Праслухоўвалі тэлефон з сакавіка. У Мінску судзяць 18-гадовага палітвязня Красоўскага
Супрацоўнікі міліцыі на «Рызе» не выказвалі ніякіх патрабаванняў, а адразу збівалі людзей і выкарыстоўвалі спецсродкі (светлашумавыя гранаты, зброя з разінавымі кулямі, дубінкі) супраць іх, — неаднаразова заяўляў на судзе Іван.
Суд Савецкага раёна 18 лютага пачаў разгляд крымінальнай справы супраць 18-гадовага актывіста анархісцкага руху Івана Красоўскага. Хлопца затрымалі першы раз 12 жніўня, тады сілавікі моцна збілі яго да стану інваліднага вазка. Другі раз Івана затрымалі напрыканцы верасня — ужо ў межах крымінальнай справы па ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.
Потым справу Івана перакваліфікавалі на больш мяккі артыкул — на ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Івана абвінавачваюць у перакрыцці дарог у ноч з 10 на 11 жніўня на «Рызе», што пацягнула шкоду «Мінсктрансу» на суму больш за 5,6 тыс. рублёў.
На судзе стала вядома, што тэлефон хлопца праслухоўваўся яшчэ з 3 сакавіка 2020 года: менавіта тэлефонныя размовы з акцыі пратэсту і ляглі ў аснову абвінавачвання Івана. Справу палітвязня разглядае суддзя Марына Фёдарава.
«Вясна» з дапамогай валанцёраў і валанцёрак назірае за гэтым працэсам.
У чым абвінавачваюць Івана?
Паводле абвінавачання, у ноч з 10 на 11 жніўня 2020 года каля ГЦ «Рыга» Красоўскі «падчас незаконнага масавага мерапрыемства публічна выкрыкваў лозунгі, блакаваў рух транспарту шляхам перакрыцця праезнай часткі. Пасля чаго, нягледзячы на патрабаванні праваахоўнікаў, адмовіўся пакінуць яе, заклікаў да аналагічных дзеянняў іншых грамадзян».
Па версіі абвінавачвання, гэта пацягнула доўгае парушэнне грамадскага спакою, стварыла перашкоды для нармальнай працы транспарту на працягу 5 гадзін на вуліцы Сурганава, чым было абмежавана права іншых грамадзян на спакойную працу, адпачынак і свабоднае перамяшчэнне. У выніку дзеянняў абвінавачанага маёмасці КТУП «Мінсктранс» нанесеная шкода на суму больш за 5,6 тыс. рублёў. Пракуратура Савецкага раёна прад'явіла ў суд пазоў на гэтую суму.
Віну Іван прызнаў часткова. Ён растлумачыў, што яму ставяць у віну парушэнне транспартнай камунікацыі, непадпарадкаванне супрацоўнікам, заклікі іншых грамадзян да ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, выказванне лозунгаў і плясканне ў далоні. З усяго гэтага ён прызнае толькі тое, што выкрыкваў лозунгі і пляскаў у далоні, астатняе — не прызнае. Таксама Красоўскі не прызнаў грамадзянскі пазоў.
Што адбываецца на судзе?
Дзяржаўнае абвінавачванне па справе падтрымлівае памочніца пракурора Савецкага раёна Анастасія Маліко. На судзе прадстаўнік «Мінсктранса» не мог падрабязна растлумачыць, як адбываўся разлік шкоды арганізацыі, якую яны ацанілі ў 5690 рублёў і 2 капейкі. Палітвязень Іван быў дапытаны пасля допыту трох сведак.
Допыт сведак
На судзе былі дапытаныя тры сведкі: два сябры Івана, з якімі ён сустракаўся 10 жніўня, і цётка Івана.
Сябар Івана Павел распавёў, што 9 жніўня Іван быў у яго ў гасцях, на наступны дзень яны разам вырашылі паехаць у Серабранку на акцыю пратэсту. Там яны дайшлі да Усходняга аўтавакзала, убачылі людзей з БЧБ-сцягамі, пачулі воплескі і лозунгі, пасля гэтага вырашыла сысці. Потым з Іванам яны разышліся. Каля 21 гадзіны ён тэлефанаваў Івану, які ў той момант быў ужо на «Рызе». Па тэлефоне Іван сказаў яму, што там міліцыянты і ён хоча сысці. Пракурорка запыталася, чаму Іван хацеў сысці і ўцячы ад міліцыі. Павел сказаў: «Таму што былі беспарадкі». Пракурорка паправіла яго: «Сутыкненні».
