Што такое «даць гарбуза»: Ці ведаеце вы пра вясельныя традыцыі беларусаў?
У беларускай традыцыйнай культуры найлепшым часам для вяселляў лічылася восень. Важным этапам былі заручыны. Якія падарункі рыхтавалі на заручыны? Што значыла «даваць гарбуза» і што можа сёння падвысіць вашыя шанцы атрымаць згоду ад каханай, распавядае budzma.org.
Калі жаніцца
Ажаніцца трэба было паспець да Піліпаўскага перадкаляднага паста. У католікаў ён пачынаецца 15-га, а ў праваслаўных — 28 лістапада. Наступны спрыяльны перыяд, малая вясельніца, доўжыцца ад Калядаў да Масленіцы. Але зрабіць каханай прапанову можна ўжо цяпер!
Дашлюбныя звычаі
Уласна вяселлю ў беларускай традыцыі папярэднічала не абы-якая падрыхтоўка. Сярод дашлюбных звычаяў розных частак Беларусі:
сватанне,
агледзіны (агляд гаспадаркі сям’і жаніха альбо нявесты),
заручыны (запоіны, змовіны, угодзіны),
запросіны (гасцей на вяселле),
зборная субота (дзявочы вечар).
У сваты патэнцыйны жаніх выпраўляўся з бацькамі ці старэйшымі крэўнымі, гаваркімі знаёмымі. Мэта сватання — атрымаць згоду на шлюб і дамовіцца аб пасагу, умовах правядзення вяселля. У выпадку згоды сем’і мяняліся боханамі хлеба, ладзілася застолле. Адразу пасля ўдалага сватання маглі адбыцца заручыны, але часцей іх адкладалі на тыдзень — два.
Што значыць «даць гарбуза»
Са слоўніка фразеалагізмаў можна даведацца, што «даваць (даць) гарбуз (гарбуза)» — значыць адмовіць таму, хто сватаецца. Гэты выраз мае карані ў этнаграфічных рэаліях: выносячы гарбуз, дзяўчына паказвала сватам, што ім не радая.
Фразеалагізм жывы і сёння, і часам можа атрымліваць нечаканыя ўвасабленні. Да прыкладу, 5 снежня 2019 года, пратэстоўцы супраць інтэграцыі з Расіяй — беларускі ў нацыянальных строях — выкацілі гарбуз да расійскай амбасады ў Мінску.
Заручыны — радасць і абавязкі
Згода на шлюб магла канчаткова замацоўвацца на запоінах, якія называлі таксама малыя заручыны (гэты звычай зафіксаваны не па ўсёй Беларусі). У сваю чаргу, заручыны маглі звацца вялікія запоіны і адбывацца праз тыдзень пасля запоінаў.
Пасля запоінаў альбо заручынаў (іншыя назвы гэтага этапу падрыхтоўкі да вяселля — змовіны, угодзіны) дамова аб шлюбе лічылася канчатковай. Бацькі маглі забараніць дзяўчыне наведваць моладзевыя забавы. У некаторых мясцовасцях нявесце на заручынах распляталі касу, і так яна павінна была хадзіць да самага вяселля, што сведчыла аб яе асаблівым статусе. Ужо на заручынах пачыналі гучаць вясельныя песні. З таго моманту пару звалі жаніх і нявеста (альбо малады і маладая, князь і княгіня, заручоны і заручоная).
Кавалер, якому не пашанцавала стаць жаніхом, ужо з моманту заручынаў дзяўчыны, а не вяселля, страчваў надзею на шчасце. Нездарма ў лірычнай песні ёсць радкі:
Да ўчора была дзяўчына мая,
А цяпер яна заручоная.
Ці магчыма адмовіцца ад шлюбу пасля заручынаў
Дзяўчына магла адмовіцца ад шлюбу пасля заручынаў, але тады яе сям’я павінна была заплаціць за прывезеную сватамі гарэлку, а бок жаніха — вярнуць усе падарункі, атрыманыя ад нявесты, у тым ліку хлеб і жыта, якое насыпалі ў бутэльку з-пад гарэлкі на запоінах.
Калі адмаўляўся хлопец, то яго сям’я аплочвала ўсе выдаткі. Адмова ад вяселля пасля заручынаў лічылася вялікай ганьбай для абодвух бакоў, але для жаніха ўсё ж большай.
Вясельныя падарункі
Падарункам жаніха нявесце на заручынах часцей за ўсё былі прадметы адзення, якія яна потым надзявала на вяселле. Нявеста таксама рабіла падарункі жаніху і яго сям’і: часцей за ўсё прадметы тэкстылю — саматканае палатно, ручнікі, наміткі, хусткі. Мужчыны маглі адразу завязваць іх праз плячо, а на вяселлі такім чынам вылучаліся сваты.
Бывала, што ўжо на заручынах маладыя абменьваліся пярсцёнкамі.
А што ў нашы дні
Сёння заручыны ў Беларусі не маюць юрыдычнай сілы. Але
гэта зусім не значыць, што можна падыходзіць да падрыхтоўчага этапу стварэння
сям’і абы-як і спадзявацца на «авось». Каб дзяўчына пагадзілася на шлюб, лепш
падрыхтаваць стылёвы і канцэптуальны пярсцёнак.