Purina згарнула вытворчасць кармоў для жывёл у Расіі. Праблемы чакаюцца і ў Беларусі

Кампанія Purina спыніла вытворчасць і продаж кармоў Friskies для катоў і сабак і шэрагу кармоў іншых брэндаў кампаніі ў Расіі з-за лагістычных цяжкасцяў.

post_5bf57a244e5b0.jpg


«З-за лагістычных цяжкасцяў з пастаўкамі сыравіны спынена вытворчасць і продаж кармоў Friskies для катоў і для сабак, Cat Chow, Dog Chow, Gourmet і Darling Dog», — сказаў ТАСС прадстаўнік кампаніі.

У беларускія заамаркеты гэтыя кармы пастаўляліся з РФ. Напрыклад, цяпер у некалькіх буйных анлайн-заамаркетах ужо амаль не засталося сухога корму для котак Friskies, а кансервы Gourmet прадстаўлены ў больш вузкім асартыменце, чым раней.

Кармы марак Purina One, Purina One Dog, Felix, Proplan працягнуць прадавацца ў Расіі, і, адпаведна, у Беларусі.

Кампанія Purina уваходзіць у Nestle. 11 сакавіка Nestle паведаміла, што прыпыніла з Расіяй гандлёвыя аперацыі, якія тычацца шэрагу тавараў, аднесеных да катэгорыі неасноўных, у сувязі з падзеямі ва Украіне. Рэжым прыпынення закрануў, у прыватнасці, тавараў сістэмы Nespresso. Да гэтага Nestle заявіла аб спыненні інвестыцый на тэрыторыі РФ і аб прыпыненні рэкламнай кампаніі.