Што гэта за звер такі — «гома саветыкус»?

Чытаючы кнігу Святланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд» сам у сябе ўвесь час запытваешся: дзе ў ёй Беларусь? Я не пра тое, што кандыдат на Нобеля па літаратуры ад нашай краіны мусіць пісаць пра дзве душы ці новую зямлю. Але аўтарка ў кнізе даследуе, як яна кажа, «асобны чалавечы тып», выведзены ў лабараторыях марксізму-­ленінізму — гома саветыкуса. На яе думку, гэта наднацыянальны феномен.



gomo_sovetikus.jpg

Маналогі суразмоўцаў Алексіевіч — пра сталінскі тэрор, вайну, перабудову, 90-я гады, путч. Гэта дакументалістыка, а не выдуманыя светы Эка ці Муракамі. Беларусь жа таксама была часткай СССР. Аднак дзе пабачыць, як змяняў савецкі час беларускую душу?

І справа нават не ў тым, што ў кнізе няма беларускага «я»: у кнізе занадта выяўнае «я» расійскае. «Нашы казкі пра Іванушку-­дурачка», «убогая руская кухня», «вайна і турма — два галоўныя рускія словы», Калужская вобласць, Іркуцк, Масква, Масква, Масква... Нават калі гаворка пра Беларусь, дык гэта Беларусь вачыма кагосьці адстароненага: дзяўчынкі, якая пасля лагера і сіроцкага дома вярнулася ў вёску, дзе жыў яе бацька­-асаднік. Або вось яшчэ некарэктная карцінка пра беларусаў: «Немецкие мотоциклисты въехали в город. Какие­то люди в вышитых сорочках встречали их с хлебом-­солью. С радостью»...


Кніга звышякасна напісаная. Аўтарка ўклала ў яе дзесяцігоддзе працы, усю інтэлектуальную моц, усё сваё фантастычнае веданне рускай класікі, філасофіі, душы. Кніга зацягвае, як толькі могуць зацягваць добра расказаныя гісторыі. Але што новага яна адкрывае?

«Мы развітваемся з савецкім часам» — піша аўтарка ў прадмове. Хто гэтыя «мы»? 30% насельнікаў сённяшняй Беларусі ўжо ў савецкім часе не жылі. Яшчэ працэнтаў 15 — запомнілі яго раннімі дзіцячымі ўражаннямі. Як кажуць сацыёлагі, лічаныя працэнты беларусаў сёння настальгуюць па СССР.


Найвыразнейшы беларускі маркер ёсць у канцы: Плошча­-2010. Распавядае студэнтка: яны спрачаліся ў інтэрнаце, ці варта ісці, ішлі на Плошчу, пасля было затрыманне, турма, касыя позіркі аднавяскоўцаў... Гісторыя ў дэталях паўтарае ранейшыя, прамоўленыя ад імя «савецкіх людзей»: пра кухоннае дысідэнцтва, жорсткасць савецкіх турмаў, даносы, якія пісалі суседзі ў НКВД.

Выходзіць, і новае пакаленне беларусаў — гома саветыкусы. Але што гэта за звер такі? У чым яго ўнікальнасць? Чаму не назваць яго паводзіны натуральнай рэакцыяй чалавека і супольнасці на ўціск і тэрор з боку ўлады? Няўжо іначай рэагавалі ў Чылі часоў Піначэта? У Іраку часоў Хусейна? У Паўночнай Карэі дагэтуль?


Але, калі прызнаць, што няма ўнікальнага гома саветыкуса, давядзецца прызнаць, што ніякай асобнай савецкай «духоўнасці» таксама не было. А як жа так? Ад чыйго імені тады прамаўляць «мы» і са скрухай пісаць, што «сёння духоўнасць памерла, затое дзвесце відаў кілбасы»? У чым была духоўнасць? Бяспраўнае жыццё, рабская праца 90 працэнтаў насельніцтва? Халтура ўсюды? А гэта ж было... Было! І вось тут узнікае пытанне да ракурсу, які выбрала пісьменніца, да падбору гісторый.

Сярод маіх аднагодкаў няма людзей, якія шкадавалі б пра страту міфічнай савецкай «духоўнасці». Не бачыў я такіх і сярод старэйшых. Людзі, якія перажылі сталіншчыну, хрушчоўшчыну і брэжнеўшчыну, бачылі на якой гнілой крывавай мане стаіць савецкі лад і савецкая мараль. А чысціня кніжных дысідэнтаў была не савецкай, а проста чысцінёй. Агульначалавечай.


«Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва» — ранейшыя кнігі аўтаркі пісаліся, калі грамадства не ведала ўсёй праўды пра Афган, пра АЭС. Што адкрывае «Час сэкан-д­хэнд»?
Мне яна адкрыла, што не было гома саветыкуса.
Сяргей Мікулевіч, nn.by