Пытанне на будучыню

Галоўнае пытанне на будучыню — ці атрымаецца замірэнне з Еўрапейскім саюзам з боку Беларусі? Здаецца, што не.

Пачынаецца са справы Бяляцкага. 24 студзеня Мінскі гарадскі суд не задаволіў касацыйную скаргу Алеся Бяляцкага, пакінуўшы ў сіле прыгавор суда Першамайскага раёна. Рашэнне судовай калегіі абвясціў 24 студзеня суддзя Уладзімір Сцяпурка.



5d8c6ee0d8964e66a3225458f981522d.jpg

Галоўнае пытанне на будучыню — ці атрымаецца замірэнне з Еўрапейскім саюзам з боку Беларусі? Здаецца, што не.
Пачынаецца са справы Бяляцкага. 24 студзеня Мінскі гарадскі суд не задаволіў касацыйную скаргу Алеся Бяляцкага, пакінуўшы ў сіле прыгавор суда Першамайскага раёна. Рашэнне судовай калегіі абвясціў 24 студзеня суддзя Уладзімір Сцяпурка.
Такім чынам, Бяляцкі застаецца за кратамі, а канфіскацыя ягонай маёмасці застаецца ў сіле. На рашэнне суда не паўплываў той факт, што сума ўрону, які нібыта нанёс дзяржаве Бяляцкі (757 млн. 526 тыс. 717 рублёў, ці каля 90 тыс. долараў) была пераведзена 18 студзеня на рахунак суда Першамайскага раёна.
У выніку катаванняў Андрэй Саннікаў, асуджаны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Мінску 25 студзеня яго жонка Ірына Халіп, якая сустракалася з Саннікавым у калоніі «Віцьба–3» 24 студзеня.
Паводле слоў Халіп, падчас спаткання муж даў ёй зразумець, што з ім адбывалася «штосьці жудаснае».
Тым часам, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы заклікае Камітэт міністраў СЕ рэкамендаваць дзяржавам-сябрам далучыцца да адрасных санкцый Еўрасаюза адносна Беларусі. Адпаведнае рашэнне было прынята 25 студзеня на пасяджэнні ПАСЕ ў Страсбургу пасля абмеркавання даклада аб сітуацыі ў Беларусі.
На думку дэпутатаў, краіны-сябры СЕ павінны прытрымлівацца санкцый адносна Беларусі да тых часоў, пакуль не будуць вызваленыя і цалкам рэабілітаваныя ўсе палітзняволеныя.
Акрамя таго, ПАСЕ заклікае дзяржавы — сябры Савета Еўропы выкарыстаць «наяўныя ў іх палітычныя і дыпламатычныя рычагі для таго, каб пераканаць улады Беларусі ажыццявіць заканадаўчыя ініцыятывы, каб прывесці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць з прызнанымі міжнароднымі праваабарончымі стандартамі, і на праве супрацоўнічаць з Саветам Еўропы, АБСЕ, ЕС, а таксама органамі ААН».
ПАСЕ заклікае пашыраць каналы зносін з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежнымі СМІ і апазіцыяй, а таксама разгледзець магчымасць зніжэння або адмены візавых збораў для грамадзян Беларусі.
Але, нягледзячы на рэакцыю ПАСЕ (якая, насамрэч, нічога не вырашае), беларускія ўлады спалохаліся. Як паведаміў 25 студзеня на прэс-канферэнцыі старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, пазіцыя ягонага ведамства адносна прымянення смяротнай кары можа быць удакладненая.
Паводле яго слоў, гэта адбудзецца, калі ўпаўнаважаныя суб’екты звернуцца ў КС па тлумачэнні з нагоды раней прынятага КС рашэння ці для вынясення новага рашэння «па гэтай праблеме ў сучасных умовах».
Ранейшая пазіцыя суда палягала ў тым, што Канстытуцыйны суд прыйшоў да высновы, што прэзідэнт ці парламент могуць ва ўстаноўленым парадку прыняць рашэнне аб увядзенні мараторыя ці адмене смяротнай кары. Пры гэтым Міклашэвіч звярнуў увагу на тое, што, паводле артыкула 140 Канстытуцыі, унясенне змяненняў у шэраг артыкулаў асноўнага закона, у тым ліку артыкул 24, што датычыцца смяротнай кары, магчыма толькі праз рэферэндум.
Міклашэвіч паведаміў, што ў 2011 годзе зваротаў грамадзян у КС пра адмену смяротнай кары, пра даванне ацэнкі гэтай з’яве не паступала.
Калі старшыня Канстытуцыйнага суда не ведае, што грамадства наўпрост не можа звярнуцца да Канстытуцыйнага суда, то які ж ён канстытуцыйны суддзя? Згодна з заканадаўствам, звяртацца ў Канстытуцыйны суд могуць толькі прэзідэнт, Савет Рэспублікі, Палата прадстаўнікоў, Вярхоўны суд, Вышэйшы гаспадарчы суд, і Савет міністраў. Ні аб якіх зваротах грамадзян размовы нават не ідзе! І канешне, натуральна, зваротаў грамадзян не паступала. Проста таму, што КС іх не прымае.
У той жа момант Міклашэвіч заявіў, што найбліжэйшым часам беларускія ўлады могуць вярнуцца да пытання аб увядзенні ў краіне інстытута ўпаўнаважанага па правах чалавека.
«У цэлым Канстытуцыйны суд падтрымлівае ідэю ўвядзення інстытута ўпаўнаважанага па правах чалавека, бо гэта сапраўды будзе з’яўляцца дадатковай гарантыяй абароны правоў і свабодаў нашых грамадзян. Адзін час распрацоўваўся праект закона. Я думаю, неўзабаве мы вернемся да гэтага пытання на дзяржаўным узроўні», — сказаў Міклашэвіч.
Паводле яго слоў, у адных выпадках амбудсмен «выконвае ролю парламенцкага абаронцы, у іншых — народнага абаронцы». «Да амбудсмена могуць звяртацца грамадзяне па абарону тых ці іншых правоў, а ён ужо ставіць ва ўстаноўленым парадку перад адпаведнымі органамі пытанні аб аднаўленні парушаных правоў і законных інтарэсаў чалавека», — растлумачыў Міклашэвіч.
Мінскі гарвыканкам адмовіў кандыдату ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Дзмітрыю Усу ў правядзенні сходу ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за змяненне Выбарчага кодэкса.
«У лісце з Мінгарвыканкама напісана, што заяўка пададзена з парушэннем. З якім менавіта, высветліць не атрымалася», — паведаміў Ус.
Паводле яго меркавання, улады свядома перашкаджаюць рэалізацыі грамадзянамі права заканадаўчай ініцыятывы, бо не зацікаўлены ў дэмакратычных змяненнях выбарчага заканадаўства.
Хто б сумняваўся. Яшчэ на нара­дзе ў мінулым годзе паміж Ярмошынай і Лукашэнкам было агучана — зменаў у заканадаўстве напярэдадні парламенцкіх выбараў не будзе.
Беларускія ўлады вагаюцца, што ж рабіць. Верагодна, ім і «хочацца, і колецца». З аднаго боку, трэба забяспечыць сабе «заходні тыл» на будучыню, калі раптам сітуацыя з Расіяй зменіцца. З іншага боку, Захад можа прыняць прынцыповую пазіцыю адносна Беларусі. І тады — абсалютны крызіс. А націск — і не толькі з боку Захаду, а і з боку беларускага грамадства, узрастае. Вызваленне палітвязняў можа паслабіць гэты ціск. Але не факт, што ён будзе паслаблены.