Справа не толькі ў вайне. Ва Украіне патлумачылі, навошта будуюць плот на мяжы з Беларуссю

Украіна працягвае будаваць плот на мяжы з Беларуссю. Па стане на 11 лістапада ўзвялі ўжо 3 кіламетры сцяны. Выявілася, што агароджа патрэбна не толькі для ваенных мэт, але і каб стрымліваць бежанцаў. Пра гэта ў эфіры тэлемарафону распавёў сакратар украінскай Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксей Данілаў.

zabor_danylov.jpg

Па словах Данілава, узвядзенне сцяны на мяжы з'яўляецца не толькі мерай ваеннай бяспекі, але і пытаннем бяспекі ад бежанцаў. Ён дадаў, што яны ў вялікай колькасці пачнуць бегчы з Расіі і Беларусі на тэрыторыю цывілізаваных краін, гэта толькі пытанне часу.

Сакратар РНБА адзначыў, што ў Расіі ў бліжэйшы час можа пачацца такое, што мала хто зможа ўявіць. Ён сказаў, што праца па ўмацаванні мяжы ўжо пачалася і будзе працягвацца. Украіна ні на што не будзе звяртаць увагу.

Нагадаем, намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Цімашэнка паказаў, як будуецца плот на мяжы Валынскай вобласці з Беларуссю. Сцяна на мяжы — гэта жалезабетонны плот з калючым дротам.

Такім чынам, плотам ад Беларусі адгароджваюцца ўсе суседзі, акрамя Расіі. Раней агароджу пабудавалі, альбо пачалі будаваць Польшча, Літва і Латвія. Цяпер гэта пачала рабіць і Украіна. Наўпрост гэта рэакцыя на міграцыйны крызіс, які лукашэнкаўцы стварылі летась, каб адпомсціць Еўропе за падтрымку перамен у Беларусі. У больш шырокім сэнсе гэта метафара той ізаляцыі, у якой апынулася Беларусь пасля фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе, наступнага жорсткага здушэння пратэстаў і рэпрэсій, якія не спыняюцца дагэтуль.