Расійцы спрабавалі «захапіць» запраўку пад Гомелем. Малавядомыя гісторыі ўварвання ва Украіну

Сёння спаўняецца год, як Расія напала на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Праз рэпрэсіі рэжыму ў нашай краіне практычна не засталося незалежных журналістаў, таму інфармацыя пра ваенныя падзеі на тэрыторыі Гомельшчыны стала даступнай дзякуючы звычайным грамадзянам.

Памежны пункт пропуску Сянькоўка-Весялоўка 24 лютага. Фота з камер відэаназірання

Памежны пункт пропуску Сянькоўка-Весялоўка 24 лютага. Фота з камер відэаназірання


«Белнавіны» са спасылкай на «экстрэмісцкі» гомельскі рэсурс падаюць падборку малавядомых і рэзанансных гісторый, якія звязаны з дзеяннямі расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Гомельшчыны. Усе каментары грамадзян ананімныя, бо іх аўтары могуць падвергнуцца пераследу з боку рэжыму Лукашэнкі.


Аэрапорт-морг

Прадвеснікам вайны стаў сыход з Гомельскага аэрапорта расейскага перавозчыка Nordwind Airlines. У пачатку снежня 2021 года кампанія без тлумачэння прычын адмяніла рэйсы Гомель-Масква-Гомель. У студзені 2022 года аэрапорт стаў прымаць ваенна-транспартныя самалёты, а таксама суда камандавання ВКС РФ. 21 лютага аэрапорт цалкам перайшоў пад кантроль расейскіх вайскоўцаў, паведамлялі крыніцы.

«Мытня, памежнікі, хто там знаходзіўся, адпраўленыя ў адпачынкі. Увесь грамадзянскі персанал адпраўлены ў адпачынак на два тыдні».

28 лютага на тэрыторыі Гомельскага аэрапорта быў абсталяваны шпіталь для аказання меддапамогі вайскоўцам РФ і размяшчэння трупаў. Забітыя і параненыя расійскія вайскоўцы размяшчаліся ў будынках аэрапорта. Іх вывозілі на ваенна-транспартных самалётах Іл-76 у РФ. Шматлікія фатаграфіі і відэазапісы ваеннай тэхнікі, якая выязджае ад аэрапорта, паказваюць, што акрамя перавозкі грузу «200» і грузу «300», праз гомельскі аэрадром дастаўлялася браняваная тэхніка і боепрыпасы на патрэбы арміі-агрэсара. Акрамя таго, аэрапорт выкарыстоўваўся для запускаў беспілотнікаў для разведкі і ракетных удараў па тэрыторыі Украіны.

Ваенна-транспартны самалёт Іл-76 у гомельскім аэрапорце выгружае тэнтавыя КамАЗы і санітарны ПАЗ. Фота "экстрэмісцкага" рэсурса

Ваенна-транспартны самалёт Іл-76 у гомельскім аэрапорце выгружае тэнтавыя КамАЗы і санітарны ПАЗ. Фота "экстрэмісцкага" рэсурса


Абстрэлы Украіны з агародаў памежных беларускіх вёсак

Раніцай 24 лютага абстрэлы тэрыторыі Украіны вяліся прама з агародаў прыгранічных вёсак Гомельскага і Добрушскага раёнаў, тэрыторыі Чарнобыльскай зоны. Абстрэлы папярэднічалі сухапутнаму ўварванню расійскіх вайскоўцаў. Гукі стральбы былі чутныя ў Добрушы і прыгранічных вёсках прыкладна з 6 да 8 раніцы. Пасля мясцовыя жыхары назіралі перамяшчэнне калон расійскай тэхнікі ў кірунку беларуска-ўкраінскай мяжы.

Чытачы паведамлялі, што ў некаторых памежных вёсках пачалася эвакуацыя:

«Дапамагаюць мужыкі ў масках, адзенне хакі, без знакаў», «З Глыбоцкага наўпрост вядуць абстрэл з вёскі. У Церахоўцы мясцовым загадалі вызваліць жыллё. Эвакуацыя. Гаўбіцы наўпрост вядуць абстрэл з агародаў». «Кажуць, што ў сувязі з сітуацыяй на мяжы, часова трэба з'ехаць. Танкі ў вёсцы. 74 штукі налічылі».

Раніцай 24 лютага Дзяржаўная памежная служба Украіны пацвердзіла інфармацыю аб нападах на памежныя ўкраінскія нарады і пункты пропуску ў Чарнігаўскай і Жытомірскай абласцях з ужываннем артылерыі, цяжкай тэхнікі і стралковай зброі. У той жа час улады Гомельшчыны праз свае каналы заяўлялі, што ў памежных вёсках вобласці «ўсё спакойна», людзі і ўстановы жывуць і працуюць у звычайным рэжыме.


П'яныя расійскія вайскоўцы спрабавалі захапіць беларускую запраўку

9 красавіка 2022 года міліцыя выкарыстала зброю, каб спыніць расійскі УАЗ пад Рэчыцай — у аўтамабіля было прабіта кола. Джып быў без рэгістрацыйных нумароў і з пазначэннем расійскіх агрэсараў у выглядзе літары «V». У аўтамабілі знаходзіліся вайскоўцы ў нецвярозым стане. Прыкладна ў той жа час на выездзе з Гомеля на Рэчыцу два п'яныя расійскія вайскоўцы спрабавалі купіць алкаголь на адной з заправак, пагражаючы прадавачцы зброяй.

«Яна націснула трывожную кнопку. Прыехаў Дэпартамент аховы, і оркі пачалі ў іх цэліцца. Быў выкліканы АМАП і толькі тады, быццам бы, удалося іх заламаць», — распавялі чытачы.

Ніякай інфармацыі аб падобных здарэннях афіцыйныя органы Беларусі не публікавалі.

15 лютага 2023 года кіраўнік ДАІ Гомельскай вобласці паведаміў пра «пік аварыйнасці» ў пачатку 2022 года — гэта час масавага перамяшчэння расійскай вайсковай тэхнікі па Гомельшчыне падчас наступу РФ на Украіну і наступнага адступлення. Як мінімум два ДТЗ з удзелам расійскай вайсковай тэхнікі ў 2022 годзе былі з чалавечымі ахвярамі: 28 снежня загінуў жыхар Гомеля Сяргей Каламіец, 1 красавіка загінуў жыхар Рэчыцы Дзяніс Радчанка. У сваіх зводках МУС не інфармуе аб прыцягненні ваенных-кіроўцаў да адказнасці за ДТЗ.

Расійская вайсковая машына ў ДТЗ. Фота "экстрэмісцкага" рэсурса 

Расійская вайсковая машына ў ДТЗ. Фота "экстрэмісцкага" рэсурса 



Расійскія вайскоўцы атрымалі прамянёвую хваробу пад Чарнобылем?

24 лютага расійскія вайскоўцы з тэрыторыі Гомельшчыны ўварваліся ва Украіну і захапілі Чарнобыльскую АЭС. Гэта прывяло да велізарных рызык. 25 лютага Украіна страціла кіраванне аўтаматычнай сістэмай кантролю радыяцыйнай абстаноўкі. Праваліўшы наступ на Украіну, 31 сакавіка вайскоўцы РФ пакінулі тэрыторыю ЧАЭС.

Першыя чуткі пра тое, што расійскія салдаты атрымалі апрамяненне ў Чарнобылі, з'явіліся ў канцы сакавіка пасля публікацыі ў сетцы фатаграфій з расійскімі санітарнымі «Пазікамі» каля Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомелі. Крыніца з сістэмы аховы здароўя абвергла гэтую інфармацыю, бо прыбыццё спецтранспарту было звязана з дастаўкай параненых расійскіх салдат, а таксама трупаў расійскіх жаўнераў у часовы морг на тэрыторыі медыцынскай установы.

Аднак 12 красавіка тая ж крыніца паведаміла, што ў РНПЦ на спецыяльнае абследаванне ўсё ж даставілі 22 вайскоўца РФ, з якіх двое мелі сімптомы радыяцыйнага апраменьвання. Яны знаходзіліся на спецыялізаваным абследаванні. Паведамлялася, што напярэдадні ў медустанове «працавала» КДБ. Верагодна, гаворка ішла аб тых салдатах, якія знаходзіліся падчас акупацыі памежжа Украіны паблізу Чарнобыльскай АЭС.


Пасля адступлення РФ стала вядома аб фартыфікацыйных збудаваннях, якія расійскія вайскоўцы капалі прама ў «Рудым лесе» — самым забруджаным ва ўсёй зоне адчужэння. Паведамлялася, што ў гэтай зоне адбываліся пажары і вайскоўцы маглі атрымаць значныя дозы апраменьвання.