Прадаўцы паветра
У гісторыі, вядома, былі ашуканцы унікальныя. Віктар Люсціг, напрыклад, прымудрыўся двойчы прадаць Эйфелеву вежу. Праўда, ён усё ж такі не дадумаўся потым ісці да пакупнікоў і патрабаваць штраф. У нас дадумаліся.
Трымаю ў руках жыроўку. Свежанькую, да канца месяца трэба аплаціць. Прама на ёй рэклама вялікімі літарамі: «Рамы аконныя, рамы гаўбечныя...» А далей з паведамлення вынікае, што мой родны ЖЭС гатовы па дзяржаўных расцэнках выканаць жадаючым шкленне гаўбцоў і лоджый. І нават дае гарантыю на выкананыя работы да двух гадоў.
Так пераканаўча ўсё расказана, што, абцасы збіваючы, гатовая бегчы і зрабіць заказ.
Вось толькі і мама мая такія жыроўкі з рекламкай атрымлівала. Больш за тое, калі яны скардзіліся на холад у кватэрах, у ЖЭСе усім казалі: «Зашкліце гаўбцы».
А вось зараз новае распараджэнне прыйшло: «Усё дэмантаваць, хто не падпарадкуецца — штраф. Таму што якімі павінны быць балконы, зараз ведае архітэктар раёна. І менавіта ён будзе выбіраць фірмы, прадукцыя якіх цалкам адпавядае яго асабістым уяўленням аб гарадской эстэтыцы.
Калі вы думаеце, што мая мама жыве на плошчы Перамогі ці ля стэлы, дзе праходзяць парады выдрэсіраванага і гэтым шчаслівага беларускага народа, то нічога падобнага. Яна жыве ў Чыжоўцы. Больш за тое, дом нават не выходзіць вокнамі ні на Лядовы палац, ні на заапарк. Госці горада і экскурсанты там не бываюць ніколі, таму што ім проста няма чаго рабіць у спальным раёне. Ды нават калі б і бывалі! У рэшце рэшт, гэты горад для каго павінен быць зручным у першую чаргу — для нас або для гасцей?
Учора яшчэ ЖЭСы прапаноўвалі ўсім свае паслугі па ўсталёўцы гаўбечных рам і настойліва раілі зашкліць гаўбцы. Натуральна, і гарантыю на выкананыя работы давалі. А сёння, забыўшыся пра гарантыі, усяму раёну пагражаюць штрафамі, калі людзі гэтыя рамы не дэмантуюць. Прычым, нейкім чынам ўзаконіць ўжо ўладкаваныя лоджыі нельга — толькі ўсё разабраць і выкінуць. А гэта, як піць даць, азначае, што ўлады хочуць прымусіць людзей аплаціць яшчэ і паўторнае, правільнае, шкленне.
Пры гэтым ніхто не будзе есці свой гальштук, калі праз нейкі час прыйдзе новы архітэктар і захоча мяняць рамы на карысць якой-небудзь іншай фірмы. Або што Саўмін не прыдумае якіх-небудзь новых правілаў наконт знешняга выгляду беларускіх гарадоў. Напрыклад, гадоў праз пяць не прыме пастанову, што балконныя рамы павінны быць толькі ажурныя і без шкла. А яшчэ праз пяць — суцэльныя і са шклом.
Ды хоць у крапінку! Хочаце прыгажосці — прыходзьце, разбірайце і стаўце новыя. Але не за кошт людзей, а за кошт дзяржавы, калі ёй няма куды грошы падзець. А няма сродкаў — значыць, цярпіце.
Зрэшты, як я падазраю, цяпер сітуацыя банальная. ЖЭСам даручылі зарабіць грошы штрафамі, і розныя майстры кінуліся па кватэрах то разетку для радыё правяраць, то кантакт для лямпачкі. З задачай адначасна глядзець — у каго ламінат замест лінолеўма, у каго плітка на падлозе кухні, у каго батарэі не чыгунныя або, не дай бог, пліта не «Гефест».
Усё гэта зараз парушэнні, а, значыць, штраф. Але народ хутка сітуацыю зразумеў і ў кватэры кантралёраў радыёразетак не пускае. Што ім застаецца рабіць? Правільна, стаяць на вуліцы і перапісваць балконы і вокны, падводзячы банальнае жаданне стрэсці з людзей грошы хоць за што-небудзь пад высокую эстэтыку.
Гэта такое гідкае, дробнае, непрыхаванае жульніцтва, што проста брыдка. Ужо лепш бы не трапалi людзям нервы, а адразу падатак на паветра ўвялі — салідней неяк.
Святлана Калінкіна, nv-online.info