Беларускае войска можа быць адпраўлена на вайну без згоды Лукашэнкі?

Якую ролю ў агрэсіі Масква вызначыла Беларусі? Палітолаг Валерый Карбалевіч у блогу на Св*бодзе адзначае, што Расія патрабуе ад Беларусі больш актыўнага ўдзелу ў сваёй агрэсіі. А апошнія заявы беларускіх афіцыйных асобаў вельмі нагадваюць Casus belli — фармальную падставу для абвяшчэння вайны.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__14_.jpg

Разгортванне аб'яднанай рэгіянальнай групоўкі азначае, што беларускае войска можа быць адпраўлена на вайну без згоды палітычнага кіраўніцтва Беларусі. Лукашэнка робіць рашучы крок у кірунку ўцягвання Беларусі ў вайну, — разважае Валерый Карбалевіч.

— Пад ціскам Масквы Мінск ідзе на максімальнае абвастрэнне адносін з Украінай. Можна меркаваць, што гэта стала прамым наступствам перамоваў Лукашэнкі з Пуціным у Санкт-Пецярбургу.

Як і можна было чакаць, Расія ў якасці помсты за падрыў Крымскага моста стала інтэнсіўна абстрэльваць буйныя ўкраінскія гарады, уключна з Кіевам.

Якую ролю ў гэтым акце «адплаты» вызначылі Беларусі?

Калі супаставіць факты, то ўжо не выклікае сумневу, што Расія патрабуе ад Беларусі больш актыўнага ўдзелу ў сваёй агрэсіі, больш паслядоўнага выканання саюзніцкага абавязку. Пра гэта сведчаць практычныя дзеянні афіцыйнага Мінска апошнім часам.

Пасля перамоваў з Пуціным у Сочы Лукашэнка тэрмінова наведаў Абхазію, а потым, па вяртанні ў Мінск, адразу 4 кастрычніка правеў нараду ў пытаннях вайсковай бяспекі ў Міністэрстве абароны. Пасля чаго кіраўнікі сілавых структур правялі брыфінг для прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ з выкладаннем афіцыйнай пазіцыі. Мілітарысцкая ліхаманка ўзмацняецца, ва ўсякім разе, на ўзроўні рыторыкі.

А 7 кастрычніка на палях нефармальнага саміту СНД у Санкт-Пецярбургу з нагоды юбілею Пуціна адбылася восьмая сёлета сустрэча Лукашэнкі з прэзідэнтам Расіі. Перамовы ішлі цягам гадзіны. Можна меркаваць, што гэта быў працяг іхнай нядаўняй няскончанай дыскусіі ў Сочы.

Важна заўважыць, што на наступны дзень, 8 кастрычніка, у МЗС Беларусі быў запрошаны амбасадар Украіны ў Мінску Ігар Кізім, якому ўручылі дыпламатычную ноту. У ноце беларускі бок сцвярджае, што Украіна нібыта плануе напад на тэрыторыю Беларусі. Звяртае на сябе ўвагу тая тэрміновасць, з якой быў зроблены гэты дыпламатычны дэмарш. Амбасадар Украіны быў выкліканы ў МЗС увечары выходнага дня.

Назаўтра, у нядзелю 9 кастрычніка, на тэлеканале СТВ з'явілася заява старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Анатоля Лапо, што нібыта ўкраінцы ўзарвалі практычна ўсе памежныя масты і замінавалі дарогі, «цэляцца ў нашых памежнікаў, часам страляюць у паветра».

Можна меркаваць, што гэта стала прамым наступствам перамоваў Лукашэнкі з Пуціным у Санкт-Пецярбургу. Пад ціскам Масквы Мінск ідзе на максімальнае абвастрэнне адносін з Украінай.

10 кастрычніка Лукашэнка праводзіць нараду ў пытаннях бяспекі, на якой таксама абвінавачвае Украіну ў тым, што тая плануе напад на Беларусь. Апошнія заявы беларускіх афіцыйных асобаў вельмі нагадваюць Casus belli — фармальную падставу для абвяшчэння вайны.


Але галоўная інфармацыя, якую агучыў Лукашэнка, яшчэ больш злавесная. Высвятляецца, што яны з Пуціным дамовіліся падчас перамоваў у Санкт-Пецярбургу аб разгортванні сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў.

Што гэта азначае на практыцы? Паводле двухбаковых дамоваў, такая групоўка разгортваецца ў пагражальны перыяд пад адзіным камандаваннем. У Беларусь прыбываюць тысячы расійскіх вайскоўцаў. З якой мэтай яны прыбываюць? Як варыянт — дзеля атакі на Украіну.

Хто будзе камандаваць гэтай аб'яднанай рэгіянальнай групоўкай? Расійскі ці беларускі генерал? Калі расіянін, то беларускае войска можа быць адпраўлена на вайну без згоды палітычнага кіраўніцтва Беларусі?

І ці гатовы Лукашэнка адмовіцца ад пасады галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Беларусі на карысць расійскага генерала?

Гэта ўсё пытанні, на якія пакуль няма адказу. Але Лукашэнка робіць рашучы крок да ўцягвання Беларусі ў вайну. Можа, і не па сваёй волі. Але што тады застаецца ад беларускага суверэнітэту?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазіцыю рэдакцыі.