Не пнеш — не заварушыцца

Здаецца, пакуль беларуса не пнеш — ён не заварушыцца. На гэтым тыдні такое і здарылася. Да нас заехала дэлегацыя чэшскага сенату і дакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Сініка Хурскайнен. Гэтыя людзі сустракаліся з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі, і, відавочна сустрэчы сталі своеасаблівым «кухталём» для кансалідацыі апазіцыянераў.

У прыватнасці, вельмі тэрмінова прадстаўнікі беларускіх апазіцыйных партый выпрацавалі сумесны зварот да Савета Еўропы і Парламенцкай асамблеі СЕ, які і перадалі спадарыні Хурскайнен.



aa6b7ad9d68bf3443c35d23de844463b.jpg

Здаецца, пакуль беларуса не пнеш — ён не заварушыцца. На гэтым тыдні такое і здарылася. Да нас заехала дэлегацыя чэшскага сенату і дакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Сініка Хурскайнен. Гэтыя людзі сустракаліся з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі, і, відавочна сустрэчы сталі своеасаблівым «кухталём» для кансалідацыі апазіцыянераў.
У прыватнасці, вельмі тэрмінова прадстаўнікі беларускіх апазіцыйных партый выпрацавалі сумесны зварот да Савета Еўропы і Парламенцкай асамблеі СЕ, які і перадалі спадарыні Хурскайнен.
Дакумент быў перададзены 24 жніўня на сустрэчы прадстаўнікоў апазіцыі з дакладчыкам ПАСЕ ў Мінску.
У звароце, падпісаным кіраўнікамі дзевяці палітычных структур, утрымліваецца «агульная пазіцыя» беларускай апазіцыі аб развіцці дыялогу паміж Беларуссю і Саветам Еўропы. У дакуменце адзначаецца: шлях Беларусі ў структуры Савета Еўропы ляжыць праз свабодныя і дэмакратычныя выбары, якія нельга праводзіць, калі ў краіне ёсць палітвязні і заканадаўства, што дазваляе фальсіфікацыі.
У дакуменце таксама робіцца акцэнт на існыя ў Беларусі абмежаванні для працы прэсы і парушэнні права на свабоду асацыяцый. Апазіцыянеры прапануюць вярнуцца да пытання далучэння Беларусі да Савета Еўропы пасля правядзення прэзідэнцкай кампаніі.
Больш за тое: прадстаўнікі апазіцыі 24 жніўня ў Мінску падпісалі пагадненне пра каардынацыю дзеянняў падчас найбліжэйшай кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі.
Дакумент падпісалі лідэр кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін і Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэр Еўрапейскай кааліцыі Мікалай Статкевіч, кіраўнікі аргкамітэтаў па стварэнні партый «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі і Партыі жанчын «Надзея» Алена Яськова.
Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч не змог прысутнічаць на падпісанні, але выказаў гатоўнасць далучыцца да дакумента. Акрамя таго, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч падпісаў пагадненне з агаворкай, што дзеянні апазіцыі на выбарах павінны быць скіраваныя не толькі на барацьбу з Аляксандрам Лукашэнкам, але і з прарасійскім кандыдатам.
Пагадненне прадугледжвае, што дэмакратычныя сілы дамаўляюцца правесці масавую інфармацыйную кампанію з мэтай данясення да ўсіх жыхароў Беларусі звестак пра шкоду, якую наносіць беларускаму народу палітыка цяперашняй улады; правесці масавую мабілізацыйную кампанію сярод выбаршчыкаў, у прыватнасці ператварыць магчымы пасіўны пратэст у форме няўдзелу ў выбарах у пратэст дзейны, каб большасць прагаласавала супраць цяперашняй улады; арганізаваць працу з членамі выбарчых камісій, а таксама эфектыўнае назіранне на ўчастках з мэтай выяўлення фальсіфікацый і міжнароднага непрызнання сфальсіфікаваных вынікаў выбараў.
Апроч таго, у дакуменце вызначаныя і амаль фантастычныя мэты. Прыкладам, наладзіць кантакты і правесці перамовы з урадавымі чыноўнікамі, рэгіянальнымі кіраўнікамі, дырэктарамі прадпрыемстваў і афіцэрамі МУС, якія ўжо ўсвядомілі, што ўладу трэба мяняць. Таксама арганізаваць унутраны і знешні ціск на ўладу з мэтай змены выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі. У адпаведнасці з пагадненнем апазіцыя бярэ на сябе абавязацельства абмеркаваць пытанне аб стварэнні «каардынацыйнага цэнтра кампаніі на прынцыпах роўнасці».
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька назваў дакумент першым крокам да канкрэтных сумесных дзеянняў. «Калі пагадненне падпішуць усе палітычныя сілы Беларусі, у нас ёсць шанец выйсці на адзінага кандыдата і — як вынік — змагацца за перамогу на выбарах», — заявіў ён.
Спадзяванні на тое, што будзе «адзіны кандыдат» ад апазіцыі, зараз выглядаюць вельмі недарэчнымі. Прынамсі, прадстаўнікі некалькіх прэтэндэнтаў у прэзідэнты гэта пагадненне не падпісалі. А значыць, «адзінага» не будзе.
Не спалі ў шапку і прадстаўнікі ўлады. Пра ход працы над Канцэпцыяй удасканалення мер крымінальнай адказнасці і сістэмы выканання крымінальных пакаранняў паведаміў 24 жніўня Аляксандру Лукашэнку генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч.
Прэзідэнт запатрабаваў ад яго «паскорыць працу над гэтым важным дакументам, зыходзячы з таго, што ў сучасных умовах неабходна яшчэ больш узважана падыходзіць да прызначэння пакаранняў, звязаных з пазбаўленнем волі, і больш шырока прымяняць штрафы». Лукашэнка таксама запатрабаваў «узмацніць пракурорскі нагляд за выкананнем заканадаўства ўсімі праваахоўнымі і кантрольнымі органамі, значна больш увагі надаваць таму, як забяспечваюцца правы і свабоды грамадзян».
Невядома, ці сталася гэта «кухталём» для таго, каб вызваліць з-за кратаў старшага следчага па асабліва важных справах Генеральнай пракуратуры Беларусі Святлану Байкову. Яе справа нарабіла шмат вэрхалу — бо менавіта яна падабралася да вельмі балючых карупцыйных схемаў улады. Але, тым не менш, 24 жніўня Васілевічам было адмоўлена ў працягу тэрміну ўтрымання пад вартай Байковай. Цяпер яна знаходзіцца дома: следствам абрана мера стрымання — хатні арышт. Тым не менш, тэрмін следства па крымінальнай справе генпракурорам працягнуты да 9 кастрычніка.
Але ёсць рэчы, на якія беларусаў заахвочваць не трэба. У апошнія гады ў Беларусі расце цікавасць да нацыянальнага вясельнага абраду. Пра гэта заявіла дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Святлана Лакотка.
Паводле яе слоў, упершыню паслугу «беларускае вяселле» музей прапанаваў у 2005 годзе. З кожным годам колькасць ахвотнікаў выканаць нацыянальны вясельны абрад расце. У 2009 годзе музей прыняў 50 пар, а вясной 2010 года ахвотнікі правесці вяселле ў адпаведнасці з нацыянальнымі традыцыямі ўжо запісваліся на восень — утварылася чарга.
Большасць ахвотных правесці нацыянальны вясельны абрад — моладзь. «Што цікава, ёсць пары, калі яна беларуска, а ён з іншай краіны, напрыклад, немец або японец», — адзначыла спецыяліст. Паводле яе слоў, даволі часта нявесты і жаніхі пры праходжанні беларускага вясельнага абраду апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, а не ў белую сукенку маладой і чорны касцюм маладога, як пры рэгістрацыі шлюбу ў ЗАГС.
Як лічыць Лакотка, рост цікавасці да нацыянальнага вясельнага абраду сведчыць пра ўзмацненне цікавасці да беларускай нацыянальнай культуры.