Нельга выключыць масавы зыход настаўнікаў са школ ужо ў верасні
З 1 верасня ў Беларусі павышаюцца нормы педагагічнай нагрузкі і тарыфныя стаўкі для педагогаў. На думку экспертаў, гэтыя новаўвядзенні наўрад ці прывядуць да сур'ёзнага рэальнага павелічэння заробку настаўнікаў.
Згодна з пастановай Міністэрства адукацыі ад 22 ліпеня 2013 г. № 51, 52, 53, 1 верасня для настаўнікаў і педагогаў дадатковай адукацыі норма педагагічнай нагрузкі за стаўку павялічваецца з 18 да
20 гадзін у тыдзень, выкладчыкам устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — з 720 да 800 гадзін у год. У цяперашні час сярэдняя педагагічная нагрузка настаўніка
складае 22 гадзіны ў тыдзень, адзначылі ў Мінадукацыі.
Адначасова пастановай Савета міністраў ад 6 жніўня 2013 года № 689 1 верасня на 25% павышаюцца тарыфныя стаўкі (аклады) настаўнікам, педагогам дадатковай адукацыі, выкладчыкам устаноў
прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Павышэнне заработнай платы звязана з павышэннем нормы педагагічнай нагрузкі, адзначаецца ў паведамленні прэс-службы міністэрства.
Адзначым, што аб аптымізацыі працы настаўнікаў казаў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім пасланні народу і парламенту 19 красавіка 2013. Тады ж Лукашэнка прапанаваў
для настаўнікаў падняць стаўку з 18 да 20 гадзін у тыдзень: «Ну зрабіце крок насустрач у гэтым плане, як адбылося з дзяржаўным апаратам, дзе я прыняў рашэнне па скарачэнні на 25%, і пад
13 тысяч чалавек мы скарацілі. Народ зразумее, калі мы за кошт гэтага і іншых рэсурсаў падымем заробак. Чаму не пайсці на гэтыя дзве гадзіны, каб народу прадэманстраваць?»
Як бачым, на гэта пайшлі з лёгкасцю. А самі настаўнікі, між тым, не згодныя, што іх нагрузка складае 18 гадзін у тыдзень. Кожны ўрок патрабуе значнага часу для падрыхтоўкі да яго. Акрамя гэтага
— праверка сшыткаў (аплачваецца, але вельмі сціпла), падрыхтоўка і правядзенне розных класных і пазакласных мерапрыемстваў (аплата настолькі малая, што многія настаўнікі спрабуюць
адмовіцца ад класнага кіраўніцтва), арганізацыя харчавання дзяцей, наведванне кватэр школьнікаў.
Настаўнікі таксама адзначаюць, што расклад складаецца з улікам шэрагу патрабаванняў, напрыклад, санстанцыі. Так, напрыклад, урок фізкультуры павінен насіць разгрузны характар, таму не павінен
стаяць апошнім урокам. Расклад часта такі: фортачка-ўрок, фортачка-ўрок. Гэта азначае, што можна адпрацаваць тры ўрокі, а праседзець 5. Фортачкі лічацца вольным часам настаўніка, у падлічаную
нагрузку не ўваходзяць.
Павышэнне заробкаў, аб якім гаворка ішла вышэй, не закране, растлумачылі ў прэс-службе Мінадукацыі, кіраўнікоў, дырэктараў школ, у прыватнасці. Псіхолагі, якія працуюць у школах, таксама
надбаўку не атрымаюць.
Гэтым спецыялістам, калі спраўдзяцца планы ўрада, павялічаць заробак у сувязі з павышэннем тарыфнай стаўкі першага разраду — таксама з 1 верасня. Пра гэта паведаміў намеснік
міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак 25 ліпеня ў Мінску на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях. «З улікам фінансавых
магчымасцяў дзяржавы і з мэтай скарачэння разрыву ў аплаце працы паміж бюджэтнымі арганізацыямі і ў народнай гаспадарцы 1 верасня плануецца ў чарговы раз павысіць стаўку першага
разраду», — сказаў ён. Атрымліваецца, што тарыфная стаўка настаўнікаў паднімецца двойчы. Дык будзе гэта ці не, у Мінадукацыі адказу не даюць.
У выніку своеасаблівага павышэння зарплаты ў сувязі з павышэннем нагрузкі многія настаўнікі адчуюць сябе падманутымі, лічыць рэпетытар па матэматыцы і фізіцы Яўген Лівянт.
Нельга выключыць масавы зыход гарадскіх настаўнікаў са школ ўжо ў верасні, пасля атрымання першага ў гэтым навучальным годзе заробку (на вёсцы гэтага не здарыцца, таму што там папросту няма іншай
працы).
Акрамя таго, Лівянт адзначыў, што ў пастанове Саўміна нічога не гаворыцца пра выхавальнікаў дзіцячых садоў, заробак якіх не дацягвае да настаўніцкага і з'яўляецца вельмі нізкім у
параўнанні з важнай сацыяльнай і педагагічнай роляй, якую выхавальнікі выконваюць. Як вынік, у большасці дзіцячых садкоў Мінска выхавальнікаў хранічна бракуе.
«Нельга сцвярджаць, што раней навучальныя ўстановы, дзе рыхтавалі педагогаў, былі самымі прэстыжнымі, але нават у педвучылішчы, у асноўным, вучыліся выдатніцы». Ён
падкрэсліў, што ўступная кампанія гэтага года, калі на многія педагагічныя спецыяльнасці быў недабор нават на бюджэт, гэта наглядна прадэманстравала. «Год таму, — адзначыў Лівянт, — у сувязі з новымі правіламі прыёму ў ВНУ я апублікаваў артыкул з прадказаннем недабору на бюджэтныя
месцы на многія педагагічныя і сельскагаспадарчыя спецыяльнасці ВНУ. На жаль, мой прагноз аказаўся дакладным».
«Мяркуйце самі, — адзначыў
ён, — раней у школе з усімі паперамі спраўлялася адна сакратарка з
друкаванай машынкай, а цяпер у кожнай школе цэлае машбюро з сучаснай аргтэхнікай. Раней адзін бухгалтар з рахункамі абслугоўваў каля дзесяці навучальных устаноў, а цяпер у кожнай школе па 1-2
бухгалтара з адмысловымі бухгалтарскімі праграмамі. Нескладана палічыць магчымую эканомію ў маштабах краіны».
У цэлым Лівянт падкрэслівае: важна, каб людзі, якія прымаюць рашэнні ў сістэме адукацыі, прызналі, што ў школьнай адукацыі назапасілася вялікая колькасць узаемазвязаных праблем. Немагчыма
вырашаць іх па адной. «Нават калі я не мае рацыю ў сваіх здагадках, і настаўніцкі заробак павялічыцца на 25%, ніякіх істотных паляпшэнняў у сістэме сярэдняй адукацыі не адбудзецца. Трэба
гаварыць аб сістэмным крызісе, а потым прымаць комплекс мер па мадэрнізацыі школьнай адукацыі», — сказаў эксперт.
naviny.by