«Спыніцеся!» Жонкі трох пакалечаных беларусаў — людзям у чорным (+відэа)

Жонкі пацярпелых ад гвалту беларусаў, якія разам з мужамі прыехалі ў Чэхію дзеля іх лячэння і рэабілітацыі, расказваюць Свабодзе пра перажытае.

Вечар 9 жніўня. Ілюстрацыйнае фота Уладзя Грыдзіна

Вечар 9 жніўня. Ілюстрацыйнае фота Уладзя Грыдзіна


У Чэхіі працуе праграма дапамогі беларускам і беларусам, якія пацярпелі ад гвалту сілавікоў падчас паслявыбарчых пратэстаў. На лячэнні ў гэтай краіне цяпер каля 40 чалавек.Муж Вольгі быў затрыманы 3 верасня ля муралу памяці Аляксандра Тарайкоўскага. Сям’я доўга не магла высветліць, дзе ён, урэшце знайшлі на Акрэсціна. Замест судовага разгляду яго адвезлі ў шпіталь. Яго збілі ў міліцэйскай машыне. У выніку — разрыў дзьвюх барабанных перапонак, разрыў папярочных адросткаў паяснічных пазванкоў, траўмы мяккіх тканак. У Беларусі яму зраілі аперацыю па аднаўленні барабаннай перапонкі, цяпер слых паступова аднаўляецца. Муж пакутуе ад боляў у спіне, ходзіць у гарсэце.

Муж Людмілы быў затрыманы 10 жніўня ў Менску, калі вяртаўся дадому пешкі, бо станцыі метро былі перакрытыя. Побач праехаў мікрааўтобус, з якога выскачылі людзі ў чорным, адзін з іх без тлумачэння прычын ударыў яго ў скронь. У мікрааўтобусе па дарозе ў РУУС яго білі на працягу 3 гадзін, у асноўным па галаве, пасля чаго на 5 сутак адправілі ў турму ў Жодзіна. Сямʼя доўга не магла знайсці, дзе ён. Толькі дзякуючы салідарнасці даведаліся пра яго ад тых, хто выходзіў з турмы, калі паказвалі фатаздымак. У мужа спадарыні Людмілы страсенне галаўнога мозгу, разрыў некаторых звязак і пералом ключыцы. Цяпер ён цярпіць на моцныя галаўныя болі, адна нага анямела і не рухаецца.

Алена разам з мужам па завяршэнні галасавання выйшла на плошчу ў Маладэчне. Пазней пайшла дадому да дачкі, а муж застаўся. Калі міліцыянты пачалі жорстка збіваць людзей, ён падышоў да амапаўцаў і спытаў: «Што вы творыце, хлопцы?». Яму сказалі адысці, ён сеў на ровар і адʼехаў некалькі сотняў метраў. Дагнаў мікрааўтобус з амапаўцамі. Ад удару дубінкай у вока страціў прытомнасць. Апрытомнеў толькі раніцай у РУУС на зямлі, у кайданках і з прабітай галавой. Сямʼя яго знайшла толькі праз тры дні. Яго асудзілі на 8 сутак, але «выкінулі» на трэція суткі з Чэрвеньскага РУУС (за 150 кіляметраў ад Маладэчна). Усе тры дні муж перыядычна траціў прытомнасць, медычнай дапамогі яму не аказвалі. Ён мае трэшчыну ў скроні, пералом асновы чэрапа, пералом рэбраў, пашкоджанні вуха. Цяпер павольна папраўляецца, яшчэ не можа хутка фармуляваць думкі. 

Вольга: Я прашу іх спыніцца. Немагчыма на ўсё гэта глядзець бяз слёз. Колькі людзей пацярпелі, і колькі яшчэ могуць пацярпець. Гэта ўсё падобна да маленькай вайны. У нас невялікая краіна, падавалася, што гэта даўно ў мінулым. Мы чыталі пра такое ў кнігах па гісторыі, а цяпер усё адбываецца на нашых вачах. Нашы дзядулі гаварылі — як добра, што мы ня бачылі таго, што бачылі яны на вайне. Цяпер мы ўсё гэта бачым. Гэта вельмі страшна, таму я папрасіла б іх спыніцца і стаць на бок народу. Дабро заўсёды перамагае зло. Беларусаў, нашых суграмадзянаў, я б папрасіла трымацца і захоўваць аптымізм, каб верылі ў лепшае, што ў нас усё атрымаецца.

Людміла: Мне складана нешта сказаць людзям у чорным, бо я не магу зразумець іх матывацыі. Ёсць грошы, ёсць абавязак перад краінай, але ёсць і чалавечнасць, разуменне таго, што мы ўсе людзі, што побач твой сусед, што ты павінен абараніць найперш сваю сямʼю. Я заклікаю да чалавечнасці, каб яны звярнуліся да ўласнага «я», каб яны прынялі годнае рашэнне Чалавека. А людзям, якія выходзяць, хачу сказаць, што ў нас абавязкова ўсё атрымаецца. Нягледзячы на тое, што мы цяпер у Чэхіі, мы цяпер побач з вамі. І вельмі хочам унесці хоць маленькі ўнёсак у нашу агульную справу. Таксама верым, што мы пераможам.

Алена: Асноўная маса АМАПу — маладыя людзі, якім давядзецца глядзець у вочы сваім дзецям і расказваць, кім працаваў, як жыў. Ім прыйдзецца з гэтым жыць. Якія б ні былі прычыны гэта рабіць — праца, высокая аплата за «працу», ім давядзецца адказваць, калі ня перад нейкім судом, то перад сваім сумленнем. Думаю, што гэтым людзям будзе потым цяжка жыць з гэтым. Хацелася б, каб яны ўсвядомілі, што грошы — не галоўнае ў жыцці. Памыляцца можна дзень-два, але столькі немагчыма памыляцца. Хацелася б, каб яны гэта зразумелі і абаранялі людзей, павярнуліся да людзей іншым бокам, апусцілі свае шчыты і гэтыя дубінкі, якія калечаць лёсы вельмі многіх людзей.