Піяр падчас нарады

Аляксандр Лукашэнка ўшчэнт раскрытыкаваў урад прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага. Палітычныя аглядальнікі прадракаюць прэм’еру адстаўку. Але чарговае “ператрахванне — ці не традыцыйны метад уплыву на свядомасць электарату. Каб кожны ведаў, хто ў Беларусі сапраўдны гаспадарнік.

Аляксандр Лукашэнка ўшчэнт раскрытыкаваў урад прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага. Палітычныя аглядальнікі прадракаюць прэм’еру адстаўку. Але чарговае “ператрахванне — ці не традыцыйны метад уплыву на свядомасць электарату. Каб кожны ведаў, хто ў Беларусі сапраўдны гаспадарнік.
Аляксандр Рыгоравіч у запале нават крыху заблытаўся ў сваіх ацэнках эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. Спачатку падчас працоўнай паездкі па Гомельскай вобласці заявіў, што “мы выкараскаліся з той сітуацыі, у якую нас паставіла Расія ў пачатку гэтага года. Падчас нарады па пытаннях працы нафтаперапрацоўчай галіны, што адбылася на Мазырскім НПЗ, кіраўнік Беларусі задаволена канстатаваў: “Перапрацоўка, пастаўка для ўнутраных патрэбаў і на экспарт вуглевадароднай сыравіны, забеспячэнне вуглевадароднай сыравінай нашай дзяржавы — падобна пытанню быць або не быць Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржаве. Таму гэта важны кірунак нашай дзейнасці, і мы з гонарам і годнасцю павінны з наяўнай сітуацыі знайсці выхад. Дакладней — знайшлі. Нафтаперапрацоўка ў нас — валютны здабытчык. То бок усё наладзілася, і крэдыты прасіць больш не будзем. Ці ўсё ж папросім? Інакш чаму ўрад краіны ўжо прапануе кіраўніку дзяржавы павялічыць дэфіцыт бюджэту сёлета амаль удвая — на 2,5 трыльёна рублёў і давесці яго да 5,2 трыльёна рублёў?
Разам з тым (што нелагічна, на погляд эканаміста) кіраўніцтва краіны абяцае да канца года падняць узровень сярэдняй заработнай платы па краіне да пяцісот долараў, то бок плануецца падзагрузіць працай друкароў манетнага двара. Бо грошай аб’ектыўна ў бюджэце няма. Але калі дзень выбараў усё бліжэй і бліжэй, то не час думаць пра наступствы. Галоўнае — эмоцыі, пазітыўныя, натуральна ж.
Вось з 1 верасня ўжо падвысілі заробак асобным катэгорыям бюджэтнікаў. Пастановай Савета міністраў вызначаныя карэктуючыя каэфіцыенты да тарыфных ставак 1–27 разраду, што разлічваюцца па Адзінай тарыфнай сетцы. У адпаведнасці з пастановай, на 10% падвышаныя тарыфныя аклады маладым спецыялістам, якія накіраваныя на працу па размеркаванні ў бюджэтныя арганізацыі. На 25% падвышаныя тарыфныя аклады педагогам бюджэтных арганізацый, за выключэннем прафесарска-выкладчыцкага складу вышэйшых навучальных устаноў і ўстаноў адукацыі, якія забяспечваюць падвышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кадраў. Таксама на 25% падвышаныя тарыфныя аклады лекарам, уключна з кіраўнікамі, што працуюць у бюджэтных арганізацыях. Тарыфныя аклады работнікам устаноў сацыяльнага абслугоўвання і культурна-асветніцкіх устаноў падвысілі на 15%.
Такім чынам, карэкціроўка заробку “слабых звёнаў — бюджэтнікаў — мусіць зрабіць рэчаіснасцю планы кіраўніцтва Беларусі аб сярэднім заробку па краіне ў 500 долараў. З 1 лістапада чакаецца падвышэнне заробку ўсіх бюджэтнікаў. Тарыфную стаўку павялічаць удвая — да 180 тысяч рублёў. Плануецца, што пасля падвышэння заробкі ў бюджэтнай сферы складуць прыкладна 405–410 долараў у эквіваленце. Амбіцыі беларускага кіраўніцтва сягаюць яшчэ вышэй: да канца 2015 года зрабіць сярэдні заробак у тысячу долараў.
Дык вось з такімі аптымістычнымі прагнозамі і ацэнкамі Аляксандр Лукашэнка знайшоў крайняга ў невыкананні прагнозных паказчыкаў. Прэм’ер-міністр, як ацаніў, кіраўнік Беларусі, лезе наперад бацькі ў пекла, то бок перавышае сваю кампетэнцыю і становіцца палітыкам. “Вы голы эканаміст, а не палітык. Палітык тут я, — паставіў на месца кіраўніка ўрада Лукашэнка пасля таго, як той прапанаваў падоўжыць крэдыты шэрагу прадпрыемствам аўтамабільнай галіны — МАЗу, БЕЛАЗу, Белкарду, БАТЭ, МТЗ і заводу аўтагідраўзмацняльнікаў. Летась гэтыя прадпрыемствы атрымалі палёгкавыя крэдыты пад 3% гадавых з пагашэннем у 2011 годзе, з восені надыходзіць час аддаваць пазыкі, але сродкаў прадпрыемствы не маюць.
Раней падобныя паслабленні і саступкі рабіліся многім беларускім прадпрыемствам, і для Лукашэнкі прапанова прэм’ера — не навінка, але цяпер момант, калі перакідваць праблемы эканомікі на іншых асобаў Аляксандру Лукашэнку найбольш выгодна. У кантэксце будучых прэзідэнцкіх выбараў гэта зручны і, трэба сказаць, традыцыйны для Лукашэнкі піяр-ход.
Пасля разгромнай нарады папаўзлі чуткі, што кіраўнік Беларусі хоча зняць прэм’ера з пасады з-за палітычнай рэўнасці (быццам бы Крэмль можа зрабіць на яго стаўку), але ствараць канфлікты, напружваць адносіны ў сваім акружэнні перад знакавымі падзеямі для Лукашэнкі ўсё ж няслушны крок, і як палітык таленавіты ён гэта разумее. Так што змены ўраду да выбараў наўрад ці можна чакаць.