«Нас пачалі проста... забіваць, можна так сказаць»
23-гадовы Ігар Квятко быў затрыманы 11 жніўня наўпрост ў машыне таксі.
Пра тое, што адбывалася далей, мінчанін распавёў «Вясне». Падчас свайго
інтэрв'ю Ігар не мог сядзець з-за атрыманых траўмаў.
«11 жніўня прыкладна ў 22.30 у раёне Серабранкі мы ўсталі ў корак. З'явіліся супрацоўнікі АМАПу і проста дасталі з таксі. Паклалі тварам у асфальт, пачалі біць па нагах і па спіне, абшукалі машыну. Пачалі пагражаць: "Ты кактэйль Молатава кідаў!" — і ўдарылі шокерам.
Пасля чаго мяне адвялі ў аўтазак, у якім былі салдаты тэрміновай службы. Там нас пачалі проста... забіваць, можна так сказаць. Гэта рабілі менавіта тэрміновікі.
У аўтазак змясцілі каля 40 чалавек. Сярод іх быў непаўналетні хлопец. Яго білі нават мацней, чым мяне. Напэўна, яны падумалі, што той кінуў камень у АМАП.
Яны ўжывалі газ. Распылялі яго, каб мы ім дыхалі, а самі апраналі процігаз. Для іх гэта была як пацеха.
Мы былі ў аўтазаку прыкладна гадзіну — пасля чаго нас павезлі ў РУУС Ленінскага раёна. Калі з аўтазака выходзіш, цябе чакае калона амапаўцаў, міма якіх трэба прабягаць — а цябе збіваюць. Калі ты ўпадзеш, дык цябе пачнуць збіваць яшчэ мацней.
Пасля чаго нас на вуліцы паставілі каленямі на асфальт — і мы чакалі дзве гадзіны, калі нас зарэгіструюць.
Нас адводзілі на відэаздымку — пыталіся, хто і адкуль? Рабілі вопіс рэчаў, патрабавалі даць тэлефон. Калі тэлефон быў выключаны, то патрабавалі ўключыць, адкрывалі галерэю і глядзелі фота і відэа.
Потым нас завялі ў гараж — там мы стаялі галавой да сцяны тры гадзіны.
Прыкладна ў тры гадзіны ночы амапаўцы сышлі і з'явіўся звычайны міліцыянт. Ён быў без маскі (амапаўцы ж заўсёды былі ў масках) і ставіўся да нас нармальна: ён дазволіў нам прысесці, паспаць і адводзіў нас у туалет.
Але ў 12 гадзін дня амапаўцы вярнуліся і пачалі нас маральна зневажаць. Яны маглі стаяць і казаць: "Гэта ты кідаў кактэйль Молатава! Ты!"
Прыкладна ў 16 гадзін 11 жніўня нас зноў пачалі грузіць у аўтазак. Калі прывезлі на Акрэсціна, таксама была такая ж калона амапаўцаў, скрозь якую трэба было прабягаць — а яны вельмі жорстка б'юць.
У камеры нас было каля 120 чалавек. Мы стаялі суткі. Прыбіральня? У нас было тры пластыкавыя бутэлькі. Мы іх выкарыстоўвалі для гэтага і ставілі ў куток.
Дзесьці ў тры гадзіны ночы нам далі нарэшце паесці — вядро катлет і трохі хлеба. Прынеслі ўпершыню вады — 12 літраў на 120 чалавек. Пачалі вадзіць з камеры па 6-8 чалавек у прыбіральню. Мы бралі бутэлькі з сабой і набіралі ваду.
У 5 гадзін раніцы назвалі маё прозвішча. Разам са мной дзясятак чалавек вывелі на вуліцу. Там стаяла тры сталы. Мяне падводзяць да стала — і там ляжаць два пратаколы. І проста паказваюць: "тут і тут стаў подпіс". Калі пачнеш чытаць — адразу даюць падпатыльнік. Адзін хлопец сказаў, што не згодны з пратаколам — яго адвялі за плот. Я чуў крыкі. Потым яго прыводзяць назад — і ён ставіць усе подпісы.
Пасля гэтага нас спыталі: "Вы на выходныя выйдзеце на мітынг?" Гэта такі маральнае ціск. Ты кажаш — не. А калі маўчыш, можаш атрымаць.
Потым: "Бягом, марш! Па плоце не дакранаючыся травы!" — такая каманда была. Побач з плотам стаяў бусік — з яго выходзіў АМАП, цябе клаў на зямлю і хвіліну-паўтары нас білі.
Нас выпусцілі са словамі пра адно папярэджанне. "Калі трапіцеся яшчэ раз — то вас будуць біць яшчэ больш жорстка". А адзін з супрацоўнікаў сказаў: "Калі вы трапіце ў Жодзіна, то вас будуць сустракаць нашмат больш жорстка, чым тут, нашмат больш жорстка, чым зэкаў".
Калі я выйшаў з брамы Акрэсціна, валанцёр прапанаваў мяне падвезці. Я вельмі ўдзячны такім людзям, якія дапамагаюць. Так бы я ішоў гадзіны паўтары з такімі нагамі…»