«Шчасце можна знайсці нават у цёмныя часы. Калі не забываць звяртацца да святла»
Чаму сюжэт рамана «Гары Потэр» мае столькі падабенстваў з расійскім уварваннем ва Украіну?
Роўна 27 гадоў таму брытанская пісьменніца Джаан Роўлінг прадставіла свой фэнтэзійны раман «Гары Потэр і філосафскі камень» — адну з найбольш папулярных кніг у свеце. Сваім творам Джаан навучыла мільёнаў чытачоў абіраць бок любові, шчырасці і дабра. Спраецыруем выдуманыя падзеі на сённяшнюю рэальнасць.
Чорная метка — «Z» і «V» у свеце Гары Потэра
Усе Пажыральнікі Смерці, адмоўныя героі рамана Джаан Роўлінг, маюць на ўнутранай частцы перадплечча чорную пазнаку. Яна служыць як для пазнавання імі адзін аднаго, так і для сувязі з Волан-дэ-Мортам, галоўным увасабленнем зла. Пры дакрананні чароўнай палачкай да чорнай пазнакі, усе астатнія злыдні адчуваюць на аналагічным месцы паленне, што злучае іх.
Чорная пазнака не на жарт выклікае даволі цесныя асацыяцыі з сімвалам расійскага ўварвання ва Украіну — літарамі «Z» і «V». Апроч падтэксту, які ў абодвух выпадках нясе смерць, звернем увагу на апісанне яе функцый у рамане Роўлінг.
Так, прыхільнікі расійскай агрэсіі літаральна кананізуюць літары, якімі ў лютым 2022 года наўпрост абазначалася тэхніка па напрамках уварвання. Прапагандысты прыдумляюць ілжывы сэнс і гісторыю іх паходжання, а звычайныя расійцы з задавальненнем выкарыстоўваюць сімвалы ў паўсядзённым жыцці, абклейваючы «зэдкамі» грамадскія і прыватныя прасторы, аўтамабілі, апранаючы дзяцей у ваенную форму. Вось што піша газета Гулькевічскага раёна (Краснадарскі край) наконт паходжання сімвалаў агрэсіі.
«Знак “Z” — гэта старажытнаславянская буквіца “Z”, якая намаганнямі цемры даўно выкінута з рускага, славянскага алфавіту. Гэтая літара — галоўны ахоўны знак усіх славян. Гэтая літара нясе абарону ад пранікнення цёмнай сілы. Гэта — сама Зямля, як Сусветная структура, як форма жыцця ўсяго існага, створанага Богам. Само напісанне гэтай літары кажа пра гэта: верхняя рыса адкрэслівае Неба, ніжняя рыса адкрэслівае Зямлю, а дыяганальная рыса перакрэслівае прастору паміж Небам і Зямлёй, зачыняючы ўваход цёмнай сілы.
Для абазначэння спецыяльнай ваеннай аперацыі на Украіне выкарыстоўвалі старажытнарускую азбуку. “Z” — сімвал аб'яднання рускіх земляў, дадзеных самім Богам», — піша выданне.
Правесці аналогію з чорнай меткай Волан-дэ-Морта можна таксама не меней папулярнай георгіеўскай стужкай, расійскай мовай і, увогуле, расійскім нацызмам. Вось, напрыклад, радкі з песні «Мы», якая на адным толькі YouTube без уліку стрымінгавых пляцовак і спампаваных файлаў сабрала 6.5 мільёнаў праглядаў, што сведчыць пра захапленне расійскага супольства. Ці то не тое ж адчуванне палення наяве?
«Мы — это вечное в нашей крови
Мы — это связано небом одним,
Мы — никогда никому не сломить
Не живём на коленях
Мы — это правда одна на весь мир, это мы».
Аўтарам гэтай творчасці з’яўляецца SHAMAN — такі сабе агент сучаснага расійскага Волан-дэ-Морта. Падаецца, нават іх вобразы падабраныя для здымак імпартазамешчанага «Гары Потэра». Дарэчы, апошнім часам спявак удзельнічае ў шоу «КВЗ» у якасці чальца журы, седзячы з «чорнай пазнакай» на руцэ.
Але найбольш цікавым падабенствам з’яўляецца тое, што Пажыральнікі смерці запускалі пазнакі над хатамі забітых чараўнікоў як фірмовы подпіс пасля праведзенай «працы». Таму ў свеце чараўнікоў яны выклікалі амаль такі ж жах, як і сам Волан-дэ-Морт.
У нашай рэальнасці гэта вынішчэнне ўкраінскасці шляхам усталявання расійскіх сцягоў ды раней пералічанай сімволікі на акупаваных тэрыторыях, генацыду насельніцтва, вынішчэння ўкраінскай мовы і яе носьбітаў.
Недаравальныя праклёны і хімічная зброя
У свеце Гары Потэра магія з’яднана з выкарыстаннем праклёнаў — звычайна неабходна вымавіць некалькі вядзьмарскіх слоў, узмахнуўшы пры гэтым чароўнай палачкай або паказаўшы ёй на аб'ект ужывання чар. Сярод іх ёсць і забароненыя альбо недаравальныя праклёны, за выкарыстанне якіх у свеце магіі прадугледжана сасланне ў вязніцу Абакан.
«Авада Кедаўра» — забойны праклён. Пры яго ўжыванні з чароўнай палачкі заклінальніка вылятае зялёны прамень, які забівае любога, у каго патрапіць, на месцы. «Імперыус» — праклён падуладдзя, які дазваляе цалкам падпарадкаваць чалавека сваёй волі, ператварыўшы яго ў бязвольную марыянетку. І трэці, катавальны «Круцыятус», характарызуецца тым, што заклінальнік шчыра ловіць задавальненне ад пакут ахвяры, якая адчувае невыносны боль.
Апошні праклён мае надзвычайнае падабенства з выкарыстаннем Расіяй хімічнай зброі на тэрыторыі Украіны. Дзяржава-агрэсарка штодзень парушае пратакол «Аб забароне прымянення на вайне задушлівых, атрутных або іншых падобных газаў і бактэрыялагічных сродкаў», шырока вядомы як Жэнеўская канвенцыя ад 1925 года. Дакумент забараняе прымяненне хімічнай і бактэрыялагічнай (біялагічнай) зброі падчас вайны. Так, толькі ў траўні гэтага года Узброеныя сілы Украіны зафіксавалі 715 выпадкаў прымянення боепрыпасаў з небяспечнымі хімікатамі.
У асноўным расійскія акупанты ўжываюць CS (2-хлорбензальмалононітрыл) — слёзатачывы газ, які выкарыстоўваецца паліцыяй супраць дэманстрантаў. Яго прымяненне падчас баявых дзеянняў недапушчальна ў адпаведнасці з пунктам 5 артыкула II Канвенцыі аб забароне распрацоўкі, вытворчасці, назапашвання, выкарыстання і знішчэння хімічнай зброі ад 13 студзеня 1993 года.
У гэтае ж параўнанне будзе слушна дадаць мінаванне і ўтрыманне пад сваім кантролем Запарожскай АЭС, падрыў Кахоўскай ГЭС, удары па ДнепраГЭС, ядзерны шантаж. Усё гэта — недаравальныя праклёны ў рэальнасці.
Колькасць дзяўчат у Ордэне Феніксу і ва ўкраінскім войску — практычна аднолькавая!
У свеце Гары Потэра пол не вызначае здольнасць змагацца: чарадзейная палачка добра кідае баявыя заклёны як у мужчынскай, так і ў жаночай руцэ. Таму за Хогвартс і ўвесь цывілізаваны свет, які імкнецца супрацьстаяць наплыву Пажыральнікаў смерці, змагаюцца Герміёна Грэйнджэр, Молі Уізлі, Мінерва МакГонагал, Німфадора Тонкс і іншыя гераіні.
Колькасць жанчын у першым і другім складзе Ордэна Фенікса — арганізацыі, заснаванай для барацьбы з Лордам Волан-дэ-Мортам і Пажыральнікамі смерці, складае 25% і 30% адпаведна. Гэтая лічба атрымліваецца вельмі блізкай да колькасці жанчын ва ўкраінскай арміі: цяпер іх 22% ад агульнай колькасці вайскоўцаў.
«Прэзідэнт, які не ўцёк»
Адной з найбольш адметных рыс у знешнасці Гары з'яўляецца яго шнар на лбе, атрыманы пасля няўдалай спробы Цёмнага Лорда забіць маленькага хлопчыка. Заклён «Авада Кедаўра» разбурыў цела забойцы, адбіўшыся ад ілба Потэра і пакінуўшы шнар у выглядзе маланкі, які нагадвае перакуленую літару «Z».
Першы раздзел кнігі «Гары Потэр і Філасофскі камень» называецца «Хлопец, які выжыў». Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заслужыў сабе эпітэт, які ў грамадскай свядомасці амаль роўны яму — «Прэзідэнт, які не ўцёк». Аднак, як і змаганне з Волан-дэ-Мортам, вайна за незалежнасць і цэласнасць Украіны — гэта ўклад сотняў тысяч людзей.
«Для ўлады лепш за ўсё прыстасаваны тыя, хто ніколі да яе не імкнуўся» — Альбус Дамблдор