Міліцыянты з Буда-Кашалёва пра сімвалы «Z» і «V»: «Тое ж самае, што і будзе напісана Adidas»

У Буда-Кашалёва міліцыянты прыйшлі на мерапрыемства з сімваламі расійскага ўварвання ва Украіну. Журналісты патэлефанавалі ім, каб спытаць, што гэта значыць.

Міліцыянты на «Дні здароўя» ў Буда-Кашалёве

Міліцыянты на «Дні здароўя» ў Буда-Кашалёве


На выхадных супрацоўнікі Буда-Кашалёўскага РАУСа (Гомельская вобласць) выйшлі на «Дзень здароўя» з сімваламі «Z» і «V», а таксама лозунгамі расійскіх вайскоўцаў, якія напалі на Украіну. Пра гэта напісала мясцовая «раёнка». 
У каманды супрацоўнікаў райаддзела ў руках быў самаробны плакат «Zадачу Vыполним». У некаторых на кепках побач з беларускім сцягам былі стужкі і ў колерах расійскага.
Журналісты патэлефанавалі начальніку Буда-Кашалёўскага РАУСа Віталю Падзяруну як жыхары райцэнтра і спыталі, ці значыць гэта, што ў аддзеле падтрымліваюць напад Расіі на Украіну. Доўгі час гаварыць па тэлефоне на гэтую тэму кіраўнік РАУС не хацеў — запрашаў прыйсці асабіста на прыём або даслаць пісьмовы зварот. Але потым усё ж даў адказ:
— Нашы супрацоўнікі не забароненыя нейкія моманты могуць [выкарыстоўваць] — тое самае, што на шапцы будзе напісана «Adidas» ці яшчэ нешта. Гэта ж не забаронена, правільна? Шапкі надзелі такія, якія былі.
Мы таксама спыталі, чаму ў беларускіх міліцыянтаў на кепках расійскі сцяг і ці плануюць нашы праваахоўнікі ехаць ва Украіну ваяваць на баку Расіі, але адказаў на гэтыя пытанні не атрымалі.
— З украінскім сцягам можна выйсці на вуліцу? Ён жа таксама не забаронены.
— Я вам такі дазвол не дам, не даю дакладней — мы не кампетэнтныя ў гэтым, — смеючыся, адказаў начальнік райаддзела міліцыі.
— Гэта значыць украінскі сцяг нельга, а з літарамі «Z» і «V» — можна?
— Я вам не магу ні дазволіць, ні забараніць, — адказаў Віталь Падзярун.