Стэфан Эрыксан: Беларуская мова застанецца са мной на ўсё жыццё
Беларуска-шведскі дэсант паэтаў, палітыкаў ды прыхільнікаў беларушчыны прыбыў у Беласток. 11 траўня а 19.30 у Galeria Sleńdzińskich прайшла вечарына памяці беларускага паэта, нашага калегі, які сёлета заўчасна пайшоў з жыцця, Юркі Гуменюка. У сустрэчы таксама браў удзел былы амбасадар Швецыі ў Беларусі спадар Стэфан Эрыксан.
— Працуючы ў Беларусі, Вы былі вядомым мецэнатам, папулярызатарам беларускай культуры і мовы. Тое, што Вы прыехалі ў Беласток, пацвярджае тое, што цікавасць да беларушчыны па-ранейшаму з Вамі. Што для Вас беларуская мова і беларуская культура?
— Беларуская мова і беларуская культура сталі часткай майго жыцця. Я працаваў у Менску 7 гадоў. Я сапраўды зацікавіўся беларускай мовай і стаў выкарыстоўваць яе амаль штодзённа. Беларуская мова і культура застануцца са мною на ўсё жыццё – няма куды дзявацца! Хачу сказаць, што не першы раз я ў Беластоку. У 2006 годзе я быў на “Басовішчы”, слухаў беларускіх музыкаў. Мне гэта запомнілася.
— Неад’емнай часткай Беларусі з’яўляюцца гістарычныя і нацыянальныя сімвалы, дзякуючы рашэнню Міжнароднай федэрацыі хакея, бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня сталі папулярнымі і вядомымі ў вашай краіне. Ваша асабістае стаўленне да гэтай гісторыі?
— На мой погляд, было б правільна, каб дазваляліся ўсе нацыянальныя сімвалы краіны. Так атрымалася, што Міжнародная хакейная федэрацыя прыняла іншае рашэнне – гэта выклікала шмат дыскусій і ў Беларусі, і ў Швецыі. Шведская грамадзянская супольнасць вельмі зацікавілася гэтай праблемай, праводзіліся акцыі ў падтрымку бел-чырвора-белага сцяга. Спадзяюся, што ўрэшцебудзе больш правільнае стаўленне да гэтага.
— Некалькі тыдняў таму Вас уганаравалі міжнароднай прэміяй імя Марка Палмэра за дыпламатычную працу ў Беларусі. Прыміце нашыя віншаванні з гэтай нагоды! Ці спадзеяцеся, што Ваша праца як дыпламата будзе прыкладам для іншых дыпламатаў, якія працуюць у краінах з аўтарытарным рэжымам?
— Для мяне гэта была прыемная навіна і я быў прыемна здзіўлены, калі пра гэта даведаўся. Гэта адзіная прэмія, якая ўручаецца дыпламатам. І яна можа натхняць дыпламатаў помніць пра сваё сумленне і абараняць дэмакратычныя каштоўнасці.
—Вы былі натхняльнікам і ініцыятарам правядзення Дзён беларуска-шведскай літаратуры, якія сёлета, на жаль, праходзяць ва ўкраінскім Львове. Ці спадзеяцесе, што гэты фестываль вернецца ў Беларусь?
—Мы дзесяць гадоў праводзілі літаратурныя імпрэзы ў Беларусі. Так скалаліся абставіны, што сёлета мы іх правядзём у Беластоку, а праз тыдзень - у Львове. Я думаю, што гэта дасць нейкі новы імпульс. Думаю, што і ў Беларусі будзем праводзіць падобныя імпрэзы, таму што я лічу, што яны вельмі важныя. Таму што праз культуру і літаратуру мы пазнаем адзін аднаго, і будзем лічыць, што ў гэтым годзе проста атрымалася такое выключэнне з правіл.
—Помнім, што і Вы самі абяцалі вярнуцца ў Беларусь. Жадаем Вам наведаць яе як мага хутчэй.
Са Стэфанам Эрыксанам гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя