Суддзя сказаў: «Даруйце мне. Потым у сваіх мемуарах напішаце, што я кепскі суддзя»
Журналіста з Горадні Руслана Кулевіча затрымалі 11 жніўня разам з жонкай Тацянай у цэнтры гораду. Руслану зламалі абедзьве рукі і асудзілі на 7 дзён арышту. Пасля вызвалення сужэнцаў пачалі цкаваць і пераследаваць. Гісторыя сям'і Кулевічаў на Радыё Свабода.
Руслан Кулевіч — вядомы горадзенскі журналіст парталу Hrodna.Life і аўтар кніг па гісторыі Горадні. Увечары 11 жніўня Руслан з жонкай паехалі на роварах асвятляць вулічныя пратэсты ў цэнтры горада. Іх затрымалі ў краме. Журналіст быў у сіняй камізэльцы з надпісам «Прэса». Затрымлівалі хлопцы ў чорным адзенні і чорных балаклавах.
Далей гісторыю расказвае Руслан Кулевіч.
«Я нават не мог дапусьціць, што мяне затрымаюць... Крыўдна, што разам з жонкай. Я перажываў больш не за сябе, а за яе. Было негалоснае правіла ў амапаўцаў: Кулевіча не чапаць. Бо ў мяне была дамова з камандзірам АМАПу. Ён да мяне падыходзіў за некалькі дзён да выбараў і сказаў: «Ты ведаеш маіх хлопцаў. Не фатаграфуй іх без справы». Я кажу: «Толькі пры затрыманні». Многія амапаўцы мяне ведалі. Былі выпадкі, калі яны куплялі мае кнігі і прыходзілі, каб я распісаўся.
Калі нас накрывалі, я крычу: «Я журналіст! Калі ласка, не чапайце жонку. Ён крычыць: «Прозвішча?» Я кажу: «Кулевіч». А ён: «Вось ты і папаўся. Атрымлівай! Праз такіх журналістаў, як вы, у краіне вайна. Я б цябе забіў. Такіх трэба забіваць».
Я думаў, мяне правераць і адпусцяць. Але не. Пару разоў мяне ўдарылі дручком. Я памятаю, што закрываўся ад дручка. Нас загрузілі ў аўтазак. Там я паспеў патэлефанаваць мэру гораду Мечыславу Гою і сказаў: «Мечыслаў Браніслававіч, вы мяне ведаеце. Вы ведаеце, што я журналіст, аўтар кніг». Ён сказаў: «Навошта ты туды палез?» Я думаў, ён прыедзе ў ізалятар і разбярэцца. Ён не прыехаў, кіраўніцтва міліцыі не прыехала.
Калі нас прывезлі ў ІЧУ, пачалі выгружаць. Было два шэрагі супрацоўнікаў — «калідор пекла». Хлопцаў праводзілі праз гэты калідор, асабліва пазначаных. Я быў пазначаны, бо быў у камізэльцы.
Я памятаю вельмі цмяна: або я прытомнасць страціў, або мне нагу выкруцілі, бо ластаўку хацелі рабіць. Я крычаў: «Асцярожна, нага баліць». І не забываўся пра жонку, крычаў пра жонку. Калі чалавека праводзілі праз калідор, кожны стараўся яго нечым ударыць — рукой, дручком. Былі і жанчыны-супрацоўніцы (міліцыі).
Пасля гэтага калідору не краналі, было больш-менш стаўленне. Мяне пацягнулі па асфальце. Я не мог ісці, бо нага балела. Яны кажуць: «Ідзі далей сам». Я кажу: «Я не магу ісці». Прыўзняўся і сказаў: «Хлопцы, я журналіст Руслан Кулевіч. Пішу для горадзенскіх выданняў з 2013 года. Я аўтар кніг аб гісторыі горада. Дапамажыце мне хто-небудзь». Выйшлі 2 ці 3 супрацоўнікі і павялі мяне пад рукі. Астатнія смяяліся: «Рэпарцёр нарэшце папаўся. Напісаўся, нафоткаўся. Больш ты не будзеш гэтага рабіць».
Далей мяне павялі на допыт. Я кажу: «Пазваніце ў прэс-службу УУС». Пералічыў яму ўсіх супрацоўнікаў, якія хоць калі мне давалі каментар. Але не пазванілі. Потым ішоў намеснік начальнік РАУС Кастрычніцкага раёна Горадні. Ён мяне пазнаў, пазваніў прэс-сакратару УУС Яўгену Дудко, але той быў недасяжны.
Я яго папрасіў дапамагчы маёй жонцы, бо ёй было цяжка. Таня абмачылася пры затрыманні. Тут няма нічога такога. Многія дарослыя хлопцы абсікваліся пры затрыманні.
Мяне дапыталі. Капітан запытаўся: «Ты бачыў, я цябе не чапаў». Я сказаў: «Так, таварыш капітан, вы мяне не чапалі. Але іншыя чапалі».
Ён адвёў мяне ў камеру. Камера была на двух чалавек, нас было 6 або 7. Я пытаўся, калі нас будуць карміць, бо ўжо другія суткі. Нам сказалі, што чалавек на адной вадзе можа пратрымацца 30 дзён. Ні бялізны, ні падушак, ні матрацаў, нічога.
Увечары наступнага дня быў суд. Суддзя прысудзіў мне 7 сутак арышту. Суддзя сказаў: «Даруйце мне. Потым у сваіх мемуарах напішаце, што я кепскі суддзя».
Пакармілі нас на трэці дзень. Праваслаўныя святары нам перадалі хрышчэнскую ваду і аўсянае печыва па тры штучкі. Потым далі матрацы. Потым абед прынеслі. Потым перадачку перадалі. Мы не разумелі, што адбылося. Ніякага мату ўжо больш не было. Калі мне перадалі маю кнігу, я сукамернікам зрабіў прэзентацыю кнігі. Каб не было сумна, расказваў хлопцам, як я збіраў гэтыя гісторыі.
Першы раз я расплакаўся, бо не ведаў, што з маёй жонкай. Падышоў супрацоўнік дэпартаменту аховы і сказаў: «Чаго ты равеш?» Другі раз я заплакаў на трэці дзень, калі перадалі перадачу ад жонкі. Я гляджу: мая кніга, маё адзенне, цукеркі, якія я люблю. Я сеў і ад шчасця заплакаў. Я даведаўся, што з жонкай усё добра. Я раней казаў ёй: «Калі мяне некалі забяруць, перадай мне маю кніжку».
Увечары прыйшлі і сказалі: «Выходзьце».
Я спачатку думаў, што дарую супрацоўнікам міліцыі. А потым пачаў думаць: навошта яны так? Навошта яны маю жонку чапалі? Не ведаю. Я супраць такіх бясчынстваў».
Вось што расказала пра затрыманне Тацяна Кулевіч.
«Мы думалі, што тэхніка едзе да натоўпу. Але яны, відаць, знарок спыніліся каля крамы і зайшлі ў краму. Усё адбылося за лічаныя секунды. Я за гэты час пасьпела адключыцца. Усё адбывалася, як у тумане. Я памятаю, што хлопца, які спрабаваў зачыніць дзверы, вельмі моцна пабілі. Яны на мяне ўпалі зверху.
Потым супрацоўнік АМАПу ці хто, памятаю, глядзіць мне ў вочы, і вочы такія шкляныя, нібыта я яму асабіста нешта зрабіла, не ведаю — сям’ю яго расстраляла. Яны былі поўныя нянавісці. Ён крычыць на мяне, хапае. Я не буду паўтараць усе нецэнзурныя словы. Ён схапіў мяне за руку і пацягнуў з крамы, па падлозе, па сходах. У мяне ўпала адна з красовак. Па дарозе я абмачылася, бо мозг не кантраляваў фізіялагічныя працэсы арганізму.
Было страшна, вельмі страшна. Калі мы падыходзілі да машыны, ён мне сказаў падымацца, сарваў усе рэчы, запхаў у камеру ў аўтазаку. Я чула, як Руслан крычаў, як яго білі. Я вельмі спужалася, што нас вывезуць у лес, закапаюць і больш не знойдуць. Я пачала крычаць, каб Руслана не чапалі, біць нагамі аб камеру.
Самае страшнае, што я не бачу, я не ведаю, жывы ён там, нежывы. Калі мяне выводзілі, то ўжо не чапалі. Я бачыла, як усе ляжаць тварам у зямлю. Пазначаных білі.
Было вельмі страшна. Я бы ніколі не магла падумаць, што такое можа адбыцца з намі ў нашай краіне. Я не магу дараваць. Я не ведаю, як такое прабачаецца».
Пасля вызвалення ноччу Руслану стала блага. Ён паехаў у шпіталь. Аказалася, што ў яго зламаныя абедзьве рукі, страсенне мозгу, моцна апухлі ногі, засталіся ранкі на целе. Яго шпіталізавалі на 5 дзён. У шпіталі журналіст таксама запісваў і публікаваў відэагісторыі пацярпелых.
Руслану дасылалі паведамленні чытачы з усяго свету, падтрымлівалі яго. У кнігах ён пісаў шмат гісторый аб продках людзей, якія з'ехалі ў эміграцыю.
Адначасова нехта выклаў у сеціва асабістыя звесткі сям’і: адрас, тэлефон, да таго ж абразлівую непраўдзівую інфармацыю. Таксама пачалі распаўсюджваць звесткі, што Руслан нібыта не пацярпеў і гіпс у яго несапраўдны. Кулевічам сталі паступаць пагрозы. Яны былі вымушаныя часова з'ехаць з горада.