Радзім Гарэцкі: Без фундаментальных даследаванняў навука памірае

Навуковы асяродак — гэта іншасвет для большасці людзей. Падаецца, што навукоўцы — людзі, адораныя лёсам, абагрэтыя ўладай. Праўда, і навуковы свет далёкі ад дасканаласці. Чалавек можа пакласці жыццё і сілы на стварэнне ўласнага дзецішча, але атрымаць вынік, зусім не адпаведны сваім жаданням.  



fb2606a5068901da92473666256e6e5b.jpg

Навуковы асяродак — гэта іншасвет для большасці людзей. Падаецца, што навукоўцы — людзі, адораныя лёсам, абагрэтыя ўладай. Праўда, і навуковы свет далёкі ад дасканаласці. Чалавек можа пакласці жыццё і сілы на стварэнне ўласнага дзецішча, але атрымаць вынік, зусім не адпаведны сваім жаданням.

Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі — асоба знакавая і вядомая ў навуковых колах. Аўтарытэт гэтага чалавека, які многа зрабіў для айчыннай геалогіі, стаў прадаўжальнікам працы свайго бацькі, непахісны. Акадэмік мае паважаны ўзрост, але на працоўным месцы яго застаць не праблема. У 1977 годзе Радзім Гаўрылавіч быў абраны правадзейным членам АН БССР па спецыяльнасці «геалогія» і прызначаны дырэктарам Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР. Кіраваў інстытутам, які фактычна і стварыў, Гарэцкі на працягу 16 гадоў, аж да свайго абрання віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі. Цяпер гэтага інстытута няма.

— Пры Машэраве мы хацелі тут, ва Уруччы — і гэта было амаль узгоднена, — стварыць акадэмгарадок, з дамамі для навукоўцаў, універсітэтам. Мяркую, што было б вельмі добра, зручна для навукоўцаў. Але, калі разваліўся Саюз, усё пайшло інакш. Наш галоўны чыноўнік краіны калісьці, даруйце, выказаўся: «Толькі ўзяўся за яйкі, масла прапала». Вось ён узяўся і за навуку. Спачатку асцерагаўся, прыходзіў рэдка, а пасля асмялеў — бачыць, што акадэмікі, як і ўсе людзі, баязлівыя, і распачаў рэарганізацыю, якая і статуту Акадэміі навук супярэчыць. Кіраўніка Акадэміі навук заўжды абіралі навукоўцы, а ён пачаў прызначаць. Замест пасады прэзідэнта НАН была ўведзеная пасада старшыні, як у калгасе. Мы і паміж сабой так і жартуем «старшыня калгаса «Акадэмія навук». Галоўным кірункам стала прыкладная навука, каб нешта карыснае, практычнае гаспадарцы даваць. Усё гэта прывяло да таго, што быў прызначаны Міхаіл Мясніковіч. Ён добры чыноўнік, арганізатар, але ж не навуковец. Хаця і яго зразумець можна: паміж молатам і кавадлам. І там ціснуць, і мы тут пыхцім.

У час, калі я быў дырэктарам, у нас працавала блізу чатырохсот чалавек. І мы ўсе напрамкі навукі аб Зямлі закрывалі, вяліся фундаментальныя даследаванні, выдавецкая дзейнасць была шырокай. Але паціху ўсё прыкрылі. У нас былі агульныя працы з еўрапейскімі навукоўцамі, расійскімі. Гэта стала не цікава. Галоўнае — дзе зрабіць свідравіну, каб нафту атрымаць, і ўсё ў такім рэчышчы. Маўляў, мы бедная краіна, шукайце рэсурсы, бо нічога не маем. Але ж гэта няпраўда — ці не траціна бюджэту за кошт экспарту калійных соляў напаўняецца.

Каб прыкладная навука была шырокай, эфектыўнай, то геахімію, петралогію, вулканалогію, тэктоніку, стратаграфію скарацілі. Але без фундаментальных даследаванняў навука памірае. У развітых краінах на навуковую дзейнасць адлічваюць 4–6 працэнтаў ад ВУП. У нас гэты паказчык апусціўся да 0,8. Для навукі гэта капут. Бюджэтныя грошы нашага інстытута цяпер складаюць толькі 35–40 працэнтаў, астатняе самі зарабляем.

Калі Інстытут геахіміі і геафізікі ліквідавалі, то вырашылі супрацоўнікаў, якія засталіся, перадаць у Беларускі геолага-разведачны інстытут, які займаўся пошукам карысных выкапняў. А рэшту — чалавек дваццаць — пакінулі ў Інстытуце прыродакарыстання. Будынак нашага інстытута, які ўзводзілі пад маім кантролем, які мы дараблялі, даводзілі да ладу, аддалі ў падпарадкаванне Мінпрыроды. Чаму было не пакінуць у нашай уласнасці ды не здаваць яго ў арэнду? За гэтыя б грошы мы маглі жыць...

Радзім Гаўрылавіч расказвае гісторыі ці не пра кожную рэч будынку, у якім працуюць навукоўцы. Кім былі падораныя пано, што ўпрыгожваюць лесвічныя пляцоўкі, як набывалі жырандолю ў фае, як сварыліся чыноўнікі за вітражнае шкло — маўляў, «царкву арганізавалі, а не інстытут».

Апроч Інстытута геахіміі і геафізікі была і ёсць яшчэ адна ідэя ў акадэміка: музей геалогіі, музей валуноў. Апошні, да слова, яшчэ хацеў стварыць бацька Радзіма Гарэцкага акадэмік Акадэміі навук Беларусі Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі. Ён жа быў ініцыятарам вывучэння ледавіковых валуноў напрыканцы 1970-х гадоў. Калі стваралі калгасы, то валуны, каб яны не заміналі сельскагаспадарчым працам, падрывалі. Але ж валуны ў Беларусі — не проста камяні. Яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя да іх хадзілі маліцца, ім пакланяліся, насілі ахвяраванні, прасілі дапамогі. Валуны неслі сакральную, культурніцкую функцыю. Да пачатку будаўніцтва Эксперыментальнай базы ва Уруччы ў 1982 годзе было прывезена больш за 2 000 валуноў. У 1989 годзе база была абвешчана дзяржаўным геалагічным помнікам прыроды. Сюды з усёй тэрыторыі Беларусі звезеныя камяні, якія найбольш характэрныя для кожнага раёна, з’яўляюцца эталоннымі прыроднымі аб’ектамі.

— Ідэя стварыць геалагічны музей таксама сышла ў нябыт. Пэўны час старшынёй Савета міністраў быў спадар Кавалёў, ён пабачыў наш музей валуноў ды пачаў абурацца: «Што вы тут камянёў навалілі, мы б тут дамы пабудавалі. Каб за тыдзень усё вывезлі!» А да гэтага тут было балота, смецце, звалка. Прыехалі людзі з ЦК, намеснік старшыні Савета міністраў. Мы тлумачылі ім свае задумы, урэшце адваявалі тэрыторыю. Хаця пагражалі мяне з партыі выключыць і ледзь не з пасады дырэктара выгнаць.

Музей валуноў мы «прабілі» яшчэ ў савецкі час, ідэю падтрымаў былы кіраўнік Акадэміі навук Мікалай Барысевіч. Ён нават удзельнічаў ва ўстаноўцы першага валуна, які мы прывезлі з Аксакаўшчыны пад Мінскам. Ідэя была глабальная: не проста зрабіць карту Беларусі, навазіць валуноў, але і пабудаваць геалагічны музей з агляднай пляцоўкай, стварыць антураж ледавіковага перыяду. Гэта былі б цікавыя для студэнтаў, школьнікаў аб’екты. Але фінансаванне скончылася, а на адным энтузіязме многа не створыш. Мы доўга дамагаліся, каб Музей валуноў узялі на баланс хаця б гарадскія ўлады ды глядзелі за парадкам у ім.

Увогуле, раней у Інстытуце геахіміі і геафізікі быў шэраг навукоўцаў, якія займаліся вывучэннем камянёў Беларусі. Адзін з нашых супрацоўнікаў — Эдвард Ляўкоў — у 1992 годзе выдаў кнігу «Маўклівыя сведкі мінуўшчыны», дзе сабрана многа матэрыялу пра валуны Беларусі, іх культурнае значэнне, геалагічную гісторыю. У 1993 годзе калектыў аўтараў-навукоўцаў выдаў кнігу «Ледавіковыя валуны Беларусі: Эксперыментальная база вывучэння валуноў». За савецкім часам атрымаць статус музея было складана, працэдура патрабавала ўзгаднення праз Маскву, і навукоўцы вырашылі абыйсці бюракратычныя працэдуры ды назвалі музей валуноў ва Уруччы «эксперыментальнай базай».

Цяпер наш невялікі калектыў у Інстытуце прыродакарыстання збольшага займаецца экспертнымі ацэнкамі розных праектаў, нам для разгляду прыносяць бясконцыя авантурныя прапановы. От нядаўна ацэньвалі ідэю расіян, якія прапанавалі зрабіць свідравіну на сем кіламетраў пад Гродна і атрымаць фантаны нафты. Гэта, канешне, глупства чыстай вады, да таго ж надта затратнае. Наша начальства з энтузіязмам глядзіць на падобныя праекты, а мы ім рацыянальна спрабуем патлумачыць бесперспектыўнасць такіх ідэй.

Таксама мы рабілі экспертную ацэнку пляцоўкі пад будаўніцтва атамнай станцыі. З геалагічнага боку ўсе чатыры пляцоўкі, якія распрацоўвалі, падыходзяць. Але рашэнне будаваць станцыю збольшага палітычнае, бо лічу немэтазгодным будаўніцтва на Астравеччыне. І Нарач побач, і Паазер’е. Калі б зрабілі добрую рэкрэацыйную інфраструктуру, то маглі б атрымліваць нямала прыбытку, а як пабудуюць АЭС, то хто туды паедзе адпачываць?

Размовы пра хібнасць ідэі рэарганізаваць наш інстытут перыядычна ўздымаюцца. Былы старшыня Прэзідыўма НАН Беларусі Міхаіл Мясніковіч на агульным сходзе Акадэміі нават прызнаў, што разгон Інстытута геахіміі і геафізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі быў памылкай. Але разваліць прасцей, чым аднавіць. Многія спецыялісты пазвальняліся, маладых кадраў няма, большасць — людзі сталага веку. Калі малады спецыяліст прыйдзе да нас, то заробак яго будзе чатырыста тысяч, а калі пойдзе на вытворчасць, то заробіць паўтара мільёна рублёў і больш. Так і атрымліваецца, што пакруцяцца маладыя — і збягаюць ад нас. У галіновым часопісе «Літасфера» не так даўно быў надрукаваны артыкул «Праблемы геалагічнага вывучэння нетраў Беларусі», у ім мы апісалі ўсе недахопы нашай працы. Цяпер на нас чыноўнікі лаюцца, бо праўду ніхто не любіць.

%D0%B0%D0%B0%D0%B0.jpg