Зачыталі пратакол допыту Паўла ад 26 кастрычніка, бо маюцца супярэчнасці ў паказаннях. Па пратаколе, калі Іван тэлефанаваў, казаў, што ён на Рызе і там былі барыкады, якія перашкаджалі праезду транспарту, але не казаў, ці ўдзельнічаў. Іван распавядаў, што там былі светлашумавыя гранаты, ён не мог сысці з-за вялікай колькасці супрацоўнікаў міліцыі. Сведка падцвердзіў гэтыя паказанні.
Другі сведка Сяргей распавёў, што бачыўся з Іванам 10 жніўня каля 18-19 гадзін у Серабранцы. Яны ўбачылі групу людзей, прайшлі з імі, выказалі здагадку, што яны збіраюцца на мірныя пратэсты. Яны прайшлі трохі ў бок аўтавакзала Усходняга, пачулі стрэлы, разышліся, потым зноў сустрэліся, але ўжо без Паўла. Потым яны пайшлі на «Рыгу». Там яны ўбачылі вялікі затор і вялікую колькасць людзей, якія стаялі размаўлялі там. Супрацоўнікаў міліцыі не бачыў, сутыкненняў не бачыў, як пачуў стрэлы, то сышоў адтуль.
Таксама ў судзе дапыталі цётку Івана Вольгу, якая сказала, што не ведае, дзе Іван быў 10 і 11 жніўня і ці наведваў ён пратэсты, таксама не ведае палітычныя погляды. Ахарактарызавала яго як добрага і ласкавага хлопца.
Праслушка з 3 сакавіка. Тэлефонныя размовы як аснова абвінавачвання
У матэрыялах справы ўтрымліваецца пратакол аператыўна-пошукавага мерапрыемства, з якога стала вядома, што Івана Красоўскага праслухоўваюць з 3 сакавіка 2020 года. SIM-карта была аформленая на Івана. У судзе агучваліся стэнаграмы размовы Івана 10 і жніўня наконт акцый пратэсту.
Так, у размове з цёткай 11 жніўня ён распавядае, што тут збіраўся «буяніць», ёсць рэспіратары, якія яны закупілі, расказвае, што за ім сачылі дома ў Заслаўі: былі ціхары, АМАП, таму ён з'ехаў у Мінск.
У размове 10 жніўня з сябрамі Паўла і Сяргеем Іван ужывае такія выразы: «б'ёмся з імі», «мы адстаім па-любому, іх тут няшмат», «абараняйце пазногці і локці, яны б'юць па нагах, галоўнае — калені абараняць, б'юць нагамі, дубінкай», «я ўжо атрымаў, з намі біліся», «калі людзі будуць выходзіць абараняцца, то ўсё нармальна будзе, нармальныя барыкады яны не прарвуць», «трэба выходзіць біць іх», «я такога ўбачыў за апошнія дзесяць хвілін, усё сур'ёзна...» і г. д.
У матэрыялах справы таксама маюцца дадзеныя аб усіх тэлеванаваннях Івана ў ноч 10-11 жніўня, а таксама звесткі аб яго перамяшчэннях.
Сторыс у Інстаграме як доказ віны
У матэрыялах справы ўтрымліваецца
агляд тэлефона Івана. Сярод якіх — агляд сацсецткі Інстаграм. Там знайшлі
сторыс, у якім Іван у жніўні заклікае выходзіць на мітынгі. Таксама знайшлі
перапіску з нейкім Ягорам, якая падцвярджае анархічныя погляды Івана.
У тэлефоне Івана знайшлі фотаздымак Івана з Марыяй Калеснікавай, дзе ён у інвалідным вазку і з БЧБ-сцягамі. Таксама ў галерэі тэлефона было відэа з праспекта Пераможцаў, дзе людзі выходзяць на праезную частку.
«Я апынуўся на Акрэсціна, і мяне збілі». Што кажа палітвязень на судзе?
Іван распавёў на судзе, што пра акцыю 10 жніўня на «Рызе» ён даведаўся з TUT.BY, Onliner, Nexta, але, калі прыйшоў туды, то там ужо былі барыкады і затор з машын. Іван неаднаразова заяўляў на судзе, што супрацоўнікі міліцыі на «Рызе» не выказвалі ніякіх патрабаванняў, а адразу збівалі людзей і выкарыстоўвалі спецсродкі (светлашумавыя гранаты, зброя з разінавымі кулямі, дубінкі) супраць іх.
«Калі прыехалі супрацоўнікі міліцыі, яны не прасілі разысціся, адразу пачалі страляць і біць, пасля гэтага я вырашыў пакінуць гэтае месца».
Пракурорка запытваецца ў Івана, ці ведае ён закон «Аб масавых мерапрыемствах», сказаў, што ведае, але гэтак жа ведае Канстытуцыю. Пракурорка яго перабіла і сказала, што яна не пыталася пра Канстытуцыю. Іван прызнаў, што ўдзельнічаў у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Пракурорка запытваецца пра дэталі ўдзелу ў мітынгах 10 жніўня, на што Іван сказаў:
«Я не магу гэта памятаць, таму што праз два дні я апынуўся на Акрэсціна, і мяне збілі».
Красоўскі не прызнае, што будаваў барыкады і перакрываў дарогу. Іван кажа, што супрацоўнікі «Мінсктранса» таксама перакрывалі дарогі, выходзілі і крычалі з людзьмі.
Пракурорка запытваецца, навошта яму рэспіратар і акуляры:
«Я ведаў, як будуць дзейнічаць супрацоўнікі міліцыі, таму што бачыў гэты гвалт 9 жніўня, таму набыў акуляры для абароны свайго здароўя».
«Гэта ненармальна, калі супрацоўнікі міліцыі збіваюць людзей, супрацоўнікаў "хуткіх"»
Пракурорка просіць растлумачыць, што Іван меў на ўвазе, калі гаварыў некаторыя выразы па тэлефоне. Напрыклад, пад словам «буяніць» Іван, паводле яго слоў, меў на ўвазе «выкрыкванне лозунгаў». Пад выразам «мы б'ёмся з імі», меў на ўвазе «народ з АМАПам», калі апошні спрабаваў затрымаць іх. Паводле слоў Івана, выраз «сур'ёзна б’ёмся» значыў, што супрацоўнікі АМАПу не затрымлівалі нікога, яны збівалі, людзі спрабавалі адбіцца.
— У размове згадвалася «штаб-кватэра на Кунцаўшчыне», што за кватэра? — запытваецца пракурорка.
— Гэта жарт.
— Што за жарт?
— Жарт — паняцце абстрактнае, для кагосьці смешна, для кагосьці — не.
На судзе палітвязень заявіў:
«Я малады чалавек 18 гадоў, нядаўна скончыў школу, тое, што я ўбачыў на "Рызе", — я ўбачыў упершыню ў жыцці, я быў на эмоцыях. Гэта ненармальна, калі супрацоўнікі міліцыі збіваюць людзей, супрацоўнікаў "хуткіх"».
Пра абвінавачванне Іван Красоўскі сказаў:
«Гэтыя рамкі групы асоб можна расцягнуць так, што чалавек, які праходзіў міма, таксама патрапіць у гэтую групу асоб, хоць ён нічога не здзяйсняў».
«Губляў прытомнасць». Збіваў ГУБАЗіК
Іван растлумачыў, што па тэлефоне размаўляў на эмоцыях:
«Калі я прыйшоў на "Рыгу", я быў у шоку, у мяне быў эмацыйны ўсплёск. Для мяне быў шок, як ужывалі такі гвалт, наносілі такія калецтвы, з якімі ім потым жыць усё жыццё».
Красоўскі распавёў і пра сваё збіццё:
«Праз два дні мяне затрымалі на вакзале, ніхто не прадстаўляўся, сказалі, што мяне шукае маці. Адвялі ў АУС на вакзале, там ужывалі сілу дзяжурныя, прасілі разблакаваць тэлефон, потым прыехалі супрацоўнікі ГУБАЗіК, таксама збівалі, пагражалі, што паеду на Акрэсціна. Праз паўгадзіны павезлі на Акрэсціна, дзе мяне збіў АМАП, пасля я ляжаў ва ўнутраным дворыку і губляў прытомнасць, там мне выклікалі "хуткую"».
Суддзя Марына Фёдарава запытала ў Івана, якую ён можа даць ацэнку дзеянням супрацоўнікам АМАПу, калі ён нічога супрацьпраўнага не здзяйсняў.
«Навошта мне рабіць нешта, калі я бачу, што людзей збіваюць?» — адрэагаваў Іван.
На «Рызе» супрацоўнікі АМАПу ўдарылі яго дубінкай, калі ён збягаў.