«Наступны вялікі этап вайны перанясецца на тэрыторыю Беларусі ў бліжэйшыя паўтара-два гады»
Пра гэта разважае кіраўнік Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін
У сваім Facebook Аляксандр Апейкін піша:
«Ужо неаднойчы ў вузкіх колах выказваў думку, што наступны вялікі этап вайны перанясецца на тэрыторыю Беларусі ў бліжэйшыя паўтары-два гады. Сёння прызнанні Шольца пацвердзілі мае развагі. Чаму так можа адбыцца, на маю думку:
1. З-за паражэння ва Украіне мордар захоча прадэманстраваць хоць якую-небудзь перамогу імперыі і будзе імкнуцца інкарпараваць Беларусь праз уваход у склад РФ. Не праз "паглыбленне інтэграцыі" неіснуючай Саюзнай дзяржавы, падпісанне яшчэ сотні дарожных карт, а менавіта праз поўны ўваход Беларусі ў склад усходняга суседа. Гэта можна прадаць як нейкую перамогу.
2. У той жа самы момант відавочна, што ў Беларусі амаль няма электаральнага сегмента, які б падтрымліваў страту незалежнасці і ўваход у склад РФ. Натуральна, Лукашэнка і ягонае атачэнне таксама не збіраюцца ў РФ, бо бачаць відавочнае паражэнне РФ у вайне з Украінай, хуткае аслабленне суседа ў бліжэйшыя часы і магчымасць для геапалітычнага манеўра для захавання сваёй улады. Пры гэтым у страце незалежнасці не зацікаўлены ўсё палітычныя сілы ў Беларусі.
3. Калі стане зразумела, што працэс "шчаслівага аб'яднання" наўмысна стопарыцца беларускім бокам, Крэмль можа абвінаваціць Лукашэнку і атачэнне ў чым заўгодна. На гэтай падставе Масква можа ўвесці войскі ў Беларусь для абароны чаго заўгодна альбо для правядзення "чэснага" рэферэндуму па ўваходзе Беларусі ў склад РФ. Расійская прапаганда будзе анансаваць "парад у Мінску" і "сустрэчу з кветкамі". Оркам вельмі важна нават фальшывае пацверджанне, што іх нехта любіць і чакае.
4. Для абароны незалежнасці Беларусі ад Масквы могуць паўстаць усе колы грамадства, нават тыя, якія былі палітычнымі ворагамі пасля 2020-га года. Частка беларускай арміі і сілавікоў пры падтрымцы грамадства, добраахвотнікаў, дыяспары пачне ўзброенае супраціўленне. Ім на дапамогу могуць прыйсці злучэнні ўкраінскай арміі і заходняя зброя. Пачнуцца маштабныя баявыя дзеянні, а разам з імі — гістарычныя турбулентнасць і чарга непрадказальных падзей.
Вайна, быццам пажар, можа з лёгкасцю перакінуцца на Беларусь. І толькі не кажыце, што "это невозможно, потому что политологи на Ютубе нам объяснили, что на войну нет социального запроса". Гісторыя працуе па іншых законах. Вайна на тэрыторыі Беларусі адбывалася ўжо некалькі дзясяткаў разоў за апошнюю тысячу гадоў. У сярэднім па 2-3 буйныя узброеныя канфлікты на стагоддзе. Прычым асноўная частка з іх была менавіта з Масквой, некаторыя войны ішлі дзесяцігоддзямі. Беларусь — гэта ніякі не мірны край, гэта край перманентнай вайны на ўсёй тэрыторыі. Якраз адсутнасць вайны для Беларусі з'яўляецца чымсьці нетыповым.
З улікам аслаблення Масквы і пры намаганні беларускага грамадства ды саюзнікаў мяжа еўрапейскай цывілізацыі можа перасунуцца да Смаленска і Бранска».