Нахабнік Дземянцей
Непасрэдна перад прэзідэнцкімі выбарамі ўлада вырашыла скарыстаць прапагандысцкія паслугі многіх вядомых у краіне дзеячаў. І тых, хто сёння мае элітны сацыяльны статус, і тых, што былі, як
кажуць, знакавымі фігурамі ў мінулым.
Былыя парламентарыі, былыя прэм’еры, былыя спартсмены, сённяшнія лідэры грамадскіх аб’яднанняў і рухаў.
Непасрэдна перад прэзідэнцкімі выбарамі ўлада вырашыла скарыстаць прапагандысцкія паслугі многіх вядомых у краіне дзеячаў. І тых, хто сёння мае элітны сацыяльны статус, і тых, што былі, як
кажуць, знакавымі фігурамі ў мінулым.
Былыя парламентарыі, былыя прэм’еры, былыя спартсмены, сённяшнія лідэры грамадскіх аб’яднанняў і рухаў.
Па сваіх адметных асабістых якасцях па-за межамі канкурэнцыі аказаўся былы старшыня Вярхоўнага Савета БССР Мікалай Дземянцей. Людзі сталага веку, якія памятаюць яго лапідарна-трапны выраз пра
дэпутатаў, што «скапліваюцца ў заднім праходзе», задаволена ўздыхнулі — жывы стары краснабай! І адначасова жахнуліся — якая, пардон, бязглуздзіца. Спачатку Мікалай
Іванавіч гаварыў як па пісанаму і, мусіць, тое, што было патрэбна яго суразмоўцу-журналісту з БелТА. Ён добрым словам памянуў выбранае некалі для Беларусі прэзідэнцкае праўленне, ухваліў таго
чалавека, якога час абраў заняць гэту пасаду.
Не было нічога дзіўнага, што ён адмовіў «асобным прэтэндэнтам на галоўную пасаду ў краіне» ў праве заклікаць народ на плошчу, бо «шлях экстрэмізму — гібельны
шлях». Маўляў, ён крымінальны, нікуды не вядзе ў сэнсе сацыяльна-эканамічным, але падлягае пераследу па закону.
Так яно ў Беларусі і ёсць, і ёсць адпаведныя законы, і калі будзе патрэба, будуць напісаны яшчэ больш адпаведныя. Вядома ж, у нас існуе такі падзел працы — адны закон пішуць, а іншыя
змушаюць усіх астатніх яго выконваць. Таму першыя стаяць над законам, другіх закон бароніць, а абсалютную большасць трэціх — змушае выконваць, як некалі лічыў Ленін, волю правячага класа.
Такіх вось Мікалаяў Іванавічаў.
Пакуль таварыш Дземянцей распавядаў пра сваё разуменне сучасных палітычных ды сацыяльных рэалій, усё было добра. Але нейкі нячысцік, так бы мовіць, другое «Я», падштурхнуў яго да
гістарычных экскурсаў. У выніку мы даведаліся, што ўсе распады буйных геапалітычных аб’яднанняў (ці гэта развал Свяшчэннай Рымскай Імперыі, ці Савецкага Саюза) вядуць да агромністай затрымкі
ў развіцці дзяржавы. Гэта ўжо нейкае сапраўднае ноў-хаў у сацыяльных навуках.
Бо раней лічылася, што Савецкі Саюз ёсць дзіцём ад пазашлюбнай сувязі Кацярыны Другой з Карлам Марксам, а аказваецца, ён стаўся нашчадкам феадальна-тэакратычнай дзяржавы, створанай імператарам
Аттонам Першым, якая з сярэдзіны 16 стагоддзя называлася Свяшчэннай Рымскай Імперыяй германскай нацыі, пасля 1806 года — Германскім Рэйхам, пасля 1933 года Трэцім рэйхам. Бо Гітлер, калі
ўзначаліў яго, для ажыццяўлення гістарычнай справядлівасці паставіў мэтай аднавіць нямецкі парадак ва ўсіх краінах, якія некалі ўваходзілі ў склад Першага рэйха. А за кампанію (дзеля пашырэння
жыццёвай прасторы германскай нацыі) вырашыў прыхапіць і тое, што да рэйха ніколі не належала — Беларусь, Украіну, лепшую (еўрапейскую) частку Расіі. Да вясны 1945 года аб’яднаным
нацыям, у кампаніі якіх годную ролю адыгралі і беларусы, удалося адбіцца ад Гітлера. І гэта сталася вышэйшай праявай сацыяльнага прагрэсу за ўвесь час пісьмовай гісторыі чалавецтва.
Прынамсі, так лічылася да гэтага самага часу. Да такой думкі схіляліся насельнікі Італіі, Аўстрыі, Венгрыі, Чэхіі ды іншых краін Цэнтральнай Еўропы, якія некалі былі больш-менш самастойнымі
правінцыямі імперыі германскай нацыі. Увогуле, калі кінуць погляд на палітычную карту свету, то амаль пра кожную сучасную краіну можна сказаць, што яна некалі была ці правінцыяй, ці нават калоніяй
той ці іншай імперыі. Адны належалі германцам, другія — туркам, трэція — англічанам ці партугальцам.
І каб не распад імперый, так і засталіся б правінцыямі.
Тое ж самае і з Беларуссю, хоць яна мела іншых гаспадароў. Разважанні Мікалая Іванавіча пра сівую даўніну ўвогуле смешныя. Бо нельга ж уявіць былога намінальнага прэзідэнта Савецкай Беларусі, які
маркотна круціць глобус у роздуме, што б яшчэ падключыць да складу Беларускай імперыі. Але енкі пра СССР, без распаду якога не было б нашай дзяржавы, па-першае, надакучылі, па-другое, маюць усе
прыкметы дзяржаўнага злачынства. Бо ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якую ўхваляе Дземянцей за ўключэнне прэзідэнцкай формы кіравання, запісана, што яна з’яўляецца суверэннай унітарнай
краінай. І з гэтай нагоды ніякія (хоць бы па-старэчаму настальгічныя) разважанні на тэму, як яно было б лепей, з’яўляюцца недапушчальнымі.
Даўно трэба зразумець усім (асабліва тым, хто дзякуючы Віскулям атрымаў у рукі ўладу і не збіраецца яе аддаваць), што дзеля незалежнасці Беларусі СССР падлягаў разбурэнню. Як некалі Карфаген для
Рыма.
Пры мностве гарантаваных беларускам правоў, Канстытуцыя не дае нікому, ні адной асобе, права ставіць пад сумнеў факт яе незалежнага існавання.
Такім нахабнікам можна хіба паспачуваць. Маўляў, старое, што малое. Але толькі пасля судовага выраку.