Расійскія войскі атрымалі легальныя падставы знаходжання ў Беларусі. Абвяшчаць працяг вучэнняў цяпер не трэба

Рэгіянальная групоўка войскаў днямі абвешчана разгорнутай. Што ад гэтага мяняецца? Па сутнасці, здаецца, нічога, аднак істотны нюанс усё ж ёсць. Пра гэта разважае на сваёй старонцы ў фэйсбуку палітолаг Андрэй Ягораў.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__16__logo.jpg

Днямі Лукашэнка абвясціў аб разгортванні рэгіянальнай групоўкі войскаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

Па сутнасці нічога не адбылося!

1. Рэгіянальная групоўка войскаў існуе з 1999 года на падставе Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

2. Абноўленая Ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы 2021 года сцвярджае, што «рэгіянальная групоўка войскаў (сіл) Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі (далей — РГВ (с) — размешчаныя ў мірны час або разгорнутыя ў перыяд нарастання ваеннай пагрозы (перыяд непасрэднай пагрозы агрэсіі) у рэгіёне для адбіцця магчымай агрэсіі органы кіравання і войскі (сілы) Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі, а таксама іншыя воінскія фарміраванні бакоў, прымяненне якіх запланавана па адзінай задуме і плане».

Ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы была зацверджана пастановай Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы ад 4 лістапада 2021 года № 5.

3. Базай для гэтай групоўкі з'яўляюцца Узброеныя сілы РБ. Яны і так знаходзяцца ў мабілізаваным стане і праводзяць усякія мерапрыемствы па ўзмацненні паўднёвай мяжы, вучэнні і да таго падобнае.

4. Расійскія войскі і так знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі і атрымліваюць падтрымку ад беларускіх вайскоўцаў. Гэта значыць, што фактычна гэтая «Рэгіянальная групоўка» разгорнута з пачатку вайны.

5. Расійскія войскі маглі павялічыць або паменшыць сваю прысутнасць без усялякага абвяшчэння пра «разгортванне».



Што ж усё-такі змянілася?

6. Расійскія войскі цяпер атрымліваюць легальныя падставы знаходжання на тэрыторыі Беларусі. Без усялякага прадаўжэння сумесных вучэнняў.

7. Вырасла пагроза таго, што Расія істотна павялічыць сваю вайсковую прысутнасць на тэрыторыі Беларусі.

8. Вырасла пагроза таго, што беларускія вайскоўцы могуць быць задзейнічаны ў новай спробе атакі на Украіну з тэрыторыі Беларусі.


Нагадаем, як пісаў НЧ, 10 кастрычніка Лукашэнка правёў нараду па пытаннях бяспекі. Там ён заявіў, што дамовіўся з Пуціным аб разгортванні сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў: «У сувязі з абвастрэннем на заходніх межах Саюзнай дзяржавы мы дамовіліся аб разгортванні рэгіянальнай групоўкі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Гэта ўсё па нашых дакументах».