалохаўшыся, я выхапіў сваю руку і прабег некалькі дзясяткаў метраў. Але ён сказаў: "Стой, страляць буду!". Я спыніўся. Ён падбег, заламаў мне рукі за спіну і павёў у бок сіняга мікраўтбуса, які стаяў у двары. Мяне нагнулі на калені і зрабілі некалькі ўдараў дубінкай. Кінулі на зямлю. Я сядзеў на зямлі, мяне некалькі разоў ударылі дубінкай па многіх частках цела: спіна, ногі і сцёгны. Затым паставілі тварам да борціка мікрааўтобуса і дагледзелі. Дасталі мабільны тэлефон і запатрабавалі пароль. Я сказаў, што забыўся. Пасля гэтага прыляцеў удар дубінкай па руцэ".
У Пятра патрабавалі пароль некалькі разоў. І пасля кожнага адказу аб тым, што ён яго не памятае, хлопца білі дубінкай.
Затым Пятра жорстка ўзялі за валасы і пасадзілі ў мікрааўтобус на калені, прыхінулі галавой да шкла, а рукі за спіной зацягнулі сцяжкамі. Ад супрацоўнікаў пастаянна чуліся абразы:
"Прылятала, што мы жывёлы, жывёліны, майданутыя... Мне і майму сябру пасвяцілі ў твар ліхтарыкам і сказалі, што мы наркаманы і сядзем надоўга. Сказаў, што зрэнкі шырокія, потым сказаў, што вузкія — маўляў, ты наркаман. Білі ў мікрааўтобусе па ягадзіцах, па нагах, па спіне дубінкай".
Пётр памятае, што супрацоўнікі паміж сабой перагаворваліся: "Выключы ліхтарык, зачыні шторы, інакш нас ўбачаць з [суседняга] дома".
Хлопец адразу паведаміў супрацоўнікам, што яму 16 гадоў, але тыя яму адказалі: "Няма чаго ў такім узросце гуляць так позна". Нарэшце, ужо ў мікрааўтобусе ў яго папрасілі дакументы.
"Паглядзеўшы пашпарт, біць мяне сталі менш — толькі па ягадзіцах і нагах. Потым — толькі па ягадзіцах, а астатніх, бо яны паўналетнія — па ўсім".
Ад нерухомага сядзення на падлозе мікрааўтобуса ў Пятра здарыліся сутаргі абедзвюх ног. Ён папрасіў у супрацоўнікаў змяніць позу. У адказ атрымаў адмову: "інакш мы цябе ізаб'ём".
Праз некаторы час прыехаў аўтазак — і ўсім затрыманым скамандавалі ўстаць.
"Я не мог устаць, зацяклі ногі, — працягвае свой аповяд Пётр. — Але мяне ўдарылі дубінкай, сказалі ўстаць хутка. Мяне перадалі дужаму амапаўцу ў чорнай форме — ён павёў мяне да аўтазака. Ударылі ад пяць разоў дакладна па ўнутранай частцы нагі".
Пятра і іншых затрыманых адвезлі ў РУУС Маскоўскага раёна.
"Яны перагаварыліся паміж сабой і сказалі закінуць да самых неадэкватных людзей. І павялі нас на 4-ы паверх, у актавую залу. Там сядзелі прадстаўнікі органаў улады. Наколькі я разумею, міліцыя, супрацоўнікі АМАПу. Яны перагаворваліся паміж сабою, жартавалі і білі дубінкамі людзей, якія ляжалі на зямлі. Мне таксама загадалі легчы на падлогу, ногі крыж на крыж. Ляжалі мы так хвілін сорак".
Пасля гэтага Пятра вывелі ў іншае памяшканне, дзе былі, як мяркуецца, супрацоўнікі РУУС. Яны пыталіся ў Пятра, хто ён такі, дзе працуюць яго бацькі, а адказы здымалі на відэа.
Пра тое, што ён знаходзіўся менавіта ў Маскоўскім РУУС, Пётр даведаўся толькі пасля таго, як яго аддалі бацькам.
Маці Пятра Маргарыта Кірык распавяла, што ёй патэлефанавала невядомая жанчына і паведаміла аб тым, дзе ёй варта забраць сына. Прыехаўшы пад сцены Маскоўскага РУУС, Маргарыта чакала сына каля дзвюх з паловай гадзін, пакуль не выйшаў нейкі супрацоўнік. Яго Маргарыта не змагла разгледзець, бо было вельмі цёмна.
"Ён сказаў, што Пётр вельмі даросла выглядае. І ў наступны раз (калі яго затрымаюць) ён атрымае па поўнай", — падзялілася ўспамінамі Маргарыта.
З РУУС Пётр выйшаў прыкладна ў 3.30 13 жніўня.