Пад нагамі Насці выбухнула граната. У тую ж ноч да яе прыйшоў следчы. Папрасіў нешта падпісаць
Анастасія Дудзіна — студэнтка чацвёртага курса БДЭУ. Уночы на 10 жніўня яна вярталася дадому з цэнтра горада ў кампаніі сяброў. Паколькі грамадскі транспарт не працаваў, ішлі пешшу — і на мосце цераз чыгунку на вуліцы Кальварыйскай апынуліся сярод пратэстоўцаў, якіх разганялі сілавікі. Як дзяўчына са сведкі пераўтварылася ў падазраваную распавядае Еўрарадыё.

Пад нагамі ў Анастасіі выбухнула святлошумавая граната. Яна разгубілася. У гэты момант, са слоў мамы дзяўчыны, баец АМАПа ўдарыў яе нагой у спіну, а потым узяў за каўнер і піхнуў у бок ад пратэстоўцаў.
Крыху пазней на паркоўцы гандлёвага цэнтра "Карона" Наста заўважыла, што з нагі цячэ кроў, выклікала хуткую. З асколачным раненнем і пашкоджаннем барабаннай перапонкі яе даставілі ў ваенны шпіталь. 12 жніўня выпісалі з заключным дыягназам: "Камбінаваная траўма. Множнае аскольчатае сляпое раненне правай галёнкі. Акубаратраўма. Вострая нейрасэнсарная тугавухасць".

— У шпіталі ў тую ж ноч да яе прыйшоў следчы. Папрасіў нешта падпісаць. У тым стане, як быў у Насты, наўрад ці зразумееш і запомніш, што просяць падпісаць, — расказвае Ніна Сакалоўская, мама Анастасіі. — Наста падпісала. Потым яшчэ раз з ёй гутарыў следчы, у рамках апытання. Што было дакладна зразумела — што гэта быў супрацоўнік МУС і што яна праходзіць у апытанні як сведка.
Раніцай 7 верасня для Насты ўсё памянялася. Дадому да яе прыехалі сілавікі і забралі яе на допыт у Следчы камітэт. Маці нічога не тлумачылі.
Бліжэй да абеду Наста сама патэлефанавала і сказала, што прыедзе дадому, бо плануецца ператрус. Сілавікі забралі ўсё адзенне, у якім яна выйшла з дому 9 жніўня: красоўкі, на якіх яшчэ засталася кроў, штаны, кофту.
— Людзі, якія праводзілі ператрус, сказалі, што Насту трэба адвезці назад, каб задаць удакладняльныя пытанні. Дзве, тры гадзіны, чатыры і пяць. Ніякіх званкоў, нічога, я не ведаю пра дачку, дзе яна і што яна.

Да будынка Следчага камітэта паехалі Насціны сяброўкі, якія думалі сустрэць яе пасля допыту. Але да канца працоўнага дня дзяўчыну не выпусцілі.
— Мне патэлефанаваў следчы і сказаў, што ў 14:45 мы ўстанавілі, што Наста здзейсніла злачынства. Я кажу, пачакайце, якое злачынства. Мы былі, наогул кажучы, сведкі, а цяпер ужо злачынцы? Я нешта нічога не разумею, — перадае тэлефонную размову мама.

Далей Наста правяла ў ізалятары 72 гадзіны як падазраваная па крымінальнай справе.
— Сёння ў дзесяць гадзін раніцы запрасілі адваката для правядзення следчых дзеянняў. І пасля гэтага Насту адпусцілі дадому пад падпіску аб невыдаванні. Цяпер у кожны момант яе могуць запрасіць у СК, і ёй трэба будзе туды з'явіцца. Але як могуць праходзіць нейкія следчыя дзеянні, нейкія абвінавачванні, калі дзіця проста ішло дадому, яно пацярпела? — здзіўляецца мама Анастасіі.
Анастасія застаецца ў статусе падазраванай. Артыкул, які ставяць у віну мінчанцы, — 293, частка 2 Крымінальнага кодэкса — удзел у масавых беспарадках, які выявіўся ў непасрэдным здзяйсненні дзеянняў, названых у частцы 1 гэтага артыкула. А частка 1 — гэта арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады. Пакаранне па гэтым артыкуле — пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.
— Я не ведаю, чаго спадзявацца далей. Ведаючы наш самы гуманны суд, яны могуць зрабіць усё што хочаш. Але гэта ж нашы дзеці, гэта наша будучыня. Будучыня нашай краіны. І як вось так да дзяцей можна ставіцца? Я не разумею